Лепяльчанін на калайдары

img_3037У Еўропе, на мяжы Швейцарыі і Францыі, базіруецца Еўрапейская арганізацыя па ядзерных даследаваннях. Навуковая лабараторыя складаецца з шасці галоўных паскаральнікаў. Асноўным праектам з іх у цяперашні час з’яўляецца Вялікі адронны калайдар, буйнейшы ў свеце паскаральнік элементарных часціц. З 2008 года ў рабоце навукова-даследчага цэнтра кожны год на працягу месяца прымае ўдзел лепяльчанін Сяргей Януш, навуковы супрацоўнік…

Нацыянальнага цэнтра фізікі часціц высокіх энергій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, член таварыства Атлас Еўрапейскага Цэнтра ядзерных даследаванняў (Швейцарыя — Францыя).
У заходняй частцы Швейцарыі, паміж горамі Альпамі і Юрой, на вышыні 400 — 500 метраў размешчана вялікае пласкагор’е з умераным вільготным кліматам. Гэта найбольш густазаселены раён краіны. У жывапіснай мясцовасці на паўднёвым захадзе пласкагор’я былі выбраны дзве асноўныя прымежныя пляцоўкі для будаўніцтва Еўрапейскага Цэнтра ядзерных даследаванняў (ля швейцарскага гарадка Мэйрын і французскага Прэвесан-Моэн).
Для ўліку вынікаў даследаванняў створана вылічальная сетка з фізікаў розных краін, у складзе якой наш зямляк Сяргей Януш піша ўласныя праграмы для правядзення аналізу даных і далейшай праверкі вынікаў на паскаральніку, уносячы тым самым значны ўклад у развіццё беларускай навукі. У навуковай лабараторыі створана некалькі буйных адкрыццяў. Так, чацвёртага ліпеня мінулага года прадстаўнікі Еўрапейскага Цэнтра паведамілі, што кожны з двух асноўных дэтэктараў калайдара назіраў новую часціцу з вялікай масай — каля 125-126 ГэВ. Таму можна меркаваць, што гэта часціца з’яўляецца базонам Хіггса, прадказаная шатландскім фізікам–тэарэтыкам Пітэрам Хіггсам яшчэ ў 1964 годзе. Гэты базон, на думку вучоных, адказвае за масу элементарных часціц Сусвету.
Фізік-тэарэтык Сяргей Януш вучыўся ў сярэдняй школе №3 г. Лепеля, завочна скончыў фізіка-матэматычную школу пры Белдзяржуніверсітэце, а ў 1989 годзе стацыянарна набыў веды на фізічным факультэце БДУ. Затым Сяргей быў накіраваны на работу ў Нацыянальную Акадэмію навук Беларусі, закончыў аспірантуру. Працаваў навуковым супрацоўнікам інстытута фізікі НАН па праблемах нейтроннай астрафізікі высокіх энергій. У 2008 годзе Сяргей перайшоў на работу ў Нацыянальны цэнтр фізікі часціц высокіх энергій БДУ. Сяргей атрымаў значны вопыт даследчай работы ў галіне тэарэтычнай фізікі — з навуковымі паведамленнямі і дакладамі выступаў у Санкт-Пецярбурзе, у Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў у Маскоўскай вобласці, у гарадах Трыест (Італія), Бургас (Балгарыя), Гамбург (Германія). Не выпадкова Сяргей атрымаў запрашэнні Еўрапейскага Цэнтра ядзерных даследаванняў і магчымасць выязджаць у Швейцарыю ў навуковыя камандзіроўкі. У сакавіку — красавіку бягучага года Сяргей быў у гэтай краіне ў пяты раз. Вучоныя, запрошаныя з розных краін, працуюць там вахтавым метадам, у тры змены, па восем гадзін за суткі, бесперапынна вядуць назіранні за фізічнымі з’явамі і паказаннямі прыбораў. Для прыезджых спецыялістаў устаноўлена прымальная аплата працы, створаны добрыя ўмовы для пражывання, харчавання, культурнага правядзення часу.
Па словах Сяргея, выходзячы з лабараторыі пасля працоўнай вахты, кожны раз звяртаеш увагу на яркія, выразныя контуры Альпійскіх гор, пакрытых лесам з піхты, елкі, лістоўніцы, хвоі. З вышыні 1800 метраў бачныя субальпійскія і альпійскія лугі. Вяршыні гор пакрыты снягамі і леднікамі. У свабодны ад работы час мясцовыя жыхары і прыезджыя маюць магчымасць адпачываць на берагах вялікага Жэнеўскага возера, размешчанага ў міжгорнай упадзіне. Яго даўжыня — 72 метры, а глыбіня — да 310 метраў. Берагі высокія, крутыя. Тут пабудаваны шматлікія кліматычныя і бальнеалагічныя курорты, на якіх адпачывалі знакамітыя асобы з розных краін. Ёсць на што паглядзець і ў бліжэйшым горадзе Жэнева. Гэта вельмі важны эканамічны і культурны цэнтр краіны, размешчаны ў жывапіснай узгорыстай мясцовасці. Тут развіты машынабудаванне, хімічная, тэкстыльная і харчовая прамысловасць. Прадукцыя, якая выпускаецца ў Жэневе (сучасныя электрацягнікі, турбіны для гідраэлектрастанцый, высакаякасныя гадзіннікі, ювелірныя вырабы), паступае і ў Беларусь. У горадзе захаваліся шматлікія помнікі ХII — ХVIII стагоддзяў. Тут знаходзяцца разнастайныя міжгароднія арганізацыі і ўстановы, дзе праводзяцца важнейшыя канферэнцыі і нарады.
Ілья ЯНУШ,
краязнавец.
На здымку: фізік-тэарэтык Сяргей Януш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>