Электрычны рот

Гэта не проста цікавы ды незразумелы выраз. Так па-іншаму часам называюць бітбоксінг — мастацтва стварэння і імітацыі рытмічных малюнкаў (бітаў) і мелодый пры дапамозе галасавога апарата і артыкуляцый органаў рота. Бітбоксінг паявіўся ў Нью-Йорку, працвітаў у васьмідзясятыя гады. Фільмы “Fat Boys”, “The Disorderlies”. Прадстаўнікі — Знамер Дэн, The Joock з калектыву пад назваю “Skinny Boys crew” (“Тощие парни”). Затым гэты накірунак меў пэўны заняпад. Адрадзіўся ён ужо ў новым тысячагоддзі.

У 2002 г. брытанскі бітбоксер Alex Tew заснаваў буйнейшую інтэрактыўную бітбоксінг-суполку. Праз год адбыўся першы Сход Бітбоксераў Human Beatbox Convention. Зараз ёсць шмат інтэрнэт-форумаў, дзе бітбоксеры абменьваюцца вопытам, а то і наўпрост вучаць гэтаму цікаваму мастацтву іншых.
Вядома, нічога гэтага я не ведаў, пакуль не пазнаёміўся ў актавай зале ліцэя з двума цікавымі музыкамі. Акурат яны на сцэне рэпеціравалі канцэрт да навагодняга свята. Гэтыя хлопцы нядаўна паспяхова выступілі на ліцэйскім штогадовым конкурсе “Таленты сярод нас”. Да таго ж, з дастаткова нетрадыцыйным мастацтвам.
Заходжу. Адзін іграе на гітары. А другі… таксама іграе, вось толькі інструмента ў яго ніякага няма, калі не лічыць мікрафона. Яго музычны інструмент — рот. Але якая музыка льецца ў пустую актавую залу! Гэта немагчыма перадаць словамі. Гэта трэба чуць! Ды ў музыкі і няма слоў, а ёсць рытм і душа. Пад рытм ногі самі просяцца ў скокі, а душа прымае мелодыю. Здаецца, я палюбіў бітбоксінг, як кажуць, з першага гуку. Міжволі выклікае павагу і сам выканаўца. Пакуль сябра, Жэня Рагуцкі, імкнецца на гітары патрапіць у рытм, ён, Саша Якімёнак, тым часам задае гэты самы рытм, акурат салавей. Як ён творыць музыку, ведаць да канца сакрэты майстэрства аднаму яму. Думаеце, лёгка? Тады паспрабуйце. Ці ў каго яшчэ атрымаецца…
— Даўно выступаеш у гэтым стылі? — пытаюся.
Аказваецца, яны разам іграюць усяго месяц, хаця даўно ведаюць адзін аднаго, разам вучыліся яшчэ ў гімназіі. Саша ніколі дагэтуль не пахваляўся сваім незвычайным талентам. Акрамя таго, хлопец малюе. Вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе талентаў з малюнкамі, ды нечакана прагаварыўся, што ўмее яшчэ і спяваць. Хто думаў, што спявае ён амаль як салавей?! Пачаліся рэпетыцыі, у выніку — удалы дэбют.
А падахвоціў Сашу да бітбоксінга сябар, Жэня Міснік. Неяк кажа: ”Хочаш паспрабаваць музыку… ротам сачыняць?” Вось так бывае, у “вучня” гэта пайшло нават лепей, чым у “настаўніка”.
— Нічога тут складанага, — тлумачыць Саша, — усе гукі фактычна падзяляюцца па прынцыпе “бочка-талерка”.
— Як-як?..
— А вы прыслухайцеся, — усміхаецца хлопец, — да гукаў, калі б’еш па бочцы і па талерцы.
Хлопцы захапіліся і нават вырашылі творча ўдасканаліць музыку языка, дапамагаючы ёй гітарнаю аранжыроўкаю.
Музыка, вядома, не адзінае захапленне ў сяброў. Любяць у вольны час і ў трэнажорцы пакачацца, і заняцца лёгкай атлетыкай, паганяць у футбол ці хакей. Звычайныя пацаны.
На здымку: музыка языка на сцэне ў ліцэі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>