Па хвалях збажыны

414Упэўнена вядуць жніво працаўнікі ААТ “Чарэйшчына”, на днях экіпаж гэтай гаспадаркі ў складзе старшага камбайнера Віктара Барысёнка і камбайнера Пятра Казлоўскага дасягнуў рубяжу намалоту ў тысячу тон збожжа. Паколькі ў акцыянерным тава­рыстве актыўна задзейнічаны тры камбайны, тэхніка выкарыс­тоўваецца канцэнтравана, зводзіцца ў адзіны атрад, які інтэнсіўна зжынае адно поле за другім.
На час нашага прыезду камбайны якраз працавалі ва ўрочышчы Вялікае Поле. Хаця, на погляд аўтара, яго вялікім можна было б назваць са значнай нацяжкай: палетак не раскінуўся на вялікай плошчы, а складаецца з шэрагу асобных участкаў, раздзеленых паміж сабой равамі і каналамі. Каб на такім працаваць, трэба ўмела манеўраваць.
Мужчыны зжыналі авёс. Вось адзін камбайн спыніўся, уключыў мігалку, пачаў адкладаць выгрузны шнэк — значыць, бункер запоўнены, пара вывозіць. Да камбайна хуценька рушыў МАЗ. Машына так хутка паехала, што ледзьве паспеў заўважыць надпісы ЛКУВП ЖКГ “Лепель”. Відавочна, машына з кіроўцам накіравана ў “Чарэйшчыну” ў якасці шэфскай дапамогі.
Астатнія два камбайны не спыняліся. Напэўна, яны б так і працягвалі жаць, калі б не загад дырэктара ААТ “Чарэйшчына” Арцёма Байдачэнкі, які папрасіў таварышаў па працы папрысутнічаць на ўрачыстасці.
Віншавальныя словы сказаў Пётр Філіпаў, які выконвае абавязкі начальніка райсельгасхарчу райвыканкама:
— Шаноўныя работнікі ААТ “Чарэйшчына”, сёлета вы вырасцілі багаты ўраджай, кожны гектар зерневых дае каля 30 цэнтнераў збожжа. Вы выдатна папрацавалі вясной, у пачатку лета. Зараз жа вы не менш годна і плённа працуеце на ўборцы. Сёння мы віншуем вашых калег Віктара Барысёнка і Пятра Казлоўскага, якія намалацілі тысячу тон. Акрамя грамат райвыканкама, ім уручаюцца і грашовыя прэміі, бо матэрыяльны стымул — адзін з самых важных. Хлопцы, жадаю вам і надалей плёну ў працы, поспехаў у жыцці. Заклікаю вас не расслабляцца, а максімальна выкарыстаць усе пагодлівыя дні, у самы кароткі час, без страт завяршыць жніво. А мы са свайго боку чым можам, дапаможам.
Слова ўзяў і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч:
— Уся Лепельшчына ганарыцца сваімі работ­нікамі-перадавікамі. Вельмі радуе, што ў гаспадарках дбаюць не толькі пра вытворчыя паказчыкі, а і пра ахову працы, сацыяльную абарону. Жніво ж па праве вянчае працу хлебароба. Са свайго боку ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўручаю вам сцяжкі лідараў, майкі з лагатыпамі прафсаюзных арганізацый і канверты з грашовымі падарункамі. Яны, напэўна, не такія важкія, як уручыў Пётр Леанідавіч, але, упэўнены, лішнімі не будуць. Так трымаць і надалей! Жадаю вам новых вытворчых поспехаў і дасягненняў. Вельмі ж хочацца прыехаць да вас і павіншаваць яшчэ раз з большымі намалотамі.
Ад адміністрацыі гаспадаркі працаўнікоў павіншаваў дырэктар:
— Ад кіраўніцтва вам таксама канверты. Запэўніваю, што ўсе, хто дасягне высокіх паказчыкаў, будуць такім жа чынам адзначаны. Так што стымул для прадукцыйнай працы, лічу, годны, можна пастарацца. Слова цяпер толькі за вамі.
У час кароткай размовы працоўныя і прадстаўнікі адміністрацыі абмяняліся думкамі. У асноўным у вяскоўцаў станоўчы, пазітыўны настрой, людзі з надзеяй глядзяць у будучыню, разлічваюць укласціся ў спрыяльныя аграрна-тэхнічныя тэр­міны. Вядома, моцная спёка, з аднаго боку, вельмі назаляе, цяжка працаваць у камбайне нават пры наяўнасці спраўнага кандыцыянера. З іншага боку, паспяхова жаць збажыну можна толькі ў сухое надвор’е. У дадатак, сонца добра высушыла зерне на корані, яго зусім мала патрабуецца апрацоўваць на сушыльных комплексах, даводзячы да патрэбнай кандыцыі. А гэта — значная эканомія паліва — газу, мазуты і дроў. Як вынік, змяншаецца сабекошт прадукцыі, павышаюцца яе канкурэнтныя якасці.
Вось экіпажы разышліся па сваіх машынах, загулі магутныя рухавікі, прыйшлі ў дзеянне абмалотныя механізмы — і караблі палёў рушылі па хвалях збажыны.
Васіль
МАТЫРКА.
На здымку: Пётр Філіпаў уручае Ганаровую грамату Віктару Барысёнку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>