Пашавы перыяд

212Апошняя дэкада красавіка ў сельгасарганізацыях адзначылася сёлета пачаткам пашавага перыяду. Аднымі з першых на зялёныя палеткі буйную рагатую жывёлу вывелі працаўнікі ААТ “Лядна”.
Усяго ў гаспадарцы гадуюцца 1606 галоў, з іх 475 дойных кароў, 99 нецеляў, 667 цялушак для абнаўлення статка, 201 бычок на адкорме, цяляты на дарошчванні. На выпас пайшла жывёла не ўся, толькі дойныя каровы і цялушкі агульнай колькасцю пад тысячу галоў. Жывёла размеркавана на пяць статкаў прыблізна па 200 галоў. Расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Людміла Верташонак:
— Кожны статак абслугоўвае персанал з дзесяці чалавек. Чатыры пастухі выпасаюць кароў кругласутачна па двое праз суткі. За выпас аднаго статка ў месяц гаспадарка плаціць 24 мільёны рублёў. Атрымліваецца па шэсць мільёнаў рублёў на пастуха. Адзін статак на абслугоўванне ўзялі трое, ім, адпаведна, будзе выплачвацца па восем мільёнаў рублёў. Кароў дояць па пяць даярак: чатыры асноўныя і адна падменная. Таксама за кожным статкам замацаваны трактарыст з трактарам для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне мабільнай дойкі, падвозу вады і камбі­корму, адвозу малака. Персанал забяспечаны ўсім неабходным інструментам і прыладамі.
Спачатку дапусціў меркаванне, што ранні вывод кароў у поле мог быць вымушаным з-за недахопу кармоў, аднак гэтыя дапушчэнні абвергнуты. Летась “Лядна” нарыхтавала запас кармоў на паўтара года. На сёння ў наяўнасці — 1600 тон сенажу, 1943 тоны кукурузнага сіласу, 48 тон сена. Гэтай кармавой базы хапіла б пагалоўю яшчэ больш як на месяц. Гэта пры тым, што яшчэ каля 900 тон сіласу месяц таму было прада­дзена суседзям, ААТ “Ладасна”.
Адаптацыя жывёлы да новага рацыёну харчавання праходзіла ў прывычным рэжыме. Акрамя гэтага, некалькі дзён на фермах рыхтаваліся да пашавага ўтрымання, пасля абеду выводзілі кароў на пашы. Усё ж часовага зніжэння надояў пазбегнуць не ўдалося. Так, пры завяршэнні стойлавага перыяду сярэднясутачны надой на карову ў ААТ “Лядна” складаў 13,6 кілаграма малака. У першыя дні надой знізіўся амаль да 12 кілаграмаў. Пасля прывыкання арганізмаў кароў да зялёнага корму надоі вярнуліся на ранейшы ўзровень, а потым і выраслі да 14,2 кілаграма. Малако ў ААТ “Лепельскі МКК” здаецца гатункам экстра і вышэйшым. Аднак некалькі разоў з-за недагляду персаналу давялося здаваць другім гатункам, што, несумненна, адбілася на грашовай выручцы. Увогуле, працоўная дысцыпліна даярак, даглядчыкаў жывёлы, пастухоў часта жадае быць лепшай. Таму кіраўніцтва прадпрыемства вымушана рэгулярна правяраць работні­каў з дапамогай алкатэстара.
Аднак ёсць і працаўнікі выдатныя, якія з’яўляюцца прыкладам для астатніх. Раздойвае цялушак Валянціна Шавалда. Пад яе доглядам — 46 галоў, удзельны надой складае 22 кілаграмы, валавы — 992 кілаграмы за суткі. Для параўнання, валавы надой фермы ў Казіншчыне складае 1146 кілаграмаў. Цялушак раздойвае і Наталля Стэльмах, атрымлівае па 20 кілаграмаў ад галавы. Вераніка Ярмольчанка выдатна спраўляецца з групай кароў, у бліжэйшы час яе таксама плануюць за­дзейнічаць на раздойванні. Дарошчваннем цялятаў да чатырох месяцаў займаецца Ніна Таран, дасягае прывагаў да 750 грамаў за суткі. Маладняк ад яе прымае Таісія Вашчук, прывагі не зніжаюцца. Бычкоў адкормлівае Генадзь Мірановіч.
Прыехаў на поле якраз тады, калі брыгада пачынала даенне. Каровы, пад’еўшы, мірна ляжалі, па чарзе падыходзілі да даільных апаратаў.
Васіль
МАТЫРКА.
На здымку: падчас дойкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>