Дзівосная восень

Дзівосная восень зірнула на ахвотнікаў пабачыць выставу дзіцячых вырабаў, зробленых з садавіны і агародніны. У выставе, што так і называлася, “Дзівосная восень”, прынялі ўдзел вучні самых розных узростаў. Не было межаў дзіцячай фантазіі. Тут можна было сустрэць кракадзіла, зробленага з агурка, кабачковае парася. Ажывілі дзеці і гарбуз. З песнямі і жартамі, на чале з “бабай Мікіціхай”, вазілі свае вырабы і на раённы кірмаш.

Здаровая школа
Пад музыку і песні, з урачыстай лінейкі пачаўся дзень здароўя. Праходзіў ён на школьным стадыёне, дзе адбыліся спаборніцтвы па летнім мнагаборстве “Здароўе”. Дзеці падцягваліся на турніку, адціскаліся, бегалі на пяцьдзясят метраў. Першымі ў агульным заліку сталі пяцікласнікі. Другое і трэцяе месцы занялі шасцікласнікі, адпаведна “Б” і “А” класы. І ўжо неўзабаве — першынство школы па футболе.

Правы і абавязкі
Вучні сустрэліся з начальнікам Інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алегам Міхно, які пазнаёміў іх з правапарушэннямі, здзейсненымі падлеткамі ў летні перыяд, распавёў пра Закон РБ, згодна з якім падлетак да шаснаццаці гадоў не мае права знаходзіцца на вуліцы адзін у начны час. Вялася размова таксама аб правілах паводзінаў у грамадскіх месцах, пра флікеры і г.д.

Занятак па душы
Непасрэдна закранула школу і рэкламная кампанія “Знаходзім занятак па душы”, якую праводзілі сярод вучняў кіраўнікі гурткоў і секцый. Як вынік, у школе працуюць гурткі “Тэатральная фантазія”, у якім дзеці вырабляюць касцюмы і ладзяць пастаноўкі, “Выяўленчая нітка”, “Палітра талентаў”, “Паўлінка”, “Прырода роднага краю”, “Нашчадкі гісторыі”, “Майстар”. Ёсць і гурткі ад ЦДТ — “Юны турыст” і “Белая ладдзя”. Занятак па душы знойдзе вучань любога ўзросту. Працуюць і спартыўныя секцыі — футбольная, валейбольная. Ёсць трэнажорная зала.

Паездка ў сталіцу
Паездка ў Мінск надоўга запомніцца вучням. Наведалі музей кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы, любаваліся горадам з “вышыні птушынага палёту, зноў жа, у бібліятэцы. А ў Нацыянальным мастацкім музеі патрапілі на выставу з Вялікабрытаніі “З калекцыі Вікторыі і Альберта”, на якой дэманстраваліся еўрапейскія шэдэўры ХVI — XVIII стагоддзяў — каралеўская вопратка, посуд і іншыя рэчы, нават мантыя Папы Рымскага. Дзеці пабывалі таксама ў тэатры Янкі Купалы на спектаклі Аляксея Дударава “Вечар”. Акрамя заслонаўскіх, у паездцы былі і шасцёра вучняў Горскай школы.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>