У тры змены

533Андрэй бярэ мех — шчыльны, надзейны, з тоўстай абгортачнай паперы — спрактыкаваным рухам, карыстаючыся жалезнымі “плечыкамі”. Апранае яго на вялізны цэлафанавы пакет — і малочная тара гатова. Хлопец паказвае поўны цыкл расфасоўкі. Зрэшты, працэс нескладаны, і Андрэй адпрацаваў яго да аўтаматызму. Мацуе мех да фасовачнага апарату, які тут жа выдае порцыю сухога малака. Прапускае яго праз “вусы” (прыстасаванне, што адпампоўвае паветра), каб мех быў шчыльнейшы і больш кампактны. А затым — на электронныя шалі.
Цікава, што ўзважваюць і сам мех, які мае прыкладна чатырыста пяцьдзясят грамаў. Затым гэтыя грамы вылічваюць з агульнай вагі гатовага прадукту. Павінна быць усё грам да грама, як у аптэцы. І калі апарат выдае перасып ці недасып, фасоўшчык павінен лыжачкай акуратна дасыпаць ці адняць. Мабыць, гэта адзіная аперацыя, якая ў кансервавым цэху МКК робіцца ўручную.
Цэлафан склейваецца лёгка, па транспарцёры мех рухаецца да зашывальнай машыны. А затым — на паддон. Дваццаць чатыры мяхі ў восем радоў, па тры ў кожным, на паддоне абгортваюцца стрэйч-плёнкаю, абзаводзяцца біркаю — і на склад гатовай прадукцыі. За змену работнік павінен расфасаваць не меней як восем тон сухога малака.
Андрэй у кансервавым цэху другі з дынастыі Ладновых. Бацька Пётр Ладноў працуе на “параварцы” — так тут іншым разам называюць вакуумныя апаратныя ўстаноўкі для згушчэння малака, а сын — на расфасоўцы.
Дарэчы, расфасоўка — ці не адзіны працэс у цэху, дзе работнікі наў­прост сутыкаюцца з малочным прадуктам.
— Астатняе аўтаматызавана, — расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Жанна Абашава і для нагляднасці падводзіць мяне да вялізнай устаноўкі, якая і сапраўды нечым нагадвае гіганцкую параварку.
Праз акенца ў апараце назіраю, як унізе кіпіць ды плешчацца малочная рака.
Цэх у летні час сушыць малочныя прадукты — малако, вяршкі. Зімою пераважна займаецца падсырнай сыроваткаю і вырабляе канцэнтрат для замяняльнікаў цэльнага малака (ЗЦМ), якім пояць цялят. Нядаўнім часам цэх мадэрнізавалі, патраціўшы васемсот тысяч еўра. Удасканалілі сушылкі, пабудавалі новае малакасховішча, паставілі лінію малака­прыёмкі, аўтаматызавалі абсталяванне для мыцця, устанавілі апараты для крышталізацыі. І ў выніку атрымалі новую якасць выпускаемай прадукцыі.
Працэс кансервавання стаў закрыты і аўтаматызаваны. Працуюць камп’ютары, а чалавечы фактар зведзены да мінімуму. Летнім часам цэх выпускае максімум шэсцьсот тон прадукцыі. Аднак у перспектыве на прадпрыемстве мяркуюць стварыць новы сушыльны цэх, а гэты будзе працаваць выключна на вытворчасць сыроваткі і канцэнтратаў.
На прыёмцы малака ўстаноўлены помпы, лічыльнікі, якія лічаць аб’ём прынятага малака, а таксама ахала­джальнікі. Працуюць тут два чалавекі. Далей — малакасховішча з пяццю ёмістасцямі агульнай змяшчальнасцю дзвесце пяцьдзясят тон, дзе занятыя чацвёра работнікаў. Столькі ж людзей абслугоўваюць і вакуумную апаратуру для згушчэння малака. У сушыльным аддзяленні размешчаны дзве сушылкі ЦТ-500. Вырабляюць тысячу кілаграмаў сухога малака ў гадзіну і недзе каля дваццаці тон за суткі. Пазменна працуюць чатыры фасоўшчыкі і восем апаратчыкаў, якія сочаць за камп’ютарамі. З сушылкі па пнеўматранспарцёры малако трапляе ў бункер і ідзе на расфасоўку, пра якую нам ужо распавёў Андрэй Ладноў.
Цэх працуе ў тры змены, кожную з якіх абслугоўваюць дзесяць чалавек. Такім чынам, калектыў цэха складае каля трыццаці чалавек, сярод якіх ёсць і моладзь, і вопытныя майстры сваёй справы. Гэта апаратчыкі сушкі Валянціна Саламаха, Сняжана Касцюковіч, аператар вакуумнага апарата Пётр Ладноў і іншыя.
Уладзімір
МІХНО.
На здымку: Андрэй Ладноў на расфасоўцы сухога малака.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>