“Белая Русь”

 17 лістапада 2007 года адбыўся першы сход грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, на якім, уласна, і было прынята рашэнне аб стварэнні гэтай арганізацыі, пашырэнні яе дзейнасці ў рэгіёны. Лепельшчына адгукнулася адной з першых, і ўжо чацвёртага красавіка 2008 года адбыўся першы сход актывістаў.
Усяго сабраліся 17 чалавек. Паколькі пераважная большасць іх, дзесяць чалавек, былі працаўнікамі ДРАЦ “Жамчужына” на чале з дырэктарам Верай Закрэўскай, то ёй і прапанавалі ўзначаліць новую арганізацыйную структуру.


— Першыя месяцы дзейнасці аб’яднання былі самымі цяжкімі, — успамінае Вера Іванаўна. — Усё трэба было пачынаць з нуля, а вопыту грамадскай працы бракавала. Толькі ўявіце сабе, колькі часу і намаганняў патрабуе распрацоўка і рэгістрацыя статутных дакументаў, наладжванне арганізацыйнай структуры. Скліканні і правядзенне першых канферэнцый — таксама вялікі пласт працы. Асобны бок — фінансавае забеспячэнне. Памер узносаў — 0,5 працэнта ад заробку. Здаецца, грошы невялікія, але і іх трэба акуратна сабраць, улічыць кожную капейку, правесці па бухгалтэрыі. Дарэчы, нязменным бухгалтарам раённай арганізацыі “Белай Русі” з першых дзён і да сённяшняга з’яўляецца Валянціна Александровіч.

Паступова дзейнасць “Белай Русі” шырылася, паўстала пытанне аб стварэнні пярвічных арганізацый на прадпрыемствах. Першая пярвічка была створана ў калектыве раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, потым — у “Жамчужыне”, РВУ “Лепельрайгаз”, падатковай інспекцыі.
Надзейнай апорай, рухавікамі “Белай Русі” на Лепельшчыне сталі майстар РВУ “Лепельрайгаз” Мікалай Булай, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Галіна Аўдзіевіч, супрацоўніца падатковай інспекцыі Ларыса Карась.
Адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці — дабрачынныя акцыі дапамогі найменш сацыяльна абароненым грамадзянам. Так, ужо ў канцы 2008 года пры непасрэднай дапамозе “Берай Русі” адбыліся ўзаемныя візіты хораў ветэранаў Лепеля і расійскіх Вялікіх Лукаў. Спачатку расіяне прыехалі на Лепельшчыну, іх гасцінна прынялі, хор выступаў перад дзецьмі ў школах, раённым Доме культуры. Для гасцей наладзілі некалькі азнаямляльных экскурсій. А праз пэўны час лепяльчане з візітам у адказ наведалі Вялікія Лукі. Вядома, акцыі папярэднічала значная арганізацыйная работа, былі задзейнічаны сродкі раённай арганізацыі для забеспячэння пражывання, харчавання, транспарту.
Добрай традыцыяй на Лепельшчыне стала правядзенне праваслаўных калядных фестываляў “Віфлеемская зорка”. На іх збіраецца шмат калектываў, асобных творцаў. А на Вялікдзень члены “Белай Русі” ўручаюць падарункі дзецям-інвалідам.
У канцы 2009 года Вера Закрэўская перадала кіраўнічыя функцыі раённай арганізацыі ў надзейныя рукі — дырэктару РВУ “Лепельрайгаз” Уладзіміру Курашэвічу. Ён працаваў энергічна, ініцыятыўна, арганізацыя праводзіла значную грамадскую работу. Аднак праз два гады Уладзіміра Анатольевіча перавялі на працу ў іншы раён, сход актывістаў прапанаваў Веры Іванаўне зноў узначаліць арганізацыю.
Сёння “Белая Русь” — гэта 480 чалавек, на рахунку якіх дзясяткі добрых спраў.
— Лепельская арганізацыя не самая шматлікая ў вобласці, — кажа Вера Іванаўна, — аднак мы і не гонімся за колькасцю, важна, што з намі самыя актыўныя. Наладзілі сталыя стасункі з усімі раённымі арганізацыямі “Белай Русі” вобласці, з многімі ў рэспубліцы, часта абменьваемся вопытам як пры сустрэчах на агульных з’ездах, так і ў прыватным парадку. Па запрашэнні раённай арганізацыі да нас прыязджаў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, праводзіў прыём грамадзян, сустракаўся з актывістамі. “Белая Русь” актыўна дзейнічала пад час абедзвюх выбарчых кампаній. Зараз нам выдзелілі памяшканне ў будынку СШ № 3, завяршаем там рамонт і на днях адбудзецца яго ўрачыстае адкрыццё. Сярод бліжэйшых планаў — шэраг мерапрыемстваў па ўмацаванні сувязяў паміж пакаленнямі. У новай прыёмнай плануем сабраць ветэранаў вытворчасці, узнагароджаных за працу ордэнамі і медалямі, і новае кіраўніцтва раёна, наладзіць абмен думкамі, вопытам у рамках “круглага стала”. Упэўнена, гэта добрая ідэя. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ шмат планаў і задум, пра якія мы абавязкова раскажам у свой час.
В. АЛЯКСАНДРАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>