Адухоўленая хімія

Ці можна патрымаць у руках, скажам, вадарод? Магчыма, калі змясціць яго ў якую ёмістасць. А калі без ёмістасці? Валянціна Васільеўна на ўроку рукамі паказвае, як далучаецца да вадароду хлор, і атрымліваецца так пераканаўча, нібыта ўвачавідкі бачыш гэты працэс. Вось ужо сапраўды, не важна, што, а важна, хто робіць справу. Яе “прадукт” невытворны — урок.

Але ў яе ўрок адухоўлены. Адухоўленая хімія Валянціны Вялюгі не проста прымушае вучняў думаць, але зацягвае іх у працэс, як магнітам прыцягвае да прадмета.

Прымушае — крыху не тое слова. Любімая прыказка Валянціны Васільеўны: “Можна завесці каня ў ваду, але прымусіць яго піць немагчыма”. Іншымі словамі, урок хіміі ў школьным раскладзе і ў душы — зусім розныя рэчы.Усё сваё працоўнае жыццё імкнецца максімальна наблізіць гэтыя паняцці. Як гэта ёй удаецца — сведчыць прысвоенае ёй яшчэ ў дзевяностыя гады званне Заслужанага настаўніка Беларусі і ордэн Францыска Скарыны, якім яна ўзнагароджана не так даўно.

Аднак, не ўзнагароды і не званні яна лічыць галоўным крытэрыем у педагогіцы. Годнасць сваю настаўнік, як бы ён ні быў уганараваны, павінен пацвярджаць кожны дзень і на кожным уроку. Бо новы ўрок — ён як чысты ліст паперы. Што намалюеш — тое і выйдзе.

Я зноў на хіміі ў Валянціны Вялюгі. Памятаю, як  ўпершыню прыйшоў да яе на ўрок гадоў дзесяць таму. Шчыра здзівіўся. Настаў­ніца распавядала матэрыял — нібы казку казала. Такую форму падачы можна было ўявіць на ўроку славеснасці, але хімія… Вучні, па-мойму, забыліся, што на ўроку, бо не адчуваюць сябе скавана і прыгнечана, а ловяць словы настаўніцы і тут жа іх “пераварваюць” — асэнсоўваюць, адразу ж каментуюць. Яны  ў творчым працэсе. Так было і дзесяць гадоў таму, так і зараз.

На пытанне, як можна адухоўлена выкладаць хімію, Валянціна Васільеўна адно ўсміхнецца:

— Дык хімія ж — гэта і ёсць мы. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме — суцэльная хімія. Тое, што круціцца-верціцца вакол нас, таксама немагчыма ўявіць без хіміі.

Яна не імкнецца “вынаходзіць веласіпед”, сціпла кажа: “Я проста вяду ўрокі, як лічу патрэбным, як умею, не імкнуся ні да якіх модных зараз навацый і эксперыментаў”. Насамрэч гэта і так і не так, бо ўсе навацыі найперш закладзены ў ёй самой, у яе несумненным педагагічным таленце. А эксперыментуе яна па ходу ўрока, па меры неабходнасці. Эксперымент у яе заўсёды спалучаецца з экспромтам.

Прывяла дзясяткі вучняў да перамогі на школьных алімпіядах,  вывела цэлую плеяду выпускнікоў у студэнты. Уражлівы вынік, зайздроснае працалюбства!

А хімію абрала выпадкова. Смяецца, каментуючы свой “неасэнсаваны” выбар у юнацтве:

— У школе ўсё падабалася: добра пісала сачыненні, матэматыку ведала. Спыніла свой выбар на хіміка-біяла­гічным факультэце Віцебскага педінстытута. Было цікавае, вясёлае студэнцкае юнацтва. Крыху папрацавала на роднай Полаччыне, а потым з сям’ёю пераехалі ў Лепель.

Яе сям’я — яе шчасце. Шчасце — жыць у згодзе і адчуваць, што цябе разумеюць. Муж Уладзімір па прафесіі энергетык, але ніхто іншы, як ён, не разумее яе школьных спраў. Любімых пельменяў разам пакуль налепяць, усё абмяркуюць, усё пераўспамінаюць. Зляцелі з роднага гняздзечка дзеці. Дачка ўрачом працуе, сын на металурга вучыцца. З гнязда вылецелі, а ўсё роўна хочацца ім дапамагчы, ведаючы, як самой было цяжка станавіцца на ногі. Таму і працуе Валянціна Васільеўна на пенсіі, балазе без працы: без школы, без вучняў, якіх так любіць, не ўяўляе сябе. Паказвае фатаграфію, дзе побач з вучнямі, якіх упершыню рыхтавала да алімпіяды. Успамінае, што былі яны не проста вучнямі, а сапраўднымі сябрамі, дзяліліся сакрэтамі, раіліся па любой нагодзе. Так, яна па-свойму любіць кожнага са сваіх вучняў, якіх за трыццаць пяць гадоў настаўніцкага стажу і не злічыць. Проста любіць трэба так, каб іншы раз пра тое і не здагадваліся.

Віктар ЛЯШЧЫНА.

На здымку: на ўроку хіміі ў настаўніцы СШ №1 Валянціны Вялюгі.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>