Аграсядзіба Васіля Шкіндзера на Лепельшчыне

408Спяваць сваё — гэта здорава. Спяваць разам з сябрамі і аднадумцамі — здорава ўдвая. Фальклорны гурт “Варган” з Полацка, які наведаў аграсядзібу Васіля Шкіндзера ў аграгарадку Вялікі Поўсвіж, — гэта суполка людзей, неабыякавых да спрадвечнай культуры. Пасля выступлення дзяўчаткі чакалі смачнай гарбаты. Не мог не пакарыстацца момантам, папрасіў удзельніцу гурта Алену Ізергіну знайсці хвілінку для інтэрв’ю.
— Адкуль пайшла ваша назва?
— Варган — старажытны язычковы музыкальны інструмент. Змяненне артыкуляцыі рота і дыхання дазваляе мяняць тэмбр гучання.
— Што спявалі на фэсце?
— Зараз час уборкі ўраджаю, таму і спяваем жніўныя песні. Гэта фальклор летняга цыкла каляндарна-земляробчага перыяду. Звычайна яны выконваліся жнеямі, калі тыя працавалі на полі. Песні падзяляліся на зажынкавыя (пачатак жніва), уласна жніўныя, дажынкавыя (канец жніва). Найбольшай разнастайнасцю сярод іх вылучаюцца менавіта жніўныя.
— Раскажыце пра гурт.
— Ён існуе ўжо шосты год. Першы склад — студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта ПДУ. Потым да нас пачалі далучацца іншыя людзі, зацікаўленыя нашым аўтэнтычным мінулым. Сярод іх — студэнты іншых навучальных устаноў, школьнікі. Кіруе намі Вольга Емяльянчык. Рэпертуар даволі вялікі. У Беларусі існуе каляндарна-абрадавы фальклор. Спяваем “да пары”. Зімой — калядныя песні, вясной — веснавыя, улетку — жніўныя і купальскія.
— Якім чынам назапашваеце матэрыял?
— Ладзім этнаграфічныя экспедыцыі па розных кутках Беларусі. Гутарым з дзядулямі і бабулямі, запісваем успаміны, песні. Зараз якраз самая пара “палявога” сезона. Збіраем фальклор, расшыфроўваем. Зразумела, хуткі працэс урбанізацыі спыніць немагчыма, аднак і забываць карані нельга.
Тым часам удзельніцы “Варгана” і “Паўночнай Сухадроўкі” пусціліся ў скокі і зацягнулі ў танцавальнае кола шматлікіх гасцей.
— “Падыспань”, “Ойра”, — прафесійна каментуе Алена. — Наш гурт таксама ладзіць танцы. Кожныя выхадныя ў Полацкім дзяржаўным універсітэце праводзім майстар-класы па старажытных танцах, куды запрашаем усіх жадаючых.
— Дзе яшчэ прымаеце ўдзел?
— Не першы год плённа супрацоўнічаем з Музеем традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, удзельнічаем у фэстах, якія ён праводзіць. Ладзім традыцыйныя вечарыны. На адной з такіх прысутнічалі нашы сябры з Польшчы і Расіі. Бяром удзел у фестывалі сярэднявечнай культуры “Рубон”. Былі ў вас на свяце Цмока, зараз прыехалі на свята “Жнівень”. Далей у планах — выступленне на фолк-фэсце “Камяніца” каля Мінска. Галоўнае тое, што да нас прыходзяць людзі розных узростаў, якія з пашанай адносяцца да беларускай мовы і культуры. Значыць, старажытны ланцужок не перарвецца.
Гутарыў Яўген Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>