На рапсавым палетку

IMG_7024Звычайна камбайны першымі зжынаюць пасевы азімага рапсу, бо менавіта гэтая культура выспявае раней за іншыя. Аднак сёлета надвор’е ўнесла свае значныя карэктывы ў працу земляробаў. У першую чаргу — маласнежная зіма. На працягу ўсіх трох месяцаў велічыня снегавога покрыва рэдка падымалася да адзнакі дзесяць сантыметраў, часцей — да пяці.

Адзін тыдзень студзеня разам з гэтым адзначыўся траскучымі, за мінус 20 градусаў, маразамі. І калі зерневыя культуры — азімыя жыта, пшаніца, трыцікале — вытрымалі, то рапсу гэтага перападу хапіла — амаль увесь вымерз, давялося перасейваць. Толькі на землях ААТ “Ладасна” ацалелі 50 гектараў. З іх і пачалося жніво.
Поле размешчана за вёскай Кабак. Хаця пераважная большасць палеткаў у ААТ “Ладасна” пагорыстыя, поле ля Кабака ўсё ж роўнае. На ўскрайку яго стаяў камбайн.
— Дзень добры, прадстаўцеся.
— Яўген Рыбачонак. У нас сямейны экіпаж — я і мой сын Аляксандр. Ён сёння заняты на іншай працы, таму я тут адзін.
Аляксандр і Яўген Рыбачонкі і летась на гэтым жа КЗС-1218 жалі збажыну, былі ў ліку лепшых у гаспадарцы.
— Бачу, вы на полі толькі адзін, калі не ўлічваць трактар з прэс-падборшчыкам.
— Так, мы з сынам знялі камбайн з зімовага захоўвання яшчэ дзявятага чэрвеня, рамантавалі яго, вось і падрыхтавалі першымі.
— Шмат давялося пашчыраваць на рамонце?
— Камбайн адносна новы, пачынае толькі чацвёрты сезон. Летась мы яго па магчымасці, перад тым, як паставіць на зімовае захоўванне, вычысцілі, падрыхтавалі. Сёлета былі заменены масла ў рухавіку, гідрастатычнай трансмісіі, гідраўліцы, заліты свежы тасол. Акрамя гэтага, замянілі транспарцёры ў нахільнай камеры, элеватарах, некалькі рамянёў, падшыпнікаў ды некалькі пальцаў на шнэку. Заменены ўсе фільтры. Увогуле на запчасткі і расходныя матэрыялы на адзін наш камбайн затрачана каля трыццаці мільёнаў рублёў.
— Як тут працуецца?
— Мы пачалі абмалот гэтага поля яшчэ ў суботу, зжалі каля дзесяці гектараў. Не стае паліва.
— Як ацэньваеце ўраджай на гэтым полі?
— З дваццаці гектараў намалацілі шаснаццаць тон, атрымлівацца каля васьмі цэнтнераў з гектара. З аднаго боку, гэта тлумачыцца неспрыяльнай зімой. З другога боку, варта прызнаць і нашу частковую недапрацоўку, слабую хімпраполку. Зашмат пустазелля, якое, дарэчы, дужа накручваецца на матавіла жняяркі. Менавіта ачысткай зараз і займаюся. Дарэчы, у нядзелю мы з сынам амаль дзве гадзіны адчышчалі матавіла ад намотак.
— Як доўга яшчэ плануеце ўбіраць азімы рапс?
— Тры дні, калі, вядома, будзе бесперабойна паступаць паліва. Нават і хутчэй.
— Якія расцэнкі за вашу працу?
— Я звярнуўся ўчора ў бухгалтэрыю, каб палічылі наш з сынам суботні заробак. Атрымалася, што камбайнеру налічана каля 360 тысяч рублёў, памочніку — каля 280 тысяч. Гэта пры ўраджайнасці каля васьмі цэнтнераў з гектара. Пры вышэйшай, натуральна, заробак будзе большы. Збажына, дарэчы, сёлета ўрадзіла неблагая. Думаю, і папрацуем, і заробім.
Для забеспячэння добрых умоў працы ў ААТ “Ладасна” будзе наладжана дастаўка на палі гарачага харчавання. Паколькі сваёй сталоўкі няма, дамовіліся атрымліваць стравы ў ААТ “Чарэйшчына”.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Яўген Рыбачонак і аграном ААТ “Ладасна” Вольга Куга.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>