Таргі на востраве

Як вядома з гістарычных летапісаў, нашымі продкамі ў 1563 годзе на востраве возера Лепельскае было закладзена “месца”, якое паступова перарасло ў мястэчка Стары Лепель. У паніжанай, сярэдняй частцы вострава, больш прыдатнай для перавалкі грузаў, быў абсталяваны азёрны порт і праводзіўся базар, ішоў гандаль мясцовымі і прывезенымі водным шляхам з іншых краёў разнастайнымі таварамі.

Пазней для зручнасці жыхары ўсходняй прыбярэжнай вёскі Шунты па мелкаводнай частцы возера Лепельскае напрамкі пралажылі пешаходную кладку да вост­рава, каб не рабіць некалькі лішніх акружных вёрстаў для пераходу і хутчэй трапіць на местачковы базар у Старым Лепелі.

Востраў да канца XVI стагоддзя быў густа заселены. Свабодныя ад дамоў участкі зямлі тут на працягу стагоддзяў выкарыстоўваліся для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, пастаянна апрацоўваліся. У месцах, дзе працяглы час жылі нашы продкі, знойдзены старажытныя манеты, якія пры шматлікім пераворванні сахой, плугам зямлі, то ўзнімаліся на паверх­ню, то апускаліся ў зямныя нетры, але не пакідалі верхняга слою глебы, не засыпаліся прынесеным вятрамі пылам. Вось чаму амаль праз чатыры стагоддзі (яшчэ ў сярэдзіне 1990-ых гадоў) мясцовым аматарам даўніны ўдавалася на паверхні вострава без асаблівых цяжкасцей адшукваць сярэбраныя манеты Вялікага княства Літоўскага XVI-XVII стагоддзяў і перадаваць на пастаяннае захоў­ванне ў краязнаўчы музей.

У XVI стагоддзі ў нашым краі ў гандлі пераважна выкарыс­тоўваліся сярэбраныя і білонныя (сплаў металаў) грашовыя адзінкі. Грош уяўляў сабою сярэбраную манету масай 2,5 грамы. Літоўскі грош быў роўны 10 пенязям. Мела хаджэнне і сярэбраная манета – паўпенязь. Рубель быў роўны 100 грошам (літоўскім, польскім, чэшскім), а з 1534 года – 100 капейкам. Сярэбраныя манеты – дваяк, траяк, шастак – былі вартасцю адпаведна 2, 3 і 6 грошаў. Выкарыстоўваліся таксама дынарыі (маса 0,3 грамы), талеры (маса 26-29 грамаў) і іншыя. Вінаватых за падробку манет у той час чакаў суровы прысуд – смяротнае пакаранне.

У другой палавіне XVI стагоддзя конь або вол каштавалі дзве капы грошаў (капа – адзінка лічэння, роўная 60), карова – 100 грошаў, за свінню плацілі 20 грошаў, авечку – 15 грошаў. Рознымі былі тады цэны на прадукты харчавання. Капу жыта або пшаніцы можна было купіць за 20 грошаў, грэчкі – 8, ільну – 24 грошы. Бочка віленская (крыху больш 406 літраў) морквы або буракоў каштавала 6 грошаў, агуркоў салёных, цыбулі – 20 грошаў.

Параўнальна дорага цаніліся жалезныя вырабы: сякеру і касу можна было набыць за 6 грошаў, серп – 2 грошы. Надзвычай таннай была праца рамеснікаў. Майстрам за сані, напрыклад, плацілі 2 грошы, за панарад (павозку) – 6 грошаў, за дугу – 2 пенязі (пенязь – дзесятая частка гроша).

Ілья ЯНУШ,

краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>