Рака Эса

380Звілістае рэчышча ракі працягнулася на 84 кіламетры па Крупскім, Чашніцкім і Лепельскім раёнах. Упадае ў Лепельскае возера. Тысячы гадоў таму па берагах ракі ў непраходных нетрах лясоў рассяляліся старажытныя людзі. Пра гэта сведчаць удзірванелыя і парослыя векавымі дрэвамі курганы ды гарадзішчы.
На працягу стагоддзяў Эса была ракой-працаўніцай, адным са звенняў воднага шляху, які пралягаў між Чорным і Балтыйскім морамі. Цяпер яна значна здрабнела. Аднак прыгожымі веснавымі дзянькамі, калі ўзровень вады даволі высокі, можна цікава пападарожнічаць па Эсе на байдарках.
Мала хто з сучаснікаў ведае, што першыя апісанні ракі былі зроблены на пачатку ХХ стагоддзя. Згадкі пра Эсу мы можам знайсці ў дзявятым томе “Верхняе Падняпроўе і Баларусь” шматтомнага даследавання “Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне”, пад рэдакцыяй Сямёнава. Датуецца выданне 1905 годам. Цікава тое, што ў кнізе рака ўзгадваецца як Есса. Такой самай назвай яна пазначана і на картах пачатку стагоддзя.
У 1907 годзе пабачыла свет кніга беларускага этнографа і археолага Кірыла Анікіевіча “Сенненский уезд Могилёвской губернии”. У гэтай кнізе аўтар сярод іншага зрабіў апісанне геаграфічных аб’ектаў. Раку Эсу ён апісваў наступным чынам. “Эса пачынаецца на мяжы Сенненскага і Барысаўскага паветаў з балота паміж вёскамі Перасекаю Лісічынскай воласці і Узнацкам Барысаўскага павета. Пры паўночным накірунку цячэ ў трох вярстах на захад ад вёсак Дуброўкі, Вялікай Каменкі і сяла Лісічына. Яна з’яўляецца натуральнай воднай мяжой паміж Сенненскім і Барысаўскім паветамі на адлегласці ў 20 вёрстаў. За сядзібай Гусінец рака робіць паварот на захад. Канчаткова пераходзіць спачатку ў Барысаўскі павет, а затым у Лепельскі, дзе ўпадае ў Лепельскае возера. Даўжыня Эсы 80 вёрст, шырыня 12-15 сажняў (25 – 32 метры), глыбіня летам –- два-чатыры футы (70-120 сантыметраў).”
Ёсць звесткі пра Эсу і ў Энцыклапедычным даведніку Брокгаўза і Эфрона, які выходзіў з 1890 па 1907 гады. З гэтага даведачнага выдання мы можам атрымаць дадатковыя звесткі. “Эса ўваходзіць у склад Бярэзінскай воднай сістэмы на працягу 14 кіламетраў, ад Верабскага канала да свайго вусця. Прыстань у мястэчку Халопенічы. У 1901 годзе з берагоў Эсы адпраўлена 392 плыты вагой 1603 пуды, якія ацэньваліся ў 108 тысяч рублёў”.
Валерый Тухта.
На здымку: рака Эса.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>