На крайняй Поўначы

У пачатку ліпеня ў складзе беларускага зводнага студэнцкага будаўнічага атрада з 80 чалавек, сфарміраванага Рэспубліканскім штабам студэнцкіх атрадаў БРСМ для работы на будаўнічых аб’ектах Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Ра­сійскай Федэрацыі, накіраваліся і 28 юнакоў – навучэнцаў Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Сярод іх былі сем чалавек з групы №226 (“прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”) – Яўген Гяч, Аляксандр Кліменцьеў, Аляксей Манкевіч, Мікалай Сяцко, Уладзімір Хадун, Аляксандр Цвяткоў і Мікалай Сыцік. Прыбылі ў Новы Урэнгой толькі праз трое сутак. Затым на вахтавых аўтобусах дабралі­ся ў пасёлак Пангоды, дзе пераначавалі. Рані­цай прадоўжылі шлях да Надыма, дзе зводны студэнцкі атрад быў разбіты на тры лінейных. Той, у якім аказаліся лепяльчане, на верталёце на працягу чатырох гадзін ляцеў над тундрай да месца прызначэння. Унізе праплывалі вялікія бязлесныя прасторы, пакрытыя чэзлай расліннасцю, кустоўем і густой травой. Забалочаныя землі на вечнай мерзлаце толькі час ад часу перарываліся воднай гладдзю вялікіх і малых азёр, рэк і рачулак. Спачатку цікава было назіраць у ілюмінатар за бясконцымі краявідамі тундры, знакамітай Обскай губы, аднак потым стома ад дарогі, манатоннага гулу вінтакрылай машыны ўзяла сваё — і большасць пасажыраў стала хіліць на сон…

Верталёт прызямліўся ў ваколіцах пасёлка Баваненкава, дзе адкрыта газакандэнсатнае радовішча Ярсалінскага раёна Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Студатрадаўцаў размясцілі ў мабільных перасоўных доміках па восем чалавек у кожным, дзе меліся электрычнасць, аўтаномнае ацяпленне, элементарныя камунальныя ўмовы для пражывання.

Пасля невялікага адпачынку прыступілі да працы. Будавалі і рамантавалі жалезабетонныя дарогі ў ваколіцах газакандэнсатнага радовішча, закладвалі падмуркі пабудоў, манціравалі пліты, афарбоўвалі трубы газапровадаў, эстакад, слупоў… Напрыклад, на вечнай мерзлаце немагчыма выкарыс­тоўваць асфальтаваныя дарогі, яны разбураюцца, правальваюцца ў няўстойлівую глебу. Таму транспартныя шляхі выкладваюць жалезабетоннымі плітамі памерам 2 Х 6 метраў. Нашы студэнты-будаўнікі рыхтавалі аснову пад гэтыя пліты. Як вынік іх зладжанай працы, ад газакандэнсатнага радовішча пабеглі ўдалячынь зручныя і трывалыя дарогі, па якіх падвозяць лю­дзей на працу да газавых вышак, газапомпавых станцый, разгалінаванняў газаправодаў, іншых аб’ектаў, дзе прыроднае паліва непасрэдна здабываецца і пачынае свой доўгі шлях да спажыўцоў, што знаходзяцца за тысячы кіламетраў ад гэтых мясцін.

Апрача таго, яны абуладкоўвалі шматлікія пабудовы жыццязабеспячэння, у тым ліку ўзводзілі каналізацыйна-ачышчальныя сістэмы, якія папярэджваюць забруджванне навакольнага асяроддзя, ствараюць нармальныя ўмовы для пражывання людзей у гэтых экстрэмальных кліматычных умовах.

Працавалі ў дзённыя і начныя змены. Хаця слова “начныя” не зусім адпавядае сапраўднасці, паколькі быў самы росквіт палярнага лета – увесь час свяціла сонца, на працягу сутак яно рухалася па небасхілу, але не хавалася. Праўда, праз два-тры тыдні нашага знаходжання на крайняй Поўначы сонца пачало ўсё ніжэй схіляцца долу, а потым на пэўны час зусім стала знікаць за лініяй гарызонта, на небе заставаліся толькі яго яркія водблескі. Надышлі халады, замаразкі, узмацніліся пра­нізлівыя вятры. Добра, што прымаючы бок забяспечыў нас цёплым адзеннем, іншымі неабходнымі рэчамі для работы і пражывання ў тундры. Наогул, тут наступіў кліматычны перыяд, які можна параў­наць з нашай беларускай позняй восенню.

Паступова павялічваўся цёмны час сутак. Узнікшую начную цемру сталі раз-пораз асвятляць зарніцы вельмі прыгожага, рознакаляровага “паўночнага ззяння”, непаўторнае ўражанне ад якога нельга перадаць словамі, гэты цуд трэба ўбачыць увачавідкі, каб ацаніць яго сапраўднае хараство.

Цікава было назіраць і за паўсядзённым жыццём ненцаў – карэнных жыхароў гэтага краю. Яны качуюць па прасторах тундры разам са сваімі шматлікімі статкамі паўночных аленяў. Гэтыя жывёліны нават у моцныя халады здольныя вострымі капытамі выкопваць з глыбокага снегу ягель – разнавіднасць мху, што з’яўляецца для іх кормам. Большасць ненцаў, як і сотні гадоў таму, па-ранейшаму жывуць у чумах – старадаўніх перасоўных пабудовах, выдатна прыстасаваных да суровых умоў крайняй Поўначы. Праўда, яны ўсё больш пачынаюць выкарыс­тоўваць і здабыткі сучаснай цывілізацыі ў выглядзе радыёпрыёмнікаў, спадарожнікавага тэлебачання, сотавых тэлефонаў, пераносных рухавікоў для выпрацоўкі электраэнергіі і г. д. Дзеці іх вучацца ў школах-інтэрнатах. Іх зачастую “адлоўліваюць” па тундры, забіраюць ад бацькоў на час вучэбных заняткаў у агульнаадукацыйных школах.

За напружанай працай, строгім рытмам паўсядзённых спраў непрыкметна ляцеў час. Дзякуючы і нашым намаганням на прасторах тундры ўзніклі разнастайныя аб’екты вытворчага і сацыяльнага прызначэння, якія дазволілі пачаць здабычу прыроднага газу на яшчэ адным радовішчы Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Ра­сійскай Федэрацыі.

Потым паступіў загад збірацца ў дарогу. Нам заплацілі з разліку 17400 расійскіх рублёў кожнаму за месяц працы. Паколькі працавалі больш за два месяцы, атрымалі неблага – амаль па сорак тысяч рублёў. Прытым, праезд у абодва бакі быў абсалютна бясплатны.

Аповед камандзіра лінейнага студэнцкага атрада Яўгена Гяча запісаў

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымках: навучэнец 215 групы аграрна-тэхнічнага каледжа Канстанцін Воюш на працоўным месцы на крайняй Поўначы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>