Cельсавецкія будні

Старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй падводзіць вынікі зробленага па добраўпарадкаванні і іншых накірунках дзейнасці за апошнія паўгода.
— Васіль Аляксандравіч, назавіце найбольш праблемныя аспекты, звязаныя з добраўпарадкаваннем на тэрыторыі сельсавета. Што ўдалося зрабіць?


— Пэўную праблему ўяўляе дарожнае пакрыццё. Прынамсі, доўгі час заставалася неадрамантаванай пад’язная дарога да могілак у Горках па прычыне нявызначанасці з яе прыналежнасцю. Зараз справа кранулася, дарогу перадалі на баланс філіяла “Лепельскае ДРБУ №202” КУП “Віцебскаблдарбуд”. На дарозе адлегласцю 250 метраў зроблена “падушка” з цвёрдых будаўнічых адходаў, зверху дарога высыпана гравіем, а пасля яшчэ і шчэбнем.
— Што гэта дасць?
— Большыя магчымасці своечасовага догляду: цёплым сезонам — праводзіць грэйдаванне дарог, халодным — расчыстку снегу.
— Грошы, выдаткаваныя на расчыстку снегу, сёлетняй зімою былі не выкарыстаны. Куды яны пойдуць?
— На ўтрыманне дарог — падсыпку, грэйдаванне, рамонт асфальтавага пакрыцця. Яшчэ ўвосень адрамантавалі ўчастак дарогі па Заслонаве: на трохстах метрах паклалі асфальт, адрамантавалі дзвесце квадратных метраў ямачнага пакрыцця — каля аптэкі, дамоў №602 і 604 і на выездзе з населенага пункта. Патрабуе рамонту дарога з Заслонава на Караевічы. Рамантуем яе паэтапна, пачынаючы з пазамінулай зімы. Раней сіламі ДРБУ №202 ужо зрабілі рамонт на ўчастку працягласцю чатыры кіламетры, затым — яшчэ крыху. Застаўся ўчастак на выездзе з Заслонава. Падсыпалі гравіем дарогу з Горак на Міхалова. На чарзе — рамонт дарогі на Гарадчэвічы, асфальтавае пакрыццё якой прыйшло ў непрыгоднасць. Пад’езд да вёскі Межыца 2 таксама чакае добраўпарадкавання, аднак пакуль не хапае сродкаў, і з асвятленнем там ёсць праблемы — як па дарозе, так і ля аўтобуснага прыпынку.
— А ці ўзнікалі праблемы з асвятленнем у іншых населеных пунктах?
— Сацыяльныя стандарты ў гэтай сферы выконваюцца: у буйных населеных пунктах, ля сацыяльна значных аб’ектаў — студняў, аўтобусных прыпынкаў, ФАПаў, амбулаторый, школ і г.д. — гараць ліхтары. Іншая справа, што часта перагараюць лямпачкі. Двойчы на месяц інфармуем аб гэтым энергасеткі. Правялі аптымізацыю асвятлення ў Заслонаве. Для некаторых участкаў — на дарозе ад універсама да дома №538, ля аўтобуснага прыпынку — яшчэ афармляецца праектна-каштарысная дакументацыя.
— Як вядома, пэўныя праблемы ствараюць аварыйныя дрэвы. Як вырашаеце гэтую праблему?
— Летась выразалі аварыйныя дрэвы ў Зорніцы і Горках. Выяўлены таксама такія дрэвы ў Заслонаве ля дома №10 і за школай.
— Старыя аварыйныя дамы псуюць эстэтычны выгляд населеных пунктаў…
— Згодзен. І мы імкнёмся не пакідаць без увагі гэтай праблемы. З пачатку існавання адпаведнага Указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з 2006 года на тэрыторыі сельсавета ліквідавана 48 такіх будынкаў. І вось выяўлены два чарговыя — у Слабадзе і Бораўне.
— Зіма аказалася не такой суровай, і ўсё ж ці хапіла назапашаных дроў?
— Апошнім часам актыўна заняліся саманарыхтоўкай дроў на ўчастках кустоў ля Горак і Палян. Задаволены патрэбы звыш пяцідзесяці чалавек. Дровы, нарыхтаваныя такім чынам, абыходзяцца надзвычай танна — недзе каля пяцідзесяці тысяч за прычэп. А вывозяць іх часцей на конях, хаця мы прапаноўваем і свой транспарт.
— Ці ёсць праблемы з вывазам смецця?
— Хіба што буйнагабарытнага. Міні-палігоны зачынены. З аднаго боку гэта добра — у экалагічным аспекце. Аднак жа і карыстацца паслугамі камунальнікаў для вывазу, скажам, старой канапы і іншых непатрэбных рэчаў людзям накладна. Дробнае ж смецце, якое трапляе ў кантэйнеры, устаноўленыя паўсюль, вывозіцца спраўна.
— Ці не стварылі сухая восень, а затым і зіма, праблемы з водазабеспячэннем?
— Вострых праблем амаль не ўзнікла. Летась пабудавалі дзве новыя студні ў Гарадчэвічах, будаўніцтва вяло КУВП “Бароўка” за ўласныя сродкі. Правялі капітальны рамонт студняў у Будзішчы і Зорніцы. Даволі сур’ёзная сітуацыя з водазабеспячэннем у Караевічах, дзе патрэбна адрамантаваць чатыры студні, і адну — у Міхалове. Былі паломкі на водаправодах у Горках і Бораўне, першая ліквідавана, другая пакуль не.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>