Гонар гаспадаркі

Сельскагаспадарчае вытворчае прадпрыемства (СВП) “Пражэктар” хоць і з’яўляецца філіялам РУВП “Віцебскхлебпрам”, аднак жывёлагадоўлі ўдзяляецца таксама вялікая ўвага.
Расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Ганна Крыўко:
— Галоўным напрамкам выбрана малочная жывёлагадоўля, бо гэта фінансава выгадна, малако можна рэалізоўваць круглы год, атрымліваючы пастаянны даход.

На сёння ў “Пражэктары” ўтрымліваюцца 1616 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 595 дойных кароў, на адкорме — 66, цёлак на пакрыццё — 479, на дарошчванні — 476.
— Зімовы стойлавы перыяд пачаўся?
— Так, ужо каля месяца жывёлу ўтрымліваем у хлявах, вывелі яе з пашаў. Травы на палях растуць дрэнна.
Жывёла размешчана на чатырох фермах. У Слабадзе і Свядзіцы знаходзяцца бычкі на адкорме, цяляты на дарошчванні. У Даліках утрымліваюцца 511 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 343 — дойныя каровы. Аднак самай лепшай, гонарам гаспадаркі па праве лічыцца малочнатаварная ферма ў Велеўшчыне. Там утрымліваюцца 484 галавы жывёлы, з іх 252 — дойныя каровы. Калектыў фермы рэгулярна займае лідзіруючыя пазіцыі ў абласных вытворчых спаборніцтвах, атрымлівае граматы, дыпломы і каштоўныя прызы. Большая частка малака з гэтай фермы здаецца гатункам “экстра”, за што гаспадарка атрымлівае значны даход, а людзі — заробак.
— Дарэчы, якія фінансавыя паказчыкі малочнай жывёлагадоўлі?
— З пачатку года рэалізавана 2375,6 тоны малака. Надой на адну карову склаў 4117 кілаграмаў. Для параўнання, летась на карову за год надаілі 5362 кілаграмы, сёлета, калі ўсё будзе добра, плануем перавысіць мінулагодні ўзровень. Таварнасць склала 92 працэнты, гэта высокі паказчык. Гатункам “экстра” здадзена 59 працэнтаў малака, вышэйшым гатункам — 39 працэнтаў, першым гатункам — два працэнты. За малако гаспадарка атрымала 7317 мільёнаў рублёў. Пры сабекошце літра малака 2880 рублёў сярэдняя цана рэалізацыі склала 3249 рублёў за кілаграм. Прычым, розніца ў гатунку здаваемага малака вельмі адчувальная. Так, за кілаграм малака вышэйшага гатунку атрымліваем па 3047 рублёў, а вось за кілаграм гатунку “экстра” — 3537. Рэнтабельнасць вытворчасці малака складае 12 працэнтаў — добры паказчык.
— Аднак, буйная рагатая жывёла — гэта не толькі малако, але і мяса…
— Вядома. Аднак тут трэба прызнаць, што ў нашых умовах мясная жывёлагадоўля — стратная. Патлумачу на прыкладзе. Прыбытковасць мясной жывёлагадоўлі, значныя прывагі маюць тыя гаспадаркі, якія з самага пачатку арыентуюцца на вытворчасць мяса, вырошчваюць жывёлу мясных парод. У нас жа на мяса здаецца тая жывёла, якая не можа актыўна выкарыстоўвацца ў вытворчасці малака. Натуральна, што ў цёлак і бычкоў малочных парод не такія прывагі, як у мясных.
З пачатку года гаспадарка рэалізавала на мяса 416 галоў буйной рагатай жывёлы. Сярэдняя цана склала 17675 рублёў за кілаграм. У выніку была атрымана выручка ў 2745 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасць склала мінус 14 працэнтаў. З іншага боку, не здаючы жывёлу на мяса, мы б не мелі і гэтых грошай.
— Наколькі жывёлагадоўчая гаспадарка падрыхтавана да зімовага стойлавага перыяду?
— Выдатна. Мяркуйце самі: летась за год было нарыхтавана 25,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Сёлета ж — 35,5 цэнтнера, амаль на тону больш. Структура кармавых запасаў наступная: найперш нарыхтавана 400 тон сена, у траншэі закладзены 7360 тон сенажу і 7709 тон кукурузнага сіласу. Больш за 200 тон зерня закладзена для прыгатавання з яго камбікармоў, заклалі таксама 350 тон зерня кукурузы. Так што зіму сустракаем у поўнай гатоўнасці.
Самы ж галоўны патэнцыял прадпрыемства — людзі, працаўнікі. І, несумненна, адны з лепшых жывёлаводаў працуюць у Велеўшчыне. Ганарымся даяркамі Ірынай Пшонка, Аксанай Швед, Наталляй Казак. Дарэчы, дзве апошнія жанчыны заняты на раздоі цялушак — гэта вельмі цяжкая і адказная праца. Па-першае, не кожная маладая карова адразу дасца даіцца. Па-другое, ад умелага раздою залежыць у далейшым прадукцыйнасць каровы. Няўмелымі дзеяннямі можна і загубіць жывёлу, а можна атрымаць рэкардсменку. За гэту працу даплачваецца па 25 працэнтаў заробку.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>