Першая стаянка чалавека

13552838102f040eedded9c943b3d441ccfa0ad7756Па сцвярджэнні большасці навуковых даследчыкаў, у эпоху палеаліту (ад двух мільёнаў гадоў да дзесяці тысяч гадоў да н. э.) са Скандынаўскага паўвострава на тэрыторыю Лепельшчыны па меншай меры пяць разоў насоўваліся ледавікі, якія часткова або поўнасцю перакрывалі яе. У часы пятага (паазёрскага) зле­дзянення 95 — 10 тысяч год таму ледавік дасягнуў паўднёвай мяжы цяперашняга Беларускага Паазер’я. Пасля таго, як апошні ледавік растаяў, сплылі па поймах рэк вялізныя водныя патокі ў Балтыйскае і Чорнае моры, у асноўным склаўся сучасны рэльеф паверхні зямлі. Паступова на ёй узнікаў і фарміраваўся раслінны і жывёльны свет.
Час, калі ўпершыню з’явіўся чалавек у нашай мясцовасці, дакладна вызначыць немагчыма. Гэта магло адбыцца ў любы перыяд межледнікоўя.
У час позналеднікоўя ў нашым родным краі шырока распаўсюдзіліся бярозава-хваёвыя лясы, аднак клімат яшчэ заставаўся даволі халодным. І толькі ў наступным, ужо больш цёплым, прамежку часу знікла вечная мерзлата, ледавік адступіў за межы паўднёвай Фінляндыі. У выніку ўзніклі яловыя лясы з дамешкам шырокаліставых парод. На думку шэрага вучоных, тэмпература паветра ў ліпені, самым гарачым месяцы, у той перыяд была толькі на два градусы ніжэй за сучасную.
Што датычыць старадаўняй фаўны Лепельшчыны, то ў нашай мясцовасці выяўлены рэшткі 70 відаў і пад­відаў сысуноў. Умоўна іх падзяляюць на тры групы: віды, што некалі вымерлі і нідзе больш не сустракаюцца (мамант, слон паўночны, шарсцісты насарог, пячорны мядзведзь і інш.); віды, якія калісьці жылі тут, цяпер жа насяляюць іншыя рэгіёны (аўцабык, паўночны алень, дзікабраз і інш.); віды, што жывуць і цяпер (зубр еўрапейскі, алень высакародны, воўк, бабёр і інш.).
Нашы старадаўнія продкі палявалі на буйных жывёлін — маманта, шарсцістага насарога, займаліся збіральніцтвам, навучыліся здабываць агонь, будаваць жытло. У гэты час адбыўся пераход ад першабытнага чалавечага статка да радавога ладу. Галоўныя рысы гэтай эпохі — развіццё вытворчасці прылад працы з крамянёвых пласцін, пашырэнне лука і прыручэнне сабакі. Развіваліся спосабы апрацоўкі косці, першабытнае мастацтва, існаваў складаны пахавальны абрад, аформіліся рэлігійныя ўяўленні.
У эпоху мезаліту (дзявятае — пятае тысячагоддзі да н. э.) склаўся мацярынска-радавы лад, фарміраваліся плямёны, развівалася родаплемянная ўласнасць. Асноўным гаспадарчым калектывам была радавая абшчына, у якой вытворчыя адносіны цалкам супадалі з адносінамі кроўнага сваяцтва па мацярынскай лініі і былі заснаваны на калектыўнай вытворчасці, уласнасці і пэўнай роўнасці спажывання. Пакуль што самую старажытную стаянку чалавека на тэрыторыі Лепельшчыны, які жыў тут прыкладна дзевяць тысяч гадоў таму, выявіў у 80-я гады дваццатага стагоддзя на заходнім беразе возера Лепельскае, ва ўрочышчы Пясчаніца, на мысе, утвораным ручаём і берагам возера, археалагічны атрад Акадэміі Навук нашай краіны пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук У.П. Ксяндзова. На тэрыторыі гэтага старадаўняга паселішча, якое размяшчалася на плошчы ў сотні квадратных метраў, у выніку раскопак былі знойдзены крамянёвыя прылады працы, каменныя нажы, сякера, адбойнікі, іншыя рэчы, якімі карысталіся тагачасныя мясцовыя жыхары.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>