1863 год на Лепельшчыне

IMG_7441Сёлета спаўняецца 150 гадоў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пра яго падзеі напісана некалькі старонак у падручніках па гісторыі. Як вядома, асноўныя баі паўстанцаў адбываліся ў заходняй частцы Беларусі, дзе традыцыйна ў паўстанцаў была больш шырокая сацыяльная база. Ды і дзейнасць Канстанціна Вікенція (Кастуся) Каліноўскага больш была звязана з Гродна ды Вільняй.

Лепельшчына таксама не засталася ўбаку ад паўстання, хаця і ў меншых маштабах.
Лепельскі павет у сярэдзіне ХІХ стагоддзя ахопліваў землі сучасных Лепельскага, Ушацкага, часткі Полацкага, Чашніцкага і Бешанковіцкага раёнаў. Сяляне жылі бедна, асноўнымі крыніцамі даходаў былі вырошчванне збожжавых культур, бульбы, лёну, гародніны, жывёлагадоўля, пчалярства, промыслы, найперш — сплаў лесу. Як пісаў у 1895 годзе ў сваім нарысе “Лепельскі павет Віцебскай губерні” краязнаўца І. Гарбачэўскі, на адну сялянскую сям’ю ў сярэднім прыпадала менш за чатыры дзеся-ціны зямлі, па сённяшніх мерках — каля чатырох гектараў. З сучаснага пункта гледжання можа падацца, што гэта шмат. Аднак не будзем спяшацца з высновамі. Улічым, што на той час сяляне прымянялі трохпольную сістэму землекарыстання, пры якой трэцяя частка надзелу заставалася незасеянай, адпачывала пад папарам. Ураджайнасць усіх культур была ўдвая, а то і ўтрая ніжэйшай за сучасную, 12–14 цэнтнераў збожжавых з гектара лічыліся рэкордам. З грошай, выручаных за продаж часткі ўраджаю, трэба было заплаціць даволі высокія падаткі. Сем’і былі вялікія, падрасталі па пяць–дзесяць дзяцей, якіх таксама трэба было карміць. Каб набыць якіясьці прамысловыя тавары — шкло, стрэльбу, газу для лямпы, трэба было, прадаючы частку ўра-джаю, капіць грошы даволі працяглы час. Як сыны падрасталі, заводзілі свае сем’і, на-дзелы драбіліся, дзяліліся, рабіліся яшчэ больш мізэрныя.
Не заўсёды і шляхта вызначалася заможнасцю ды багаццем, добрым станам спраў маглі пахваліцца нямногія.
Сялянская рэформа 1861 года была ўспрынята неадназначна. Дваранства губляла танную ці ўвогуле бясплатную працоўную сілу, частку сваіх земляў. Аднак за гэта атрымлівала выкуп. Сяляне, з аднаго боку, атрымалі асабістую свабоду, замацавалі за сабой уласныя зямельныя надзелы. З іншага боку, працэс вызвалення зацягваўся на некалькі гадоў. Да таго ж, яшчэ на 49 гадоў сяляне павінны былі плаціць дзяржаве выкупныя плацяжы, якія разам з падаткамі цяжкім грузам ускладаліся на сялянскія гаспадаркі. Такім чынам кожны слой насельніцтва лічыў сябе падманутым, ашуканым, задаваў сабе пытанні і шукаў адказы. Нямногія сяляне, як, напрыклад, Кандрат Мароз і яго сын Восіп з Фатыні, змаглі ўдала выкарыстаць сітуацыю і наладзіць паспяховую, прыбытковую гаспадарку, выкарыстоўваючы перадавыя ў другой палове ХІХ стагоддзя метады і тэхналогіі.
* * *
У асяроддзі шляхты, разначынцаў панавалі рэвалюцыйныя настроі, модныя на той час у Расійскай імперыі, Еўропе. Гэтыя слаі і сталі сацыяльнай базай паўстання 1863-64 гадоў. У Лепельскім павеце было зафіксавана некалькі спробаў узброеных выступленняў.
На вялікі жаль, звестак пра гэтыя падзеі захавалася вельмі няшмат. Самі паўстанцы з прычын канспірацыі вельмі мала выкарыстоўвалі пісьмовыя дакументы, каб яны, трапіўшы ў рукі царскіх уладаў, не прывялі да правалу ўсёй арганізацыі, рэпрэсій. Па-другое, арганізацыі па падрыхтоўцы паўстання на Лепельшчыне былі нешматлікімі, удзельнікі іх часцей заўсёды асабіста ведалі адзін аднаго, давяралі, таму пісьмовыя сувязі не падтрымлівалі.
Яшчэ адной крыніцай па вывучэнні падзей 1863-64 гадоў на Лепельшчыне маглі б стаць справаздачныя дакументы вайсковых, жандарскіх і паліцэйскіх часцей, якія ўдзель-нічалі ў сутычках з паўстанцамі, але яны адсутнічаюць у агульнадаступнай навуковай літаратуры. Таму застаецца толькі рэканструяваць падзеі і ладзіць меркаванні, распрацоўваць гіпотэзы.
У энцыклапедыях падаюцца звесткі пра тое, што агульнае выступленне паўстанцаў Віцебшчыны меркавалася пачаць 23 красавіка (па новым стылі), на Юр’еў дзень. Аднак задума не ўдалася. Незадоўга да гэтага паліцыі пашанцавала раскрыць некаторыя планы і арыштаваць частку паўстанцаў, канфіскаваць зброю і боепрыпасы. Асабліва значны правал быў у Люцынскім павеце (сучасная Латвія).
Якімі ж былі планы паўстанцаў? Адным з рэдкіх дакументаў, які прыводзіцца ў гістарычнай літаратуры, з’яўляецца загад паўстанцкага вайсковага начальніка Лепельскага павета. У ім указваецца на неабходнасць першачарговага захопу Бешанковічаў, Бачэйкава і паштовай станцыі Курылавічы. Паводле меркаванняў гісторыкаў, паўстанцы Лепельскага, а таксама Себежскага, Веліжскага, Полацкага, Віцебскага паветаў мелі мэту злучыцца і рушыць на Полацк, Віцебск, паспрабаваць захапіць Дынабург (сучасны Даўгаўпілс). Апошні горад, хаця і невялікі па памерах і колькасці насельніцтва, быў вельмі важны ў ваенных адносінах. Там былі раскватараваны рэгулярныя войскі, меліся запасы зброі і боепрыпасаў. У выпадку ўдачы паўстанцы маглі б істотна папоўніць сваё ўзбраенне. Аднак планы іх так і не былі рэалізаваныя. На вялікі жаль, і прозвішча паўстанцкага вайсковага начальніка Лепельскага павета не ўказана. Застаецца толькі рабіць меркаванні, кім быў гэты чалавек.
* * *
У гістарычных крыніцах упамінаецца пра некалькі атрадаў паўстанцаў Лепельскага павета і іх кіраўнікоў.
Адным з першых выступіў атрад пад кіраўніцтвам Отана Мікалаевіча Грабніцкага. Грабніцкія — старажытны беларускі шляхецкі род, вядомы з XVII стагоддзя. Напрыклад, Фларыян Грабніцкі (1664 — 1762) быў царкоўна-уніяцкім дзеячом, архіепіскапам Полацкім, мітрапалітам Кіеўскім, пахаваны ў Полацкім Сафійскім саборы, на аднаўленне якога, дарэчы, ахвяраваў шмат уласных грошай. З XVIIІ стагоддзя Грабніцкія валодалі маёнткам Арэхаўна, які на той час уваходзіў у Лепельскі павет. Бацька Отана Мікалай Грабніцкі быў заможным шляхціцам, у розны час выбіраўся маршалкам (кіраўніком) шляхты Лепельскага павета Віцебскай губерні. Акрамя гэтага, вёў гаспадарку, маёнтак прыносіў стабільна высокія даходы. Пры гэтым сяляне маёнтка жорстка эксплуатаваліся. Пад час прыгоннага права часта практыкаваліся цялесныя пакаранні.
Сядзіба Грабніцкіх у Арэхаўне ўяўляла сабой прасторны мураваны дом, пабудаваны ў другой палове XVIIІ стагоддзя ў папулярным у той час стылі кла-сіцызм.
Отан Грабніцкі нарадзіўся 12 сакавіка (па новым стылі) 1829 года. Отан — імя старажытнагерманскага паходжання. Так, напрыклад, звалі першых імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі, якія жылі ў Х — пачатку ХІ стагоддзяў.
Пачатковую адукацыі Отан хутчэй за ўсё атрымаў дома. Потым быў прыватны пансіён у Вільні, пасля якога малады чалавек паступіў на ваенную службу юнкерам уланскага палка. Служыў у Крыме, дзе на той час было дужа неспакойна. У 1854 годзе юнкера Грабніцкага арыштавалі “за шкодны склад думак” і прыгаварылі да двух гадоў турэмнага зняволення, якое адбываў у сумна знакамітай Петрапаўлаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга. Пасля вызвалення яго разжалавалі ў радавыя і накіравалі служыць у Сібірскі асобны корпус. Праз тры гады, у 1859 годзе Отан Грабніцкі звольнены са службы і вяртаецца ў радавы маёнтак. З кароткага апісання бачым, што перад намі — спрактыкаваны вайсковец, які мае вопыт баявых дзеянняў. Акрамя таго, ён валодае пэўным наборам лідарскіх якасцяў, здольны павесці за сабой.
Асноўныя дзеянні паўстанцаў на тэрыторыі Лепельскага павета разгарнуліся ў канцы красавіка — маі 1863 года. У гэты час набірала моц паўстанне ў Польшчы, паўстанцкія атрады на Віленшчыне і Гродзеншчыне мелі пэўныя поспехі ў барацьбе супраць царскіх войскаў і паліцыі.
Атрад пад камандаваннем Отана Грабніцкага выйшаў з Арэхаўна. Падраздзяленне налічвала некалькі дзясяткаў чалавек, у асноўным прадстаўнікоў дробнапамеснай і беззямельнай шляхты, разначынцаў, інтэлігенцыі. Паводле ўскосных, непацверджаных звестак, у ім удзельнічалі будучы беларускі паэт-дэмакрат Фелікс Тапчэўскі з братам. Яго нават у лютым 1864 года арыштавалі, утрымлівалі ў віцебскай турме, але даказаць факт удзелу ў паўстанні не змаглі, таму з-пад следства выпусцілі.
Звестак пра атрад засталося мала, але паспрабуем, зыхо-дзячы з логікі, аднавіць падзеі. Падпарадкоўваючыся загаду паўстанцкага вайсковага начальніка Лепельскага павета, атрад Грабніцкага рушыў у бок Лепеля, каб у яго наваколлях злучыцца з іншымі атрадамі, групамі і далей скіравацца ў бок Бачэйкава і Бешанковічаў. Малаверагодна, што атрад быў конны, бо большасць паўстанцаў не былі настолькі заможнымі, каб цалкам узброіць і экіпіраваць сябе. Па апісаннях сучаснікаў, зброяй былі стрэльбы, пісталеты, халодная зброя, купленыя на грошы, што адкладваліся даволі доўгі час. Пешая група выйшла з Арэхаўна на Ушачы, а адтуль, напэўна, — на Лепель праз Двор Жары, Ворань, Заазер’е, Юркаву Сцяну.
Дзейнасць атрада працягвалася нядоўга, літаральна праз некалькі дзён пасля шэрага дробных сутычак з паліцыяй і вайсковымі камандамі ён быў рассеяны. Людзі разбрыліся па лясах, многім удалося зноў вярнуцца да хаты і сваіх мірных спраў, не выклікаўшы падазрэння ўлад. Некаторым, як, напрыклад, Феліксу Тапчэўскаму, давялося даказваць сваю “невінаватасць”.
Отана Грабніцкага схапілі. Прысуд — шэсць гадоў катаргі. Паўстанцкі камандзір захварэў і памёр па дарозе ў Сібір у Екацерынбургу. Адным з прыёмаў барацьбы царскага ўрада супраць паўстанцаў была канфіскацыя маёнткаў. Адметна, што Арэхаўна ў Грабніцкіх не канфіскавалі, яны валодалі землямі аж да рэвалюцыі 1917 года
* * *
У гэтую ж пару — красавік-май 1863 года — разгортваюцца па-дзеі на другім баку Лепельшчыны — вакол маёнтка Валосавічы. Сюды, паводле задумы, сталі сыходзіцца асобныя атрады і групы з Барысаўскага, Сенненскага і Лепельскага паветаў з мэтай аб’яднання і супольных дзеянняў. Кіравалі імі А.Кучэўскі і Жултко (псеўданім). Да сярэ-дзіны мая да паўстанцаў далучыўся атрад з Лепеля пад камандаваннем былога падпаручніка П. Колба.
Чаму месцам збору былі абраныя Валосавічы? Трэба зазначыць, што яны на той час уваходзілі ў склад Барысаўскага павета Мінскай губерні, знахо-дзіліся на самым памежжы. Магчыма, гэта і ўспрымалася як выгода: з Валосавічаў можна было разгортваць дзеянні ў трох напрамках, зводзячы ў зман царскія войскі.
Аднак найбольш верагоднай прычынай збору ў Валосавічах лічу хутчэй за ўсё прыязнае стаўленне да паўстанцаў мясцовага землеўладальніка. Пасля цяжкіх пераходаў, калі атрадам трэба было рухацца па лясах, пазбягаючы дарог, сутычак з паліцыяй, жандарамі, урадавымі войскамі, паўстанцам патрэбны былі хаця б дзень-два адпачынку, папаўненне прыпасаў. Хутчэй за ўсё прытулак яны атрымалі менавіта ў Валосавічах. Калісьці імі валодалі паны Зацвеліхоўскія. Род меў польскія карані, спавядаў каталіцтва. Цалкам верагодна, што яны падтрымалі паўстанцаў.
Зараз вельмі цяжка сказаць, хто іменна стаў камандзірам аб’яднання. Аднак з самага пачатку яно аказалася пад пільным прыцэлам карных войскаў. У хуткім часе атрад вымушаны быў адступаць на поўдзень, у лясныя масівы. Сярэдзіна мая — ужо больш-менш цёплая пара, калі ў лесе ці адкрытым полі можна начаваць стаянкай ля вогнішча. Аднак дарогі пры гэтым яшчэ далёка не самыя лепшыя. Да такой пары яны ў іншы год не паспяваюць прасохнуць, таму рухацца па іх цяжка. Што ўжо казаць пра паўстанцаў, якім трэба было перамяшчацца, пазбягаючы дарог.
Пры гэтым атрад здолеў прайсці даволі вялікую адлегласць — да вёскі Падбярэззе, на памежжы сучасных Крупскага і Барысаўскага раёнаў. Па самых сціплых падліках — каля 30 кіламетраў. Там паўстанцы прынялі апошні няроўны бой.
У выніку бою шмат людзей загінулі, сярод іх і адзін з камандзіраў — А. Кучэўскі. Жултко і П. Колбу ўдалося вырвацца з боем, адарвацца ад пагоні. Сляды першага згубіліся, а апошняга, урэшце, схапілі і накіравалі ў Дынабург. Пасля разгляду справы ваенна-палявым судом П. Колб быў расстраляны.
* * *
Чаму ж паўстанне не атрымала шырокага водгуку сярод насельніцтва Лепельшчыны, найперш — сялянства?
Самая галоўная прычына ў тым, што вышэйшае кіраўніцтва якраз не давярала сялянству, баялася яго. У сваю ж чаргу царскі ўрад зрабіў максімальныя захады, каб сяляне як мінімум не падтрымалі паўстанцаў, а яшчэ лепей — дапамагалі карным сілам задушыць паўстанне. І гэтай мэты дасягнулі ў поўнай меры.
У вёсках з сялян былі арга-нізаваныя патрульныя каманды па 60–100 чалавек, на чале іх пастаўлены унтэр-афіцэры і салдаты. Задачай былі патруляванне, ахова мясцовасці, высочванне і затрыманне падазроных асобаў, выяўленне паўстанцкіх атрадаў і груп. За іх выдачу ўладам выплочваліся вялікія грошы. Сяляне лічылі паўстанне “панскай справай” і скарысталі момант, каб “разабрацца з панамі і шляхтай”.
* * *
Ужо паўтара стагоддзя аддзяляюць нас ад тых знака-мітых падзей. Усё менш і менш застаецца матэрыяльных слядоў. Дом Грабніцкіх у Арэхаўне існуе і сёння, уключаны ў пералік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Аднак без дбайнага гаспадара разбураецца, фактычна там засталіся цэлымі толькі мураваныя сцены. Сядзіба гаспадароў Валосавічаў не захавалася. Застаюцца толькі абрывачныя дакументы і ўспаміны.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: дом Грабніцкіх у Арэхаўне.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>