Дружба без межаў

Наш горад наведала дэлегацыя з Банкя, балгарскага горада-пабраціма. У яе ўваходзілі прадстаўнікі адміністрацыі Рангел Маркаў, Іанакій Іанакіеў, Пламен Сямёнаў і Сільвія Бонева. Праграма знаходжання гасцей была вельмі насычанай. За некалькі дзён наведалі Бярэзінскі запаведнік, гарналыжны курорт Сілічы, пабачылі Бярэзіну ў самым маляўнічым яе месцы – там, дзе яна працякае …

па запаведных тэрыторыях, пазнаёміліся з прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам Лепельшчыны – агледзелі робатызаваную ферму ў Заазер’і, зрабілі экскурсіі на малочнакансервавы камбінат, электрамеханічны завод і іншыя прадпрыемствы.

У адзін з дзён госці пага­дзіліся даць інтэрв’ю для газеты.

— Наколькі ведаю, гэта не першы прыезд дэлегацыі ў Лепель. Коратка раскажыце пра ранейшыя наведванні і пра мэту цяперашняга.

— Цесным кантактам паміж Лепелем і Банкя ўжо каля чатырох гадоў, — расказвае Рангел Маркаў, — першы наш прыезд адбыўся ў 2008 годзе. Незабыўным стаў 2009 год, юбілейны для вас і для нас. Вы святкавалі 570-годдзе Лепеля, а мы – 40-годдзе Банкя. Так, наш горад – малады, у яго яшчэ шмат наперадзе. У гэтыя дні мы падпішам узаемнае пагадненне аб далейшым супрацоўніцтве. У рамках яго хочам рэалізаваць ініцыятыву – назваць адну з новых вуліц Лепеля вуліцай Банкя, а ў нас з’явіцца вуліца Лепельская.

— Якія аб’екты нашага раёна вам спадабаліся найбольш?

— Найперш гэта, вядома, запаведнік, яго багатая прырода. Незабыўнае ўражанне пакінула пасля сябе рака Бярэзіна, канал. Запаведнік – ваша вялікае нацыянальнае багацце.

— А ў наваколлі Банкя ёсць запаведныя тэрыторыі?

— Запаведнікаў няма. Аднак сама прырода прыгожая, некранутая, амаль запаведная. Банкя – адзін з прыгарадаў Сафіі, сталіцы Балгарыі, размешчаны сярод маляўнічых гор. Наш горад – курорт нацыянальнай значнасці. Справа найперш у нашым жыватворным паветры. Да нас з паветранымі масамі круглы год, пастаянна прыходзіць свежае паветра з мораў ля ўзбярэжжа Грэцыі. Дзякуючы гэтаму, утрыманне кіслароду на дзесяць працэнтаў большае, чым у іншых гарадах краіны, што спрыяльна ўздзейнічае на працу сэрца.

Другі вялікі плюс – мінеральныя воды. У горадзе і яго наваколлі размешчаны шматлікія бальнеалагічныя санаторыі, дамы адпачынку, дзе лекавую мінеральную ваду можна не толькі піць, а і нават купацца ў ёй. Вада спрыльна ўздзейнічае на косна-мышачную сістэму.

Банкя – курортнае месца, таму мы не заахвочваем стварэнне прамысловых прадпрыемстваў. Уся прамысловасць – завод па разліве мінеральнай вады. Асноўны даход даюць прадпрыемствы турыстычнай сферы: гасцініцы, санаторыі, кафэ, рэстараны, дамы адпачынку. У нас у гэтай сферы накоплены багаты вопыт.

— Наколькі ведаю, Балгарыя – горная краіна з развітым гарналыжным спортам і турызмам. Параўнайце, калі ласка, Сілічы і балгарскія гарналыжныя курорты.

— Сілічы – выдатны гарналыжны комплекс еўрапейскага ўзроўню, — уключыўся ў размову Пламен Сямёнаў. — Самы галоўны яго плюс, на маю думку — блізкасць да Мінска. Любы сталічны жыхар, як і лепяльчанін, без асаблівых цяжкасцяў можа прыехаць у Сілічы і пакатацца на лыжах. У Балгарыі ёсць горад Банска – наша гарналыжная сталіца, размешчаны на вышыні каля трох тысяч метраў над узроўнем мора. Аднак адна нязручнасць – ён знаходзіцца за сто кіламетраў ад Сафіі. У нас жартуюць, што ў Балгарыі можна адпачываць амаль круглы год: летам – на моры, восенню – на мінеральных водах, зімой – у гарах, а вясной – можна з’ездзіць у Грэцыю. Аднак, сур’ёзна кажучы, у Банкя можна адпачываць і папраўляць здароўе круглы год.

— Аднак вернемся на грэшную зямлю, колькі для радавога беларускага турыста будзе каштаваць паездка і адпачынак у Банкя?

— Балгарская віза каштуе 60 еўра, бо Балгарыя ўваходзіць у Еўрасаюз, — пачынае падлік Рангел. — Білет на самалёт – 225 еўра ў адзін бок. Але пры гэтым зазначу, што кошты ў Балгарыі вельмі нізкія. Калі браць Грэцыю, Італію, Іспанію – традыцыйныя краіны адпачынку ў Еўропе – то кошты ў іх можна смела дзяліць надвое, атрымаюцца цэны балгарскія. Акрамя гэтага, беларускім турыстам у Балгарыі і балгарскім у Беларусі ніяк не будзе замінаць моўны бар’ер. Мовы нашы, культуры, менталітэт у большасці сваёй падобныя.

— У вас багаты вопыт у турыстычнай сферы, у нас жа яна толькі пачынае развівацца. Ці ёсць праекты па абмену вопытам, вучобе спецыялістаў?

— Так. У 2009 годзе дырэктар Гасціннага двара Людміла Сядун некалькі тыдняў жыла ў Балгарыі, знаёмілася з тонкасцямі гатэльнага бізнэсу. Найперш менеджмент, праца з кліентамі, персаналам, рэклама. Летась на Лепельшчыне гасцяваў дырэктар аднаго з балгарскіх санаторыяў Георгій Георгіеў. Ён тут дзяліўся вопытам, расказваў пра сваю спецыфіку, падказваў метады і прыёмы ў працы з кліентамі.

— Ці ёсць у Банкя рэгіянальная газета?

— Ёсць. Называецца “Банкя днесь” – “Банкя сёння”. Наклад яе каля 500 паасобнікаў. Насельніцтва горада – каля дзесяці тысяч чалавек. Выходзіць друкаванае выданне два разы на месяц.

— Вялікі дзякуй за размову.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Пламен Сямёнаў, Віталь Дзмітрыеў, Сільвія Бонева, Мікалай Нікіцін, Рангел Маркаў, Іанакій Іанакіеў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>