Турнір па міні-футболе сярод школ Лепеля

На завяршэнне футбольнага сезона 2013 года ў Лепелі праводзіўся навагодні турнір па міні-футболе сярод школ. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды ад усіх школ горада, дружыны выставілі Бароўская, Заслонаўская і Слабадская сярэднія школы.
Расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Дзямко:
— Для ўдзелу ў турніры былі запрошаны школьнікі да 2000 года нараджэння. Узроставае абмежаванне звязана найперш з тым, што менавіта ў гэтай узроставай катэгорыі летам будуць праводзіцца рэспубліканскія спаборніцтвы “Каласок” сярод сельскіх раёнаў і “Скураны мяч” на прызы прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Трэба футбалістаў падбіраць і рыхтаваць загадзя, для гэтых мэтаў і быў прымеркаваны турнір.
Гульні праходзілі па кругавой сістэме: каманды былі размеркаваны на дзве групы, дзе ў матчах паміж сабой вызначалі лепшых. У фінальных гульнях за першае і другое месцы сустракаліся пераможцы груп, другія нумары аспрэчвалі месцы трэцяе і чацвёртае.
Пераможцай турніру стала каманда Бароўскай сярэдняй школы. Гутарым з трэнерам бароўскай каманды Віктарам Мацюшэнкам:
— Віктар Леанідавіч, ці цяжка дасталася перамога ў фінальнай гульні вашым выхаванцам?
— У фінале супраць нас выступала каманда з Заслонава, мы яе абыгралі з лікам 11:4. Лік кажа сам за сябе, гульня прайшла лёгка, на адным дыханні. Самай цяжкай, сапраўды фінальнай стала гульня супраць каманды са Слабады, мы іх адолелі з лікам 6:4.
— У чым моцныя бакі Слабадской каманды і што дапамагло вам?
— У камандзе Слабадской школы гуляў Паша Ляйко, ён амаль адзін выцягваў усю гульню каманды. У ім удала спалучыліся і фізічныя даныя, і тэхнічнае майстэрства. Аднак у іх кароткая лаўка запасных, вельмі мала школьнікаў, якія могуць на годным узроўні гуляць у футбол. На турнір, напрыклад, са Слабады прыехала толькі каманда асноўных ігракоў, ні аднаго запаснога футба­ліста не было.
Паводле рэгламенту спаборніцтваў, можна было выставіць каманду да дзесяці чалавек: пяць асноўных і столькі ж запасных. Мы гэтым скарысталіся ў поўнай меры. Дадалі таксама багаты гульнёвы вопыт і зладжанасць на ўсіх лініях — ад абароны да нападзення. Вось такі рэцэпт “кактэйлю” перамогі.
— Каго з футбалістаў маглі б адзначыць асабліва?
— Усе выступалі на належным узроўні, выкладваліся па поўнай праграме. У абароне лепш гуляў Ілья Гладкі, у нападзенні — Жэня Касьянаў. На варотах стаяў Віця Хацько, але яму даволі часта даводзілася даставаць адтуль мячы.
Бліжэйшая футбольная перспектыва выглядае наступным чынам. Маладым аматарам гульні №1 належыць некалькі месяцаў трэніравацца. Пакуль на вуліцы мароз і снег, да іх паслуг прадстаўлены спартыўныя залы. Як толькі падсохнуць стадыёны, надыдзе пара вялікага футбола. На вясну прымеркавана правядзенне абласной спартакіяды, у рамках якой, сярод іншага, будуць згуляны некалькі футбольных матчаў. Лета — час “Каласка” і “Скуранога мяча” — галоўных юнацкіх футбольных спаборніцтваў.
Трэнерская праца пачалася ўжо зараз, па традыцыі падрыхтоўка раённай каманды ўскладзена на Віктара Мацюшэнку і Аляксандра Прыцкера. Трэнеры ўжо склалі графік і паводле яго рэгулярна збіраюць падлеткаў у спорткомплексе.
Лепельская каманда некалькі разоў была пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў, займала прызавыя месцы. Застаецца спадзявацца, што і сёлета маладое пакаленне падхопіць славутыя традыцыі іх папярэднікаў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>