Ліст з Ізраіля

Не часта такое здараецца ў журналісцкай практыцы, каб на адрас газеты прыходзілі лісты з далёкага замежжа. Хаця нашых землякоў багата жыве на белым свеце. Розныя абставіны вымусілі іх пакінуць малую радзіму ў пошуку птушкі шчасця на чужыне. Нямала лепяльчан асталявалася ў Ізраіле. Падаліся на гістарычную радзіму.

“Лепельскі край” па зразумелых прычынах выпі­саць не могуць. Затое пагалоска аб інтэрнэтаўскім сайце нашага друкаванага выдання сягнула далёка за межы нашага рэігіё­на. Асабліва павялічылася колькасць наведваль­нікаў пасля ўстаноўкі перакладчыка з беларускай мовы на рускую, англійскую, нямецкую, італьянскую і іншыя. Пачаў пакрысе забываць пра меладычны напеў матчынай мовы — “клікні” па пэўнаму сімвалу і пераклад вокамгенна з’явіцца на экране манітора. Зручна і пазнавальна. Нібы ў родным краі пабываеш, на поў­ныя грудзі ўдыхнеш гаючы пах сасновых бароў, ні з чым не параўнальную  свежасць блакітных азёр… Наведваюць наш сайт грамадзяне Расіі, Украіны, Германіі, ЗША, Англіі, Ізраіля, Нарвегіі, дакладней —  з 14 замежных краін.

Па ўсёй верагоднасці, пабываў на рэдакцыйным сайце і наш зямляк з Ізраіля. Мусіць, агорала неадольная настальгія па светлых дзіцячых і юнацкіх сцяжынах, першым каханні. Самотная туга па аднакласніках і любімых настаўніках прыходзіць нязменна ў сталую пару. І нарадзіліся радкі шчырага і пранікнёнага, па сваёй сутнасці, ліста Уладзіміра Лейтмана…

“… Я — былы вучань Анатоля Сямёнавіча Ханяка і Алены Пятроўны Чэклін. Школу закончыў у 1954 годзе. Увесь гэты час памятаў, як і многія іншыя выпускнікі, аб гэтых выдатных Настаўніках, якія далі пуцёўку ў вялікае жыццё, выхавалі ў нас актыўную грамадзянскую пазіцыю сваім прыкладам прыстойнасці,мужнасці, крыштальнай маральнасці, энцыклапедычнымі ведамі. Асабіста для мяне гэтыя педагогі былі і застаюцца зыркім жыццядайным маяком, прамень якога асвятляе дарогу, не заўсёды бездакорна роўную шашу…

Час няўмольна адлічвае свае вехі. На жаль, даволі рэдка сустракаліся мне на маім шляху людзі з якасцямі маіх любімых Настаўнікаў, і тым даражэй і бліжэй яны мне, тым большую адказнасць адчуваю ў сваіх паўсядзённых учынках, ладзе жыцця…”

І яшчэ адну істотную дэталь дадае аўтар допісу. Ён лічыць сябе  да канца дзён абавязаным Анатолю Сямёнавічу  за мужнасць і гераізм  ў пару суровых ваенных выпрабаванняў. Дзякуючы яму і яго паплечнікам па барацьбе з лютым ворагам, мы маем тое, што маем: вольнае жыццё, права будаваць свой лёс, працу паводле адукацыі і здольнасцей, мірнае неба над галавой…

І завяршаецца шчымлівы ліст такімі радкамі: “Дзякуй і нізкі паклон, Настаўнікі! І павіншуйце, калі ласка, шаноўныя журналісты, Анатоля Сямёнавіча і Алену Пятроўну з Днём Перамогі…”

Такі вось ліст. Вучнёўская ўдзячнасць не ведае межаў. Дзе б ты не апынуўся па знакавай волі лёсу, самыя патаемныя струны памяці неяк без лішніх намаганняў, спантанна пачынаюць мілагучна гучаць на ўвесь голас. Не маеш сіл стрымаць эмоцый, словы сыноўняй ўдзячнасці няспынна струменяць з самых патаемных глыбінь душы. Так было, так ёсць, так будзе. Без сумніву. На тым свет белы трымаецца. Па сабе ведаю…

Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>