Паехалі калядачкі па бліны-ладачкі

З самай раніцы на Каляды лютаваў мароз, які адразу балюча шчыпаў за вушы і нос любога, хто толькі выходзіў з цёплай хаты або кватэры на двор. І ўсё ж нават гэтага прыродзе-матухне паказалася мала, таму хутка з нябёсаў суцэльнай белай заслонай пачаў падаць густы белы снег, завіхурыла моцная мяцеліца. Аднак нечаканыя сюрпрызы надвор’я ніколькі не разахвоцілі лепяльчан і гасцей нашага горада святкаваць у гэты дзень

Каляды, паколькі яны рашуча і мэтанакіравана з розных канцоў Лепеля, уздоўж замеценых снежнымі сумётамі вуліц цэлымі сем’ямі, разам з дзецьмі накіраваліся ў цэнтр – на плошчу Свободы, дзе ўжо даўно прызыўна гучала, разносілася далёка па наваколлю, вабіла да сябе бадзёрая, святочная музыка.

З імправізаванай сцэны, абуладкаванай ля будынка раённага Дома культуры, удалеч панесліся зычныя прывітальныя словы:

— У Лепель Каляда

прыйшла.

У кожную хату ўвайшла,

Ніводны двор не мінае,

Са святам усіх вітае!

Разгарнулася сапраўднае народнае гулянне. І перш за ўсё незабыўнае ўражанне пакінула, стала добрым святочным падарункам канцэртная праграма лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці РДК пад назвай “Паехала Каляда…”.

Ажыўленне сярод удзельнікаў свята выклікала з’яўленне на шырокай гарадской плошчы гурта калядоўшчыкаў, які выконваў традыцыйны народны абрад “ваджэння казы”. У гэты абрад на працягу стагоддзяў былі ўнесены толькі некаторыя адметнасці, звязаныя са святкаваннем Ражства Хрыстова. Для гэтага нашы продкі звычайна бралі кажух, выварочвалі яго поў­сцю наверх, надзявалі адным рукавом на канец дугі і завязвалі — атрымліваліся галава і шыя. Да другога канца дугі прывязвалі саламяны хвост. Выбіралі невысокага росту, здольнага да танцаў хлопца-жартаўніка, ён залазіў пад кажух і выконваў ролю “казы”. Суправаджаў “казу” другі малады хлопец, пераапрануты ў дзеда: яму рабілі горб, льняную бараду, надзявалі драную світку, маску, у адну руку давалі кій, у другую – табакерку. У кампаніі калядоўшчыкаў былі механоша, музыка, “цыганы”, хлопец-“маладзіца”, іншыя святочныя персанажы са сваім рыштункам.

Калядоўшчыкі па чарзе абыходзілі размешчаныя ў розных месцах плошчы Свабоды святочна абуладкаваныя, згодна з народнымі традыцыямі, пляцоўкі прадпрыемстваў і ўстаноў горада, на якіх ветлівыя гаспадары частавалі пачэсных гасцей разнастайнымі стравамі беларускай нацыянальнай кухні, прапаноўвалі ім прыняць удзел у займальных гульнях і розыгрышах.

Пачалі са святочнай пляцоўкі пад назвай “Наша хата”, якую сумесна падрыхтавалі калектывы структурных падраздзяленняў Белаграпрамбанка, Беларусбанка і БПС-банка. У спецыялістаў банкаўскай справы ўсё было прадстаўлена на высокім узроўні. Потым скіраваліся ў бок прыгожай, з густам аформленай пляцоўкі электрамеханічнага завода, каб паспытаць смачныя стравы, падрыхтаваныя ўвішнымі гаспадынямі гэтага прадпрыемства, кінуцца з імі ў скокі з нагоды народнага гуляння. Гасцінна сустрэлі калядоўшчыкаў на сваіх разнастайных па форме і зместу, багата аздобленых пляцоўках прадстаўнікі хлебазавода, АТП № 14, ПМК-75, рамонтна-механічнага завода, раённай бальніцы, аблпсіхбальніцы, ЛКУВП ЖКГ “Лепель”, малочнакансервавага камбіната, ПМК-75, ПМС, аграрна-тэхнічнага каледжа.

А ў гэты час са сцэны ля будынка раённага Дома культуры разносіліся на наваколлю песні і музыка ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Пад ухвальныя воклічы і апладысменты шматлікіх гледачоў прагучалі “Калядныя прывітанні” работнікаў электрамеханічнага завода, папулярная святочная песня ў выкананні супрацоўнікаў раённай бальніцы, эстрадны шлягер “Тры белых кані” ў аранжыроўцы працаўнікоў хлебазавода, усім узнялі настрой жартоўная тэатралізаваная сцэнка, падрыхтаваная навучэнцамі аграрна-тэхнічнага каледжа і іншыя музычныя нумары. Не пакінулі раўнадушных эстрадныя спевы Аляксандра Аношкі з ПМК-75, Алены Казак з малочнакансервавага камбіната, Антаніны Папко з ПМС, Івана Дабрыднева з дзяржпрафліцэя і іншых мясцовых талентаў.

Шмат разнастайных забаў было на свяце. Для дарослых і дзяцей былі арганізаваны гульнёвыя пляцоўкі, атракцыёны, калядная варажба, катанне на маляваных вазках.

— Мне падабаецца гуляць у хакей, — паведаміла вучаніца 5 “В” класа гімназіі імя І. Ерашова Маша Кузьмінова, якая клюшкай адна за другой закідвала шайбы ў невялікія імправізаваныя вароты, устаноўленыя побач з будынкам СШ № 4.

— Мая жонка разам з іншымі медыцынскімі работнікамі аблпсіхбальніцы зараз прадстаўляе працоўны калектыў гэтай установы аховы здароўя на Калядах, — патлумачыў мясцовы жыхар Уладзімір Кузьміноў. — А я з дачкой Машай таксама не сумую, цікава праводжу свой вольны час. Тут ёсць на што пагля­дзець, чым заняцца, на чым засяродзіць сваю ўвагу.

— У нас можна нават памерыцца сіламі ў такой экзатычнай гульні як дзіцячы боўлінг, зведаць сапраўдны спартыўны азарт пры выкарыстанні ў калядным спаборніцтве навагодняга кошыка з падарункамі, — адзначыў гаспадар спартыўнай пляцоўкі, настаўнік фізкультуры СШ № 4 Алег Седзін.

— Я толькі што прыйшла на свята, — сказала лепяльчанка пенсійнага ўзросту Ганна Вашкевіч. — Мяне адразу ўразіла вялікая колькасць людзей, якія наведаліся сюды святкаваць Каляды, нягледзячы на халоднае надвор’е, снежную завею. Кожны тут можа знайсці сабе занятак па душы. Ствараюць радасны настрой і вясёлыя эстрадныя спевы, прыемная, бадзёрая музыка.

На расхват былі калядныя вазкі, запрэжаныя коньмі са святочна ўпрыгожанай збруяй. Іх гаспадары ўмела кіравалі сваім гужавым транспартам, каталі па прасторах плошчы як дзяцей, так і дарослых.

— Я жыву ў пасёлку льнозавода, трымаю каня, які з’яўляецца незаменным памочнікам у падсобнай гаспадарцы, — адзначыў лепяльчанін Міхаіл Бумага. – Ужо не першы раз удзельнічаю такім своеасаблівым чынам у Калядах. Мне вельмі падабаецца прыносіць у гэты святочны дзень радасць людзям, асабліва дзецям.

У ходзе свята адбыўся конкурсны прагляд калядных пляцовак прадпрыемстваў і ўстаноў. Аўтарытэтнае журы, якое ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін, уважліва ацэньвала і выступленні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў. У выніку ўсе яны былі ўзнагароджаны каштоўнымі сувенірамі, якія стануць добрым напамінам аб іх паспяховым удзеле ў сёлетніх Калядах.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымку: з задавальненнем катаў дзяцей на сваім калядным вазку лепяльчанін Міхаіл Бумага.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>