Хто ведае, ці стаў бы лепяльчанін Ігар Саўчанка «кулібіным», калі б нарадзіўся ў іншую эпоху

22Хто ведае, ці стаў бы Ігар Саўчанка кулібі­ным, калі б нара­дзіўся ў іншую эпоху… Аднак нара­дзіўся ён у перад­апошнім дзесяцігоддзі савецкага часу, так што сталасць прыйшлася акурат на ліхія дзевяностыя. Скажам па-іншаму, на ні­шчымныя дзевяностыя, калі калгасы настолькі збяднелі, што амаль не засталося тэхнікі, не было на чым працаваць. Стаць кулібіным Саўчанку прымусіла неабходнасць.
Акурат у гэты час у калгас “Радзіма” прыходзіць малады спецыяліст. Вопыту працы, вядома ж, аніякага, бо “за плячыма” дзве школы — Велеўшчынская базавая і Слабадская сярэдняя — ды пэўны багаж тэарэтычных ведаў, назапашаны за гады вучобы ў Горацкай сельгас­акадэміі. Вопыту аніякага, але былі несумненныя здольнасці, фактычна талент вынаходніка. Тэхніку малады галоўны інжынер не проста любіў — жыць не мог без яе, і фантазію ў тэхнічнай справе меў неўтаймаваную.
Саўчанкі — цікавая сям’я. Усе пяцёра дзяцей у галоўнага бухгалтара і даяркі атрымалі добрую адукацыю, па жыцці яны апантаныя рознымі захапленнямі. Старэйшая Вольга — інжынер-радыётэхнік на “Віцязі”, а ў вольны час займаецца квілінгам. Леанід — вайсковец. Калі выйшаў у адстаўку па выслузе гадоў, захапіўся разьбой па дрэве, Аляксандр — вядомы на Лепельшчыне мастак, а Сяргей з Ігарам апантаныя тэхнікай.
Ігар неяк быў спыніўся на жыццёвым раздарожжы, прызадумаўся, калі трэба было выбіраць паміж творчасцю і тэхнікай. Справа ў тым, што змалку хлопец няблага маляваў. Аднак перамог усё ж тэхнічны пачатак, і ён, як кажуць, па слядах старэйшага брата Сяргея, які заўсёды быў для яго аўтарытэтам, падаўся на факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі вучыцца на інжынера-механіка.
Зрэшты, як высветлілася, тэхнічны і творчы пачатак недалёка адзін ад аднаго палягаюць, а фактычна могуць зліцца ў адно цэлае, калі вельмі захочаш і пастараешся.
* * *
З любоўю і спрытам да тэхнікі, можна сказаць, хлопец і нарадзіўся, бо ўжо ў чацвёртым класе сабраў свой першы мапед….
Дык вось, малады інжынер-механік у калгасе “Радзіма” спрытна ўхапіўся за справу. У гаспадарцы было ўсяго тры трактары, трэба было неяк выжываць. І яны з тагачасным старшынёй Генадзем Клундуком пачалі “хімічыць”. З таго лому, што застаўся ў калгасе, механізаваная брыгада, якой кіраваў Ігар Саўчанка, сабрала чатырнаццаць канструкцый сельгасмашын з самым розным прызначэннем. Чаго толькі не “нахімічылі” — землеапрацоўчы трактар, тэхніку сушыльнай вытворчасці, механізм для падрыхтоўкі пасяўнога матэрыялу. Аднаго разу паспрабавалі пераабсталяваць кукурузную жатку пад касілку. І што вы думаеце, касіла тая касілка траву як міленькая. Майстравалі камбінаваныя агрэгаты, якія не толькі выконвалі некалькі аперацый, але і эканомілі паліва. Ігар сам рабіў неабходныя чарцяжы ці накіды, канструкцыю выношваў у галаве, а калі наступаў час задуманае ажыццяўляць, сам станавіўся поруч са зваршчыкам і варыў. Як зараз сказалі б, “мадэрнізавалі” і малочнатаварныя фермы — рабілі сістэму водазабеспячэння, устанаўлівалі паільныя латкі. З кузава старога самазвала зрабілі тачкі для выдалення арганікі. Вядома, не будзем сцвярджаць, што Саўчанка ўсю тую тэхніку зманціраваў уласнымі рукамі. Проста была ў яго распараджэнні надзейная, здольная брыгада, хлопцы, якім ён давяраў і на якіх спадзяваўся. Як высветлілася, спадзяваўся нездарма… Папрацавалі і поруч з братам. З Сяргеем узнавілі бульбаўборачны камбайн, зрабілі навеску барон, якая складваецца, бы чамадан.
Ужо дзевяць гадоў, як велеўшчынскі кулібін жыве ў Лепелі. Працуе начальні­кам аддзела механізацыі ў ПМК-75. Вядома, размах яго рацыяналізатарства зараз ужо не той, бо няма асаблівай патрэбы “вынаходзіць веласіпед”, гатуючы кашу з сякеры, тэхнікі і так хапае. Іншая справа — эканомія энергарэсурсаў. Пабудавалі механізм для прасеву пяску фактычна на базе голага барабана, стварылі эстакаду для рамонту машын — ямы для агляду тэхнікі, сістэму водазабеспячэння, ацяплення і г.д.
— Часам падоўгу выспявае ідэя ў галаве, — адказвае Ігар Аляксандравіч на маё пытанне, як ён выспельвае, ажыццяўляе свае тэхнічныя задумкі і вынаходніцтвы, — раблю тэхнічныя малюнкі, пасля штосьці падганяю, удасканальваю…
Не стамляецца рацыяналізатар “фокуснічаць” і дома. Будуецца ў Лепелі. Дом будуе сам, невялікі, аднак будуе як мастак, вядома, па сродках і магчымасцях. Ёсць свая машына, гараж, ёсць каля дома і соткі, аднак асноўны яго агарод у Велеўшчыне ў маці. Бацька памёр, маці адна засталася. Хто ж ёй дапаможа! Купіла маці мотаблок, а на тым агрэгаце як след агароду не апрацуеш, вось і ўзяліся сыны за рацыяналі­зацыю і мадэрнізацыю. Усе прычапныя агрэгаты самі прыдумалі — плуг, культыватар, фрэзу для здрабнення глебы, сошку, каб апрацоўваць бульбу. Са старага мотавазка браты спачатку зрабілі спартыўную машынку, якая паступова перарасла ў трактарар.
У Ігара Аляксандравіча — свая сям’я. Жонка Алена, швачка па спецыяльнасці, вучыць у Цэнтры дзяцей і моладзі бісерапляценню. Чалавек творчы, гэта яна загадвае “творчым будаўніцтвам” іх новай хаты на пясчанцы. Дзве дачкі. Дар’я ўжо дарослая, дызайнер адзення. Аліна пакуль у другім класе. Няма сумневу, што і яна вырасце творчым чалавекам, бо ў сям’і Саўчанкаў творчасць чэрпаюць з жыццядайнай радаводнай крыніцы. Нездарма ж Алінін прадзед, бухгалтар, на гармоніку граў, а прабабка, даярка, карціны вышывала.
Творчасць — ад Бога, і не купіш яе за грошы, і не займееш па загадзе. Альбо ёсць яна, альбо няма. Чалавек творчы — на любой працы майстар, на любой пасадзе спецыяліст. І няма розніцы, чым ён займаецца: піша карціны, рамантуе тэхніку ці кароў доіць. Ад любой працы атрымлівае творчы чалавек асалоду, у любой справе шчаслівы.
М. ВАЛОХА.
На здымку: Ігар Саўчанка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>