Безнаяўныя разлікі

Вось ужо не першы год работнікі гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў атрымліваюць заработную плату па пластыкавых картках адпаведнага банка. Такім жа чынам ідзе выплата пенсій і грашовых дапамог. Карыстанне пластыкавай карткай дазваляе не толькі аплаціць пакупкі ў магазіне, а і хутка ў любы зручны час унесці аплату за камунальныя паслугі, электра­энергію, газавае, водазабеспячэнне і многія іншыя паслугі ў інфакіёсках і банкаматах. Аднак, нягледзячы на прапануемыя зручнасці, многія, атрымаўшы зарплату, спяшаюцца да бліжэйшага банкамата, каб зняць з карткі ўсе наяўныя грошы. Аб тым, наколькі актыўна ў цяперашні час грамадзяне карыстаюцца пластыкавымі карткамі і якая работа вядзецца па папулярызацыі гэтага працэсу, пойдзе наша размова з начальнікам аддзела рознічных паслуг РКЦ №19 у г. Лепель філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” — Віцебскае абласное ўпраўленне Аленай Жураўскай.
— Алена Львоўна, скажыце, калі ласка, наколькі актыўна ў рэспубліцы і, у прыватнасці, у нашым раёне вядзецца працэс безнаяўных разлікаў?
— У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад шостага ліпеня 2011 года да першага ліпеня 2016 года безнаяўныя разлікі па краіне павінны складаць 50 працэнтаў ад усіх плацяжоў. Трэба адзначыць, што практыка безнаяўных разлікаў актыўна выкарыстоўваецца ў многіх развітых дзяржавах. Як сведчаць сацыяльныя даследаванні, краіны, дзе актыўна выкарыстоўваюцца безнаяўныя разлікі, больш лёгка вытрымліваюць эканамічны крызіс. Дастаткова ўявіць, што ў Швейцарыі ўзровень безнаяўных разлікаў дасягае 97 працэнтаў. Астатнія ж тры працэнты — гэта аплата паслуг царквы і ахвяраванні абяздоленым.
— Алена Львоўна, многія людзі, асабліва пажылога ўзросту, не вельмі ахвотна карыстаюцца пластыкавымі карткамі пры аплаце паслуг. Якім чынам вядзецца папулярызацыя іх выкарыстання?
— З гэтай мэтай мы пастаянна наведваем гарадскія арганізацыі і прадпрыемствы, сустракаемся з моладдзю ў сярэдніх школах і навучальных установах. Дэталёва, дасціпна тлумачым, наколькі зручна рабіць безнаяўныя разлікі. Пры дапамозе пластыкавай карткі можна зрабіць аплату паслуг не выхо­дзячы з дому, у любы час сутак, праз інтэрнэт або падышоўшы да бліжэйшага банкамата. Вельмі прыемна, што многіх грамадзян, асабліва прадстаўнікоў маладога пакалення, цікавіць гэты працэс. Работнікі банка ўжо правялі сустрэчы ў сярэдніх школах №1 і №3, гімназіі імя І. Ерашова, у ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №14”, Прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Лепельскім раёне, ААТ “Лепельскі МКК” і іншых арганізацыях.
— Алена Львоўна, зразумела, што разлічыцца пластыкавай карткай магчыма без цяжкасцей у многіх установах. Аднак нярэдка людзям прыходзіцца здымаць у банкамаце наяўныя грошы для набыцця пакупак на рынку…
— Сапраўды, такая праблема існуе. Трэба адзначыць, што ва ўсіх прыватных унітарных прадпрыемствах, якія пачынаюць сваю дзейнасць, павінны выкарыстоўвацца плацёжныя тэр­міналы. Тыя ж індывідуальныя прадпрымальнікі, якія не выкарыстоўваюць іх, павінны ўстанавіць тэрміналы да першага сту­дзеня 2016 года. Выключэнне складаюць асобы, гадавы даход якіх не перавышае пэўнай сумы. Як правіла, гэта людзі, якія гандлююць прадукцыяй, атрыманай на ўласным падворку, — яйкамі, малаком, зелянінай і г.д. Калі ж кліент жадае разлічыцца пры дапамозе пластыкавай карткі, а яму не прадастаўлена такая магчымасць, ён мае права паведаміць аб гэтым праз Кнігу заўваг і прапаноў.
— Нярэдка прыходзілася назіраць за тым, як пакупнік, што пажадаў разлічыцца пры дапамозе пластыкавай карткі ў буфеце цэнтральнай раённай бальніцы, вымушаны быў доўга чакаць, а разам з ім і многія людзі, якія знаходзіліся ў чарзе.
— Праблема тлумачыцца наступным. Паколькі ў бальніцы выкарыстоўваецца высакаякаснае медыцынскае абсталяванне, мікрахвалі перашкаджаюць тэлефоннай сувязі, праз якую наладжана работа сістэмы карт. З гэтым пытаннем работнікам гандлю неабходна звярнуцца ў Банкаўскі працэсінгавы цэнтр, які займаецца абслугоўваннем плацёжнага тэрмінала.
Вельмі хацелася б, каб грамадзяне разумелі, што выкарыстанне пластыкавых картак у значнай ступені эканоміць уласны час, дазваляе зрабіць працэс аплаты зручным і аператыўным.
— Вялікі дзякуй, Алена Львоўна, за змястоўнае інтэрв’ю.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>