“Жаніцьба Цярэшкі” ў Аношках

Галоўная гераіня знакамітай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава “Альпійская балада”, якая экранізавана ў аднайменным мастацкім фільме, як вядома, сваё пісьмо з Італіі ў нашу краіну адрасавала наступным чынам: “ …у вёску Цярэшкі, што размешчана паблізу двух блакітных азёр”.

Вельмі верагодна, што ў гэтым сусветна вядомым творы мастацкай літаратуры ўпамінаецца менавіта вёска Цярэшкі нашага раёна, паколькі непадалёк ад яе сапраўды маюцца два такіх возеры – Аношкаўскае і Безадэннае.

Гэтая нечаканая думка ўзнікла ў мяне тады, калі я ў вёсцы Аношкі стаў удзельнікам непаўторнага відовішча – выканання аднаго з калядных маладзёжных народных абрадаў – “Жаніцьба Цярэшкі”, які занесены ў спіс нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі.

Вясёлая і цікавая святочная гульня адбывалася ў прасторнай і добра абуладкаванай хаце часовага пражывання, якую пабудаваў у населеным пункце паблізу ўзбярэжжа возера настаўнік Слабадской сярэдняй школы Валерый Тухта. Арганізатарам выступіла інстуктар-метадыст па турызму фізкультурна-аздараўленчага цэнтра пры аддзеле фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Вольга Маханенка. З вялікай ахвотай выказалі сваю згоду на ўдзел у народным абрадзе мясцовыя жыхары, а таксама моладзь з іншых населеных пунктаў раёна.

…“Жаніцьба Цярэшкі” пачалася з вясёлай гамонкі паміж удзельнікамі. Незнаёмыя раней хлопцы і дзяўчаты хутка перазнаёміліся, знайшлі паміж сабой агульную мову. А тыя, якія ўжо добра ведалі адзін другога, тым больш, знайшлі, аб чым пагаварыць, абмяняцца меркаваннямі, добразычлівымі гумарыстычнымі кпінамі або вясёлымі, займальнымі гісторыямі, што адбыліся з імі або іхнімі сябрамі. Наогул, для гэтага народнага абраду ніколі не было характэрнае тое, што ў значнай ступені тычылася ранейшых “танцаў” або цяперашніх “дыскатэк”, аб чым вельмі яскрава спявалася, напрыклад, у раней вельмі вядомай эстраднай песні: “Стоят девчонки,стоят в сторонке – платочки в руках теребят…”

На “Жаніцьбе Цярэшкі” ўсе маладыя людзі адразу аказваюцца ў самым віры, цэнтры падзей, бо народны абрад, які шліфаваўся, адточваўся на працягу стагоддзяў, па ўсяму свайму цікаваму, змястоўнаму сцэнарыю прадугледжвае дынамізм, весялосць і аптымістычны, радасны настрой для кожнага з яго ўдзельнікаў. Галоўнае, каб у самым пачатку гэтай займальнай, але адначасова і вельмі дасціпнай, мудрай народнай гульні кожнаму знайшлася свая “палавінка”, а тады ўсё пойдзе, як “па-маслу”, нават шпарка “паедзе на вараных” па добра накатанай дарожцы, у канцы якой з вялікай доляй верагоднасці можа на самой справе здарыцца, што хлопец знойдзе сваю каханую, а дзяўчына – свайго выбранніка. Як-ніяк, а абрад не выпадкова называецца “жаніцьбай…”

Пакуль жа прасторную вясковую хату толькі абуджалі бадзёрыя пералівы гармоні­ка — дэманстраваў сваё высокае выканаўчае майстэрства “першы хлопец на вёсцы” Юрый Дакшанін, а моладзь тым часам дарэмна час не губляла, весела танцавала польку.

* * *

… Нарэшце, хтосьці з прысутных выгукнуў: “А ці не “пажаніць” нам “Цярэшку”?” Усе дружна згадзіліся з прапановай, якая паступіла, выбралі “маці” — Валянціну Крыцкую з Аношак і “бацьку” – Аляксея Часнакова з Двор Парэчча. “Маці” павяла ўсю гульню, а “бацька” яе падтрымліваў ва ўсім, што яна рабіла. Усе маладыя людзі размясціліся на лаўках каля сцен хаты, а “маці” і “бацька” пайшлі па кругу выбіраць першую пару – спачатку хлопца, а потым дзяўчыну. Шпарка ідучы, “маці” спявала:

Божа мой, галоўка баліць,

Як жа мне дзетак пажаніць,

Якую мне раду даці,

Які мне парадак узяці?!

Сяргейка – сынулечка,

Танечка — дачушачка,

Ай, роўная парачка,

Нам гарэлкі чарачка!

Пасля “бацькі” вывелі ў круг выбраную пару і пачалі “скручваць” іх “Лявоніхай”: “маці” кінулася ў скокі з хлопцам, “бацька” – з дзяўчынай, потым, наадварот, асобна “маладыя” і “маці” з “бацькам”. Пры гэтым яны прыпявалі пад гармонік:

Ай, Лявон Лявоніху палюбіў,

Лявонісе чаравічкі купіў,

Лявоніха была ласкавая,

Чаравічкамі паляскавала!

Пару, што “пажанілі”, пасадзілі на лаўку побач і пачалі выбіраць наступных “маладых”. “Маці” зноў заспявала:

Ай, будзем мы піва варыць,

Будзем мы сыноў жаніць,

Будзем мы гарэлачку гнаць,

Будзем мы дачок аддаваць.

Валодзька – сынулечка,

Валечка – дачушачка,

Ай, роўная парачка,

Нам гарэлкі чарачка!

Так жа “скруцілі” чарговых хлопца і дзяўчыну “Лявоніхай”, толькі ўжо пад іншыя словы гэтай вясёлай песні. Напрыклад:

А мой мілы дзевярусенька,

Вядзі мяне памалюсеньку,

Не вядзі мяне

па пожаньцы,

Вядзі мяне па дарожаньцы!

Такім шляхам пад гучныя апладысменты і воклічы задавальнення гледачоў – вяскоўцаў і гасцей свята — “пажанілі” усе пары, якія пасля гэтага кінуліся ў скокі пад “Лявоніху” разам: “маці” і “бацька” ў крузе, астатнія – вакол іх. Потым “маці” і “бацька” перайшлі на “мосцік”, а ўсе пары “маладых” сталі за імі. Разгарнулася яшчэ адно народнае гумарыстычнае спаборніцтва: нібыта “бабка” гоніцца за сваім “дзедам”. Пачалі “бацька” і “маці”, якія стаялі першыя. “Бацька” пабег, абмінаючы “мосцік” (або “ручаёк”), затым  вярнуўся на сваё месца і шпарка прайшоў, прыгнуўшыся, пад “мосцікам” (паколькі пары стаяць узяўшыся за рукі) – пад іх рукамі, у самы канец. А “маці” спрабавала яго дагнаць. Такім чынам пачалі па чарзе ганяцца адзін за другім і пары “маладых”.

Потым разгарнуліся на поў­ную моц і іншыя вясёлыя забавы як “маладых”, так і “бацькоў”: “пацалункі” паміж “маладымі”, выкананне самых разнастайных гумарыстычных “заданняў” і г. д. Напрыклад, хлопец з завязанымі ручніком вачыма паспрабаваў сярод усіх іншых маладых дзяўчат навобмацак знайсці сваю выбранніцу. Усё гэта суправаджалася вясёлым смехам і дасціпнымі жартамі, якія, тым не менш, ніколі не перасягалі мяжу прыстойнасці, паколькі цнатлівасць, тонкае пачуццё такту – абавязковая ўмова аўтэнтычнасці пры выкананні абраду “Жаніцьба Цярэшкі”.

Калі ж “маладыя” пары як след павесяліліся, па-сапраўднаму здружыліся, “бацькі” пажадалі ім здароўя і шчасця, пасля чаго ўсе зладжана селі за святочны стол, устаўлены стравамі на любы густ, якія прынеслі з сабой, згодна з патрабаваннямі народнага абраду, самі ўдзельнікі свята – хто колькі змог, у тым ліку ў “складчыну” набралася крыху гарэлкі і віна. Удзельнікі “застолля”, якія толькі крыху прыгубілі спіртныя напоі, з вялікім задавальненнем пачалі падпяваць салісткам фальклорнага гурта “Аношкі” Валянціне Крыцкай і яе сяброўкам Соф’і Кузьміч, Кацярыне Кандыбайла з суседніх вёсак Сталюгі і Замошша. Загучалі непаўторныя па мілагучнасці беларускія народныя песні. Ніхто не спяшаўся разыходзіцца, і таму “Жаніцьба Цярэшкі” доўжылася далёка за поўнач…

* * *

У ходзе свята мясцовыя жыхары падзяліліся сваімі ўспамінамі аб асаблівасцях ранейшага правядзення гэтага народнага абраду ў розных вёсках раёна, неабходнасці захавання яго аўтэнтычнасці, строгага следавання фальклорным традыцыям, якія фарміраваліся на працягу стагоддзяў, і былі накіраваны перш за ўсё на стварэнне трывалай сям’і, надзейнага жыццёвага прычала для кожнага чалавека, каб дапамагчы стаць вяскоўцам асабіста шчаслівымі, знайсці сваю “палавінку”.

— Я нарадзілася і вырасла ў Пераходцах Домжарыцкага сельсавета, — сказала Валянціна Крыцкая. – У абра­дзе “Жаніцьба Цярэшкі” ўпершыню прыняла ўдзел у 16 год. Тады ў вёсцы налічвалася больш трыццаці маладых хлопцаў і дзяўчат. Было вельмі цікава і весела. Праўда, людзі старэйшага ўзросту ўжо непасрэдна не ўдзельнічалі ў свяце, а толькі назіралі за ўсім, што адбывалася.

Калі выйшла замуж у Аношкі, то пачала зноў удзель­нічаць у гэтым абрадзе ў 1995 годзе. Да нас тады прыязджала лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1994 года ў галіне мастацтва Зінаіда Мажэйка разам са здымачнай групай Беларускага тэлебачання і зрабіла аб “Жаніцьбе Цярэшкі” тэлевізійны фільм. Пасля гэтага мы штогод 7 студзеня выконваем гэты народны абрад, на які збіраюцца шматлікія госці, у тым ліку і з замежжа. Былі палякі, аматары даўніны з Германіі, Абхазіі, Туркменіі, іншых краін.

Я займаюся гэтым, каб нашы старыя традыцыі не забываліся. Стараюся перадаць моладзі ўсё, што ведаю.

— Сваё дзяцінства я правяла ў вёсцы Стары Лепель, — сказала Вольга Маханенка. – Там зараз жыве мая матуля, знаходзіцца аграсядзіба “Прыазёрная”, дзе я прымаю гасцей з нашай краіны і з-за мяжы. Знаёмлю іх з нашай беларускай культурай, народнымі звычаямі і абрадамі.

Памятаю, як мая бабуля Прося, калыхаючы ўнукаў, спявала:

Цярэшка! Каху, каху,

Што ў цябе ў мяху?

Нітачкі, іголачкі,

Дзяўчатам пярсцёначкі!

На той час мне было восем гадоў, і мне вельмі хацелася даведацца, хто такі Цярэшка, чаму ён усім дзяўчатам мехам разносіць пярсцёнкі, а мяне абмінуў. Бабуля вельмі ласкава гладзіла мяне па галаве і тлумачыла, што пярсцёнкі Цярэшка раздае вялікім дзяўчатам, я ж яшчэ маленькая. Прыйдзе час — і я таксама атрымаю свой пярсцёнак, што і адбылося крыху пазней…

Зараз увесь свой вольны час займаюся вывучэннем беларускай спадчыны, арганізую розныя беларускія святы, абрады, вясковыя вечарыны. Пастаянна падтрымлі­ваю сувязі з носьбітамі духоўнай спадчыны. Таму ў мяне ёсць сваё ўяўленне аб “Цярэшку”. На мой погляд, гэта зборны вобраз ідэальнага мужчыны, аб якім марыць кожная дзяўчына. Мужнасць, моц, духоўная і фізічная прыгажосць, а самае важнае – надзейная апора ў жыцці. Калі моладзь збіраецца Цярэшку жаніць, то кожная дзяўчына спадзяецца знайсці свайго самага-самага… А кожны хлопец адчувае сябе самым годным для любой дзяўчыны. Галоўнае – знайсці сабе “роўную парачку”, каб госці выпілі на вяселлі “гарэлкі чарачку” за дабрабыт і шчасце маладых.

— Аказваю ўсю магчымую падтрымку Вользе Маханенцы і іншым ініцыятыўным людзям, якія працуюць над стварэннем турыстычнага брэнда на падставе народнага абраду “Жаніцьба Цярэшкі”, — адзначыла галоўны спецыяліст па турызму ўпраўлення па фізкультуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Дар’я Мацкевіч. – Тым больш, што гэты абрад прызнаны нематэрыяльнай каштоўнасцю Беларусі. Менавіта таму я і прыехала сюды, на Лепельшчыну, каб увачавідкі пабачыць гэтае цікавае і дасціпнае відовішча.

На “Жаніцьбе Цярэшкі” ў Аношках прысутнічалі таксама старшыня рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Адпачынак на вёсцы” Валерыя Кліцунова, адказны сакратар газеты “Літаратура і мастацтва” Алена Мальчэўская, іншыя госці. А мясцовая паэтэса Святлана Саўская пад уражаннем ад удзелу ў свяце склала наступны верш:

Тут асалодай

творчасці сагрэцца

Так проста

ад жыццёвых завірух.

Здаецца,

час за шыбамі смяецца

І, хоць няўмольны,

ды спыняе рух.

Каб кожнага

прысутнага на свяце

То гумарам,

то жартамі крануць,

Каб самае

каштоўнае багацце –

Здабытак продкаў

праз вякі вярнуць.

Варожыць ноч

на гуках роднай мовы.

Спяшаемся

ў гісторыю зірнуць.

І кожны з нас

прыходзіць да высновы –

Традыцыі народа

ўсё ж жывуць!

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

broken dagger glitch тут

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>