Дэльтаплан над горадам

Віктар Міхно з Забаення трымае 15 пчалі­ных сямей, дзве траваядныя в’етнамскія свінаматкі і 15 малых парасят, 14 курэй ды яшчэ працуе машыністам каналізацыйнапомпавай станцыі.

— Клопатна?

— Хлусіць не буду. Цяжка гаспадарку даглядаць. Толькі апальванне трох грубак у мароз колькі часу забі­рае. А маіх “в’етнамак” накарміць, корм ім прыгатаваць?

То зерневы, то травяны млын уключаю. Хто займаўся развядзеннем пчол, той зразумее, што такое даглядаць 15 сямей. Словам, кручуся, быццам вавёрка ў коле.

— Маладзіцу якую знайшоў бы, каб дапамагала…

— Рад бы, але не трапляецца такая. У вясковак свае гаспадаркі, я да іх не хачу жыць пераходзіць, а гараджанкі “мяняць” кватэру на гурт жывёлы баяцца.

— Бачу, ты чалавек працавіты. Але ж не хлебам адзіным…

— Разумею, куды хіліш. Але і ты павінен разумець, што за такой гаспадаркай вольнага часу быць не можа. Заўсёды ёсць праца — не тое, дык іншае. Але было ў мяне захапленне вялікае, рамантычнае…

Сапраўды, такіх апантаных любімай справай людзей, як Віктар Міхно, называюць фанатамі. Наш забаенскі гаспадар —дэльтапланерыст. Але не з тых мотадэльтапланерыстаў, якія раз на некалькі гадоў праводзяць на Аэрадроме ў Лепелі палёты на мотадэльтапланах. Дэльтапланы не маюць матора і лятаюць у паветры за лік канструктарскіх асаблівасцяў — лятальных апаратаў.

Яшчэ ў сямідзесятыя гады інжынер лінейна-мантажнага ўчастка раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” Віктар Міхно марыў лятаць над Лепелем на дэльтаплане. Канструяваў яго. Сябры і знаёмыя смяяліся з нерэальнай мары, лічылі, што ў Віктара нічога не атрымаецца — як гэта можна саматугам зрабіць дэльтаплан і ўзвіцца ў неба. А ён не звяртаў увагу на кпіны і працягваў сваю справу.  Выйшаў на падобных сабе фанатаў з іншых гарадоў. Чарцяжы даслаў вядомы ў Беларусі дэльтапланерыст. Валера Лукомскі з Віцебска зрабіў тросікі на расцяжкі і дзюралевыя трубы-стойкі са спартыўных шасткоў для скачкоў увышыню. Аляксандры Акімаў і Шаблоўскі з акадэміі навук Беларусі раскроілі спецыяльную тканіну. З яе брэстаўчанін Толік Іваноў пашыў корпус. І 18 беларусаў са скручанымі дэльтапланамі селі ў цягнік, які кіраваўся на Каўказ. І паляцелі!

— Пачуццё неперадавальнае, — летуценна ўздыхае Віктар. — Нясешся ў небе, падхоплены паветраным патокам, і не верыш, што гарысты Каўказ пад табою. А галаву не пакідае думка — толькі дзеля гэтага моманту варта было жыць.

Налятаўся ўдосталь. Але ж хацелася і дома паказаць сябе ў небе. З аднавяскоўцам Віктарам Жарнасекам зайшлі на Быкову гару за Забаеннем, Віктар Міхно разагнаўся і ўзляцеў у неба. Паветраны паток рэзка крутнуў апарат, ён перакуліўся і пілот вымушана прызямліўся, добра пакамячыўшы рэбры.

Доўга балелі рэбры Віктару. Таму і ўгаварыла яго жонка, з якой яшчэ жыў разам, прадаць дэльтаплан за 300 рублёў, хоць пайшло на яго значна болей грошай.

Аднак канструктарскія здольнасці Віктара Міхно на тым не заглухлі. Сканструяваў ён аэрасані. Неяк знаёмы Толік Мазго папрасіў канструкцыю паганяць ліс на полі. Не заўважыў заснежаную канаву і ўскочыў у яе. Зламаў вінт прапелера, ледзь сябе ім не парэзаўшы. У кацельні “Сельгастэхнікі” Віктар ліквідаваў паломку. Паддаўся на ўгаворы знаёмага Анатоля Нядбайлы даць яму першаму выпрабаваць адноўленую тэхніку. Зароў магутны матор, аэрасані рвануліся наперад. А насустрач рухаўся КамАЗ Франца Ундры. Анатоль безвынікова намагаўся павярнуць рулявую пярэднюю лыжу, аднак заднія не змаглі выбрацца з глыбокай каляіны. Як толькі Анатоль скеміў вываліцца на бок з саней! Самі ж яны падляцелі пад КамАЗ і ператварыліся ў груду металалому.

— Што ж, Віктар, поспехаў табе ў гаспадарчай, сямейнай і вынаходніцкай дзейнасці!

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>