Інтэлект-рынг

Штогод у Лепелі праводзіцца адкрыты рэспубліканскі Інтэлект-рынг, разыгрываеццца “Кубак правінцыі” на прызы старшыні Лепельскага райвыканкама Пятра Шыкшняна.

І на гэты раз на цікавыя маладзёжныя спаборніцтвы паміж самымі дасведчанымі і кемлівымі школьнікамі сабраліся 28 каманд. У госці да нас прыехалі дружыны інтэлектуалаў з Мінска, Віцебска, Оршы, Пастаў, Чашнікаў, Ушач, Міёраў, Навалукомля, Фарынава Полацкага раёна, Бабінічаў Аршанскага раёна, Варапаева Пастаўскага раёна.

Усе ўдзельнікі інтэлектуальнага саперніцтва ледзьве размясціліся ў вялікай зале раённага Дома культуры, у кожнай з каманд было па шэсць ігракоў.

Вострыя інтэлектуальныя “рысталішчы” перамяжоўваліся яркімі выступленнямі на сцэне РДК эстраднай групы “Нэкст-Джэнірэйшэн” з Мінска, якая лічыцца лепшай у рэспубліцы ў маладзёжным эстрадна-спартыўным руху “чэрлідзінг”, у якім выкарыстоўваюцца элементы акрабатыкі, спартыўных танцаў і захапляльнага музычнага шоу. Як вынік, глядзельная зала неаднаразова “ўзрывалася” бурнымі апладысментамі, воклічамі захаплення.

Шчыра павітаў удзельнікаў Інтэлект-рынгу намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін.

Вялі інтэлектуальную гульню Віктар Радзько і былыя члены клуба інтэлектуалаў “Ра” Елізавета Шушкевіч і Ірына Хаванская.

У самым пачатку змястоўнага тэатралізаванага дзейства адбылося знаёмства з самай маладой па ўзросту яго ўдзельнікаў камандай пад назвай “Ін-прайт”, якая складалася з вучняў 4-5 класаў школ нашага горада. З большасцю гэтых юных талентаў Віктар Радзько займаўся яшчэ з першага класа, калі яны толькі пераступілі парог школы, але да ўдзелу ў інтэлектуальных спаборніцтвах гэтыя здольныя хлопчыкі і дзяўчынкі былі дапушчаны ўпершыню. Дзякуючы ім, упершыню ўдзельнічалі ў барацьбе вучні ўзроставай групы “міні” (вучні 4-5 класаў). Асобна падводзіліся вынікі ва ўзроставых групах “ювеналы” (вучні 6-8 класаў) і “юніёры” (вучні 9-11 класаў).

Усяго было праведзена чатыры інтэлектуальныя гульні. Першая называлася “Медыя-азбука” і яе заданні высвечваліся на белым палотнішчы кінаэкрана з дапамогай светлавога праектара і відэатэсту, што ўяўляў сабой адну з літар алфавіта і малюнак, фотаздымак, карціну, выяву рэчы і г. д., па якіх трэба было адгадаць назву таго, што бачыш, калі даецца толькі першая літара ў алфавітным парадку і 20 секунд на роздум. Напрыклад, на літару “Ж” былі паказаны невялікія рыбкі, у тым ліку начэпленыя на кручок, і трэба было здагадацца, што гэта “жывец”. Прытым, гэтае заданне было адным з самых лёгкіх.

Наступныя інтэлектуальныя гульні мелі назвы “Экспрэс-эрудыт”, “Болей-меней”, “Што? Дзе? Калі?”, у ходзе якіх у вучнёўскай моладзі развіваліся эрудыцыя, хуткасць рэакцыі на нестандартныя абставіны, логіка і крэатыўнасць мыслення.

Ва ўзроставай групе “ювеналы” перамагла каманда “Гузікі” з Віцебска, другое месца заняла каманда “Дубль-дзіес” з Фарынава Полацкага раёна, трэцяе – каманда “Бульдозеры” з Віцебска. А сярод “юніёраў” не аказалася роўных зборнай камандзе Лепеля “Тэтрайтэс”, другой  стала каманда “Каапгандаль” з Пастаў, трэцяе месца – ў каманды “Экспромт” з Варапаева Пастаўскага раёна. У складзе “Тэтрайтэса” выступалі Анастасія Семянько (капітан) з гімназіі, Максім Вашкевіч, Паліна Карпенка, Маргарыта Спірава з СШ №3, Марыя Долбіч і Алег Палонскі з СШ № 4. Усе пераможцы і прызёры Інтэлект-рынгу былі ўзнагароджаны Дыпломамі райвыканкама, медалямі і каштоўнымі падарункамі. Акрамя таго, інтэлектуалы “Тэтрайтэс” заваявалі яшчэ і “Кубак правінцыі”, ім уручаны каштоўны прыз — сучасны плазменны тэлевізар.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымках: намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін вітае ўдзельнікаў інтэлект-рынгу “Кубак правінцыі” на прызы старшыні райвыканкама Пятра Шыкшняна.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>