А лепей у Лепель – па марожанае

AB@ Усё ў жыцці адносна. Вось і лета сёлета пачалося адносна позна, ніяк не магло раскачагарыцца, ніяк не магла нагрэцца зямля, хаця, здавалася, і не надта астыла за зіму. Затое калі ўжо нагрэлася, то жнівень ледзьве не задушыў у абдымках спякоты. У вёсцы прасцей – у цяньку схаваўся, у возеры акунуўся. Гараджанам жа кожнага разу да возера не дабяжыш – ратаваліся прахаладжальнымі напіткамі і марожаным.

Да ста тон марожанага штомесяц вырабляў улетку наш малочнакансервавы камбінат. Салодкую прахалоду з задавальненнем бралі ў сталіцы і абласным цэнтры. Чатыры-пяць тон лепельскага марожанага ўлетку нават паставілі ў Казахстан. Ну і, вядома ж, хапала яго ў Лепелі. Лепельскае марожанае вельмі любяць як госці нашага горада, так і самі лепяльчане. Па-першае, яно таннае, прынамсі, на фоне падобнай іншагародняй прадукцыі. І гэта немалаважна. А па-другое, смачнае. Памятаю яшчэ савецкія часы, калі марожанае мясцовай вытворчасці, выбачайце, было не лепшай якасці, а папросту кажучы, нясмачнае. Мы выбіралі тады іншагародні пламбір за дваццаць капеек і г.д. Часіны змяніліся. Зараз усё часцей чуеш, як у магазінах пытаюцца менавіта лепельскае марожанае. І гэта прыемна.

А як і хто вырабляе гэты халодны салодкі дэсерт? Завітаем на малочнакансервавы камбінат.

Цэх марожанага, можа, самы невялікі на прадпрыемстве. І працуе ён не так і шмат гадоў. Зараз узначальвае вытворчасць гэтага салодкага прадукту Таццяна Лазарэвіч. У яе падпарадкаванні – дваццаць адзін чалавек: сумесевары, аператары лініі вытворчасці марожанага, фасоўшчыкі і г.д. Працуюць у дзве змены. За той непрацяглы час, што цэх функцыянуе, перапрабавалі нямала гатункаў марожанага. Некаторыя “прыжыліся”, іншыя не карысталіся вялікім попытам і іх вытворчасць была спынена. Зараз на камбінаце вырабляюць шэсць гатункаў марожанага: “Пламбір”, “Сметанкова-класічнае”, “Сметанкова-шакаладнае”, “Крэм-бруле”, “Малочнае” і “Фруктовае”.

Працэс пачынаецца з прыгатавання кампанентаў. Сумесі рыхтуюць па спецыяльных рэцэптурных разліках. Тут шмат ручной працы – узважваюць, дакладна пралічваюць. Адзін замес салодкага прадукту важыць пяцьсот сорак кілаграмаў. На гэтай стадыі вытворчасці працуюць два чалавекі.

Начальнік цэха расказвае, што па першасці марожанае на камбінаце ўвогуле рабілася ўручную. (Ці не таму яно здавалася нам такім смачным. Ну проста непаўторны смак гэтага самага лепельскага “ражка”, які смакаваў гадоў пяць-сем таму, помніцца і зараз). Зрэшты, нічуць не горшы і цяперашні “ражок”, які дзяўчаты прапанавалі прадэгуставаць – і хрумсткі, і салодкі, як пячэнне. Чамусьці нават падалося, што з магазіна ён крыху не гэткі. Выказаў свой сумнеў тэхнолагу, тая толькі паціснула плячыма. Магчыма, ражок мякчэе і губляе свой першародны водар, паляжаўшы ў халадзільніку?

“Стаканчыкі” і “ражкі” вырабляюць на механізаванай лініі. Салодкую ж сумесь вараць дзве гадзіны, пасля чаго яе адпраўляюць на выспяванне ў спецыяльныя ёмістасці. Выспявае будучае марожанае ад васьмі да трыццаці шасці гадзін пры розных рэжымах у залежнасці ад гатунку і іншых параметраў. Далей помпы падаюць марожанае на фрызеры. Дэталёва высвятляў, што гэта такое. Служаць яны, каб сумесь узбіць і ўзбагаціць паветрам да пэўнага аб’ёму. Дык, магчыма, фрызеры – гэта такія вялікія міксеры? Не, марожаншчыцы не пагадзіліся, на міксеры яны не падобныя, зусім іншы механізм дзеяння. Аднак прызначэнне гэтых апаратаў у цэлым зразумелае. На гэтым участку занятыя шэсць работнікаў.

І нарэшце марожанае паступае на фасоўку. Гэты працэс можна пабачыць на фотаздымках. Гатовае марожанае, расфасаванае па “стаканчыках” і “ражках” жвава бяжыць па транспарцёры. Цяпер яго чакаюць маразільная камера і гандлёвыя кропкі.

У свой час, старэйшае пакаленне памятае, марожанае, асабліва добрай якасці, таксама было амаль дэфіцытам. Прынамсі, гэты салодкі прадукт немагчыма было набыць у вясковых крамах. Зараз – хоць аб’ешся. Розныя гатункі, расфасоўкі, прыгожыя ўпакоўкі. А што пад імі? Каб не прагадаць, выбірайце наша, лепельскае марожанае – не пашкадуеце.

Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>