Неацэнныя багацці пад нагамі лепяльчан, а мы часам і не задумваемся пра іх

peat moss Неацэнныя багацці ў нас пад нагамі. Што маю на ўвазе? Вядома ж, карысныя выкапнi. Аднак хвалюе іншае: гэтыя запасы не бязмежныя, яны вычарпальныя.

Дарэчы, нашы продкi са старажытных часоў шукалі радовiшчы карысных выкапняў. Як жа сфармі­раваліся апошнія? Велiзарны ўплыў на iх утварэнне аказалi кантынентальныя абледзяненнi (iх было  не  менш  за пяць), калi cа Скандынаўскiх гор i iншых паўночных рэгiёнаў ледавiкi прынеслі жвiр, пясок, глiну, валуны. У нашым краі разведана каля дзесяці заляганняў пясчана-жвiровага матэрыялу з агульнымi запасамi 60 мільёнаў кубіч­ных метраў. Размешчаны  яны  пераважна  ва  ўсходняй частцы раёна — Бароўскае, Таронкавiцкае, Ляхавiцкае, Луконецкае. У  мiзэрнай  колькасцi, недастатковай для прамысловай здабычы, ёсць у  нашых пясках прымесi каляровых металаў, золата, нават алмазаў. Праўда, колькасць іх настолькі малая, што нават думаць аб арганізацыі здабычы не варта.

Жвiр (гравiй) (1 — 10 мм) здабываецца адкрытым  спосабам, выкарыстоўваецца ў дарожным  будаўнiцтве ў якасці напаўняльнiка бетону, фiльтра  вадкасцяў i iнш. Больш буйныя рэшткі горных парод, абкатаныя  i  адшлiфаваныя ў вадзе, называем галькай (дыяметр — 1 — 10 см). На  Пышнагорскiм, Лукомскiм  узвышшах  шмат  валуноў  памерамi  больш  за  10 см  i  глыбаў (звыш 1 м).

Сярод  асадкавых  парод  вылучаецца  глiна. Больш  чым напалову складаецца яна з часцiнак глiнiстых  матэрыялаў памерам ад адной сотай да адной  тысячнай мiлiметра. Лепельскае i Раўнянскае  радовiшчы (з прымессю пяску) з’яўляюцца  выдатнай  сыравiнай  для  вырабу цэглы, чарапiцы, дрэнажных труб  i  iнш. Па ўспамiнах лепельскага  краязнаўцы I.Д. Гарбачэўскага, у канцы ХIХ ст. у Лепельскiм павеце iснавала да дзесяці цагельных  заводаў. Асаблiвай папулярнасцю карысталіся сярод лепяльчан  гаршкi  i  бытавы  посуд. На  глыбiнi  ад  40  да  100 м, нiжэй  асадкавых  парод,  знаходзяцца вапнякi (добры будаўнiчы матэрыял) i  даламiты (з кальцыю i магнiю), якiя могуць быць  выкарыстаны для вапнавання кiслых глебаў.

На памяці нашых старажылаў і цагельны завод непадалёк ад горада. У савецкі час тут таксама рабілі чырвоную цэглу. Часам — неблагую. Аднак потым з развалам Савецкага Саюза прадпрыемства прадалі прыватніку і вытворчасць будматэрыялу спынілі.

Тарфяныя  радовiшчы — каля  200 — маюць  агульныя  запасы  звыш  90 млн тон. Буйнейшыя  з  iх — Домжарыцкае, Пастрэжскае, Берашчанскае, Верхавiннае  i  iншыя. Прымяненне  тарфянога  брыкету  ў  якасцi  палiва  складае  важкую  канкурэнцыю  выкарыстанню  нафты  i  газу. Звыш  10  працэнтаў тэрыторыi Лепельшчыны займаюць балоты, у  якiх  адбываецца  працэс  торфаўтварэння. З  iмi звязаны i жалезiстыя адкладанні — бурыя балотныя жалезнякi, з  якiх  раней  (да  сярэдзiны  ХIХ ст.)  здабывалi  ў  нас  жалеза. Мяркуецца, што  назвы некаторых населеных пунктаў звязаны  з  гэтым працэсам (напрыклад, вёска Рудня).

На  дне  некаторых  сучасных  азёр  маюцца  цёмнакаляровыя гразепадобныя масы — сапрапелi. У іх звыш 15 працэнтаў арганiчнага рэчыва. Зной­дзены яны амаль у палове лепельскiх азёр. Сярэдняя магутнасць залежаў дасягае трох — пяці метраў. Гэтыя донныя адкладанні можна выкарыстоў­ваць  як   арганiчнае  ўгнаенне, а таксама ў  медыцыне, хiмiчнай прамысловасцi. Буйнейшыя  радовiшчы  сапрапелю — Тэклiцкае, Берашчанскае, Лепельскае, Бобрыцкае.

У краінах з засушлівым, спякотным кліматам на вагу золата цэніцца прэсная пітная вада. На Лепельшчыне сапраўдны “кландайк” яе запасаў. Мiнералiзацыя — менш за адну прамiле (1 г на  1000 г вады). Вада шырока выкарыстоўваецца ў  прамысловасцi, сельскай  гаспадарцы, на бытавыя  патрэбы. У  Бароўцы знойдзены мiнеральныя  крынiцы.

Рэзка  павялiчыўся  ўзровень спажывання  ў  свеце мiнеральнай сыравiны  i  вады. Кожныя 10 гадоў —  у  два  разы, што  вядзе  да  хуткага  вычэрпвання  радовiшчаў. Адсюль вынiкае неабходнасць рацыянальнага i эканомнага выкарыстання  лепяльчанамi прыродных рэсурсаў. I зусiм не выпадкова яшчэ  26  снежня  2011 года  была  прынята  пастанова Лепельскага райсавета дэпутатаў №114, у якой зацверджаны лiмiты здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў i падземных  водаў  па  нашым  раёне на наступны перыяд.

Будзем ашчаднымі пры выкарыстанні нашых прыродных багаццяў!

  Iлья  ЯНУШ,

краязнавец.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>