Адходы — у даходы

Ва ўсім свеце разгорнуты рух за перапрацоўку другаснай сыравіны. Распачаты ён не столькі з-за эканоміі першасных прыродных рэсурсаў, колькі з мэтай абараніць навакольнае асяроддзе ад навалы смецця, якое можа тысячагоддзі ляжаць у першапачатковым стане. Не мінуў гэты рух і Беларусь.

Што робіцца ў Лепелі ў адносінах аховы навакольнага асяроддзя ад засмечвання бытавымі адходамі? Прамысловым прадпрыемствам даводзіцца заданне па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Утылізацыю шкодных прамысловых адходаў кантралюе экалагічная служба. За ўтылізацыю бытавых адходаў і адсутнасць у іх другаснай сыравіны ў жылым сектары адказваюць камунальныя службы.

ЛКУВП ЖКГ “Лепель” у горадзе ўстаноўлены асобныя кантэйнеры для збору палімераў і шклабою на 15 кантэйнерных пляцоўках, у Стаях — на трох, у Вялікім Поўсвіжы і Слабадзе — у комплексах шматкватэрных забудоў. Для макулатуры адведзены куткі на пляцоўках, паколькі спецыяльных кантэйнераў для грувасткіх кардонных упаковак ад тэлевізараў, хала­дзільнікаў, мэблі няма. У сувязі з гэтым папера збіраецца праз дзень, палімеры і шклабой — два разы на тыдзень.

Па нарыхтоўцы другаснай сыравіны з камунальных адходаў гарадскім камунальнікам даводзіцца заданне. Летась паперы пры плане 25 нарыхтавалі 25,7 тоны, шклабою — адпаведна сем і 13,7 тоны, палімераў — шэсць і 8,8 тоны, аўтамабільных шынаў — адна і 1,04 тоны. Здавалася б, справы ідуць добра, паколькі планавыя паказчыкі перавыконваюцца. Аднак не ўсё так проста, як здаецца на першы погляд.

Абсталяваных кантэйнерных пляцовак значна болей, чым забяспечаных кантэйнерамі для паасобнага збірання бытавых адходаў. Прычына тут у складанасці набыцця спецыяльных кантэйнераў. Іх пастаўляе прадпрыемства “Белрэсурсы” пры ўмове аплаты кошту з каэфіцыентам 1,2 менавіта другаснай сыравінай. Гэта азначае, што пры кошце кантэйнера, скажам, сем мільёнаў рублёў трэба здаць сыравіны на 8,4 мільёна. Нават уявіць складана, колькі спатрэбіцца тон капеечнага смецця, каб набраць такую суму.

Што казаць, не ўсе людзі разумеюць неабходнасць паасобнага збірання бытавых адходаў. Безумоўна, ёсць у тым пэўныя цяжкасці — на сметнік замест аднаго трэба выносіць чатыры пакеты: з паперай, шклянымі вырабамі, пластыкам і іншым смеццем. Што наконт гэтага думаюць гараджане?

— Не ўсялякі раз даводзіц­ца выносіць адразу ўсе віды адходаў, бо не кожны дзень пусцеюць пластыкавыя бутэлькі, з’яўляецца лішняя папера, а асабіста ў мяне шкляных бутэлек ніколі не бывае, — кажа Валянціна Дзікляева. — Так што нязручнасці з паасобным выкідваннем хатніх адходаў нязначныя. Раблю так з усведамленнем таго, што такая практыка карысная ва ўсіх адносінах — не забруджваецца навакольнае асяроддзе, непатрэбныя рэчы ідуць на выраб новых. Няхай бы кожны улічваў гэта, не засмечвалася б прырода. Па лесе сотні метраў не пройдзеш, не наткнуўшыся на пластыкавыя бутэлькі ці ўпакоўку.

— Папера ў мяне не назапашваецца, бо ў печы спальваю, — дадае Наталля Віднікевіч. — А шкло і пластык няцяжка аднесці на сметнік асобна ад агульнага смецця. Аднак жа знаходзяцца і такія, хто змешаныя адходы нават да кантэйнернай пляцоўкі не даносяць, выкідваюць па дарозе. Ніякага сораму не маюць!

Думалі б усе так! На жаль, рабочым па комплекснай прыборцы даводзіцца ўручную сартаваць смецце ў агульных кантэйнерах — выбіраць шкло, макулатуру, палімеры. Больш таго, двое рабочых праз дзень па 12 гадзінаў тое самае робяць на гарадскім палігоне бытавых адходаў, што знаходзіц­ца на мяжы з Чашніцкім раёнам.

*   *   *

Палімеры і макулатура па меры назапашвання прасуюцца на спецыяльнай устаноўцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі акцыянернага таварыства “Лепельаграсэрвіс”. Брыкеты макулатуры адвозяцца на Чашніцкую папяровую фабрыку “Чырвоная зорка”. Па спрасаваныя палімеры прыходзіць транспарт з Магілёўскага завода па перапрацоўцы другаснай сыравіны. Шклабой камунальнікі дастаўляюць у Полацк, адкуль ён вялікімі партыямі перапраўляецца ў Гомель на перапрацоўку.

Здавалася б, канвеер адла­джаны. Аднак у кожным яго звяне існуюць праблемы. Палімеры не прымаюць, калі ў брыкетах знаходзяць пластмасавыя закруткі ад пластыкавых бутэлек — іх трэба перад запрасоўкай скручваць. Шклабой не бяруць, калі знахо­дзяць на рыльцах ад бутэлек металічныя абадкі ад коркаў. Камунальнікі вымушаны здзіраць іх перад здачай. Ад бутэлечнага шкла неабходна аддзяляць аконнае — тэхналогіі перапрацоўкі іх розныя.

План па нарыхтоўцы макулатуры выканалі за лік 450 сваіх работнікаў, кожны з якіх прынёс з дому па 10 кілаграмаў. Калі ж ад нарыхтаваных 25700 кілаграмаў адняць тыя 4500, атрымаецца недавыкананне. Каб неяк паправіць справы, камунальнікі мяркуюць за гарадской лазняй стварыць пункт прыёму макулатуры ад насельніцтва. Яе сёлета трэба сабраць 27 тон.

Нарыхтоўка аўтамабільных шын — справа новая. Для іх збірання шукаюць пляцоўку. Аднак невядома, дзе іх дзяваць — пакуль няма прадпрыемства па ўтылізацыі. Югаславы прапанавалі Беларусі распрацоўку ўстаноўкі, якая павін­на працаваць па прынцыпе рэактара. Будзе аддзяляць ад пакрышак металічны корд і вырабляць з іх шарыкі, якія можна выкарыстоўваць для рамонту дарог, дахаў, на паліва. Прадстаўнікі лепельскай ЖКГ спецыяльна ездзілі ў Мінск знаёміцца з тэхналогіяй вынаходніцтва. Канструктары прама сказалі лепяльчанам, што такое наватарства раённая ЖКГ не пацягне.

Цяпер ужо і стары руберойд нельга выкідваць на звалку — забруджвае навакольнае асяроддзе, за чым пільна сочыць экалагічная служба. Абласныя эколагі набылі пяць перасоўных установак для яго перапрацоўкі, адну з якіх выдзелілі КУВП ЖКГ “Лепель”. Цяпер увесь руберойд, які здзіраецца з дахаў у час рамонту, збіраецца і перапрацоўваецца па тыпу прыгатавання асфальту ў бітумную сумесь для ямачнага рамонту праезных частак вуліц. Якасць прадукцыі ўстаноўкі пакуль вывучаецца, аднак ужо карысць навідавоку. Праўда, дастаецца яна дарагой цаной. Перапрацоўка руберойду — справа стратная. Шмат працы губляецца на сартаванне руберойднага друзу, паколькі за час выкарыстання дахавага пакрыцця на яго наліпла шмат кавалкаў бетону, металічнай арматуры, іншага смецця. Устаноўка яго не прымае. Так, летась з 74 тон руберойду атрымалася 23,8 тоны гатовай прадукцыі. Астатняя маса была непатрэбнай.

Можна выкарыстаны руберойд вазіць самім на перапрацоўку або выклікаць транспарт перапрацоўшчыкаў. Аднак тады тона абыдзецца адпаведна ў 200 і 300 тысяч рублёў.

Усё, што гаварылі аб паасобным збіранні бытавых адходаў, тычылася насельніцтва, якое карыстаецца спецыяльна абсталяванымі скрынямі, кантэйнернымі пляцоўкамі. У сектары прыватнай забудовы праблема застаецца нявырашанай. Людзі не толькі не выстаўляюць на вызначаных месцах адсартаванае дома смецце, але ўвогуле скідваюць яго ў кусты, балоты, сажалкі, каб не плаціць за карыстанне смеццявозамі. Хоць плата тая смешная. За вызначаны райвыканкамам аб’ём смецця — два кубаметры ў год на чалавека — трэба заплаціць усяго 9530 рублёў. Каб сабраць гэтыя грошы, камунальнікам даводзіцца разам з вадзіцелем скіроўваць па смецце кантралёра. Дык жа тады некаторыя хаваюцца. Як прымусіць людзей добрасумленна заплаціць належнае і жыць спакойна?

Выснова гэтых разважанняў можа быць толькі адна: кожнаму аднесціся да паасобнага збірання бытавых адходаў з разуменнем агульнай карысці справы. Узгадайце хаця б самы просты выпадак, калі вы парэзалі нагу аб выкінутае шкло ў лесе, у вадаёме…

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>