2 августа — День десантников и сил специальных операций

i-vishnevskijІгар Вішнеўскі, які прайшоў нялёгкімі шляхамі Афганістана, не развітваецца з творчасцю і разам з работнікамі культуры сваімі спевамі радуе жыхароў раёна.

У час размовы з жыхапрамі раёна кожны раз упэўніваюся, што наш край багаты на таленавітых людзей. На гэты раз хачу распавесці пра кіроўцу дзяржаўнай установы культуры «Лепельскі раённы Дом культуры» Ігара Вішнеўскага.
Маё знаёмства з Ігарам Анатольевічам адбылося напярэдадні Дня дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. Чаму напярэдадні гэтага свята? Мой суразмоўца праходзіў службу менавіта ў гэтых войсках.
Горная Кіргізія…
Нарадзіўся Ігар у 1965 годзе ў горадзе Фрунзе (Кіргізія) у сям’і рабочых. Бацькі ўсё жыццё адпрацавалі на машынабудаўнічым заводзе імя Леніна: бацька – токарам, маці – у аддзеле кантролю.
У Кіргізіі – маляўнічая прырода, якая зачароўвае сваёй прыгажосцю. Зялёныя горныя схілы, шум горных рэк, высакагорныя азёры завабліваюць турыстаў у гэтую краіну.
У Беларусі для таго, каб адпачыць, людзі накіроўваюцца ў лес, а ў Кіргізіі – у горы. Ноч у палатцы, дзе да неба можна дакрануцца рукой, – гэтыя ўражанні немагчыма перадаць словамі, – адзначае Ігар Анатольевіч. – Мне падабалася разам з сябрамі і на леднікі схадзіць – так называюць лёд на вяршынях гор.
Як адзначае мой суразмоўца, паветра ў Кіргізіі больш гарачае, чым у Беларусі, аднак успрымаецца лягчэй з-за нізкай вільготнасці.
Пасля заканчэння васьмігодкі Ігар паступіў у Фрунзенскі машынабудаўнічы тэхнікум. Атрымаўшы прафесію тэхніка-тэхнолага, пачаў працоўны шлях на заводзе токарам на станку з лічбавым праграмным кіраваннем. Аднак юнак затрымаўся там не надоўга – усяго на некалькі месяцаў, бо 10 мая 1984 года быў прызваны ва Узброеныя Сілы СССР Ленінскім РВК горада Фрунзе.

untitledНа вайне…
Ля Алма-Аты ёсць горад Капчагай, дзе навабранец і праходзіў службу першыя 10 месяцаў. Потым усю часць адправілі ў правінцыю Гельмінт, што недалёка ад Кандагара Рэс­публікі Афганістан.
У Афганістане Ігар Анатольевіч праходзіў службу з 25 сакавіка 1985 года па 5 мая 1986-га. На аўтамабілі «Урал» забяспечваў ваеннаслужачых прадуктамі і ўсім неабходным.
Размяшчалася часць у пус­тыні. Спачатку жылі ў палатках, а потым самастойна ўзводзілі вялікія казармы з распаўсюджанага ў тых мясцінах будаўнічага матэрыялу – саломы і гліны.
Зімой у Афганістане вялікіх маразоў не было, але перапады тэмпературы днём і ноччу былі значныя. – Пакуль памыеш штаны, куртка ўжо і высахла, – так коратка апісвае надвор’е ў Афганістане, сухое і спякотнае, Ігар Вішнеўскі. – Аднак калі пад сонцам можна загараць, пад месяцам лепш апрануць фуфайку.
Бацькі ведалі, дзе прахо­дзіць службу іх сын, але ў сваіх лістах радавы Ігар Вішнеўскі падрабязнасцяй не расказваў.
Сярод саслужыўцаў былі хлопцы розных нацыянальнасцяў, і з усімі малады салдат меў таварыскія адносіны. А там па-іншаму было нельга.
Ігару, як і шматлікім воінам-інтэрнацыяналістам, даводзілася бачыць смерць саслужыўцаў. Таму, напэўна, пра вайну ён імкнецца не ўспамінаць і больш распавядае пра побыт вайскоўцаў на афганскай зямлі.
Так, напрыклад, Ігар Анатольевіч з усмешкай расказ­вае, як вайскоўцы зрабілі гітару са скрыні з-пад патронаў. Толькі б грыф і струны былі, а астатняе можна было і самому змайстраваць.
У паветрана-дэсантныя войскі хлопец трапіў ужо напрактыкаваным. З-за сваёй цікаўнасці яшчэ да прызыву ў войска наведваў авіяклуб, дзе шэсць разоў скакаў з парашутам. Потым і падчас службы яшчэ сем разоў паспытаў смаку паветра на вышыні. Дадаткова ад ваенкамата атрымаў спецыяльнасць кіроўцы.
У 1986 годзе Ігар вярнуўся са службы, а ў 1987-м ажаніўся з дзяўчынай Тамарай, з якой пазнаёміўся на вяселлі аднапалчаніна.
У 1993 годзе сям’я Вішнеўскіх пераехала ў Беларусь, якая з цягам часу стала дарагім і блізкім кутком.
Творчы шлях
З песняй і гітарай мой суразмоўца ідзе па жыцці даўно. Аднак адкуль такія здольнасці, бо не вучыўся ж ён гэтаму майстэрству ў прафесіяналаў?
– Калі паступіў у тэхнікум, разам з іншымі навучэнцамі перад пачаткам заняткаў наведваў калгас. Там адзін з хлопцаў быў невысокага росту, яшчэ ніжэйшы за мяне. Дарэчы, я заўсёды ва ўсіх шарэнгах па росце стаяў апошнім. Мой аднакурснік так добра выконваў розныя кампазіцыі, што заўсёды прыцягваў увагу дзяўчат. Тады я і вырашыў, што абавязкова павінен навучыцца граць на гітары. У той час захапляўся кампазіцыямі гуртоў «Машына часу», «Зямляне», песнямі Юрыя Антонава.
Дзесяць гадоў Ігар працуе ў раённым Доме культуры, з іх апошнія пяць выступае на сцэне.
– Мая былая супрацоўніца Марына Колас заўсёды ў мяне пыталася: «Ну, калі ты ўжо сыграеш на сцэне на гітары?”. І вось аднойчы, другога жніўня на Дзень дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый, я згадзіўся. З таго часу выступаю разам з мясцовымі артыстамі.
Праца ў Ігара Анатольевіча, як ён кажа, цікавая. У кампаніі з творчымі людзьмі сам пачынаеш захапляцца мастацтвам. Мужчыну нават не пужае тое, што часам даводзіцца працаваць да глыбокай ночы, бо кіроўца вяртаецца з мерапрыемства дадому апошнім.
Пазітыў і творчая энергія Ігара Анатольевіча зараджаюць не толькі калег, а і ўсю яго сям’ю. Унуку Севасцьяну ўжо споўнілася тры гады. Малады дзядуля ганарыцца кожным, нават самым невялікім, пос­пехам хлопчыка і лічыць сябе шчаслівым. У вольны ж час Ігар Анатольевіч любіць пахадзіць па лесе, падыхаць свежым паветрам і назапасіць для сям’і грыбоў і ягад.
* * *
Напярэдадні Дня дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый кіраўніцтва Лепельскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» выказвае шчырыя словы віншаванняў воінам-інтэрнацыяналістам і ўсім, хто праходзіў службу ў гэтых войсках. Гэта свята сапраўдных мужчын, якія ніколі не кідаюць слоў на вецер.
Калектыў рэдакцыі таксама далучаецца да шчырых віншаванняў. Моцнага вам здароўя, жыццёвага аптымізму, шчасця і поспехаў ва ўсіх справах!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>