Спасибо за счастливую жизнь!

yubilej-pobedyМой дарагі, любімы дзядуля… Сёлета споўнілася пятнаццаць год, як цябе няма побач з намі. Аднак ты жывеш у памяці сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Часта ўспамінаю гады свайго дзяцінства, калі прасіла цябе расказаць пра вайну. Ты не любіў успамінаць тыя страшныя падзеі. І толькі раненні, якія давалі ведаць пра сябе на працягу ўсяго жыцця, і шматлікія ўзнагароды нагадвалі пра далёкія ваенныя падзеі…
Мой дзядуля, Максім Раманавіч Сільвановіч, быў прызваны на фронт шаснаццацігадовым юнаком. Ваяваў на Першым Прыбалтыйскім фронце у 204-й стралковай дывізіі 730-га стралковага палка стралком. У адным з баёў пад г.Шауляй (Літва) шостага жніўня 1944 года атрымаў навылётнае кулявое раненне ў нагу. Узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй” і іншымі.
— Дзядуля, раскажы, як праходзіла наступленне, — часта прасіла я ў дзяцінстве.
— Рыхтуемся да бою. Гучыць каманда пачаць наступленне — і мы адной вялікай сцяной з соцень салдат атакуем ворага. “За Радзіму! За Сталіна! Ура-а-а-а!!! Менавіта гэтыя дружныя воклічы палохалі фашыстаў. Іх бянтэжылі наша згуртаванасць, адзінства і рашучасць. Мы ж цвёрда верылі ў тое, што абавязкова сустрэнем Перамогу, — так расказваў мне калісьці дзядуля, і гэтыя словы я запомніла на ўсё жыццё.
Пасля заканчэння вайны дзядуля вярнуўся ў родную вёску Слабодка Лепельскага сельсавета. Працаваў у калгасе імя Чапаева загадчыкам склада, цесляром. Перад адыходам на заслужаны адпачынак шчыраваў у ваенізаванай ахове ў Бароўцы.
Шматлікія аднавяскоўцы памятаюць дзядулю як шчырага і добразычлівага чалавека, які нікому не адмовіў у дапамозе. Ён быў на ўсе рукі майстар. Вырабляў з дрэва мэблю, прадметы побыту. Утульны дом, які пасля вайны ён пабудаваў сваімі рукамі, быў аздоблены прыгожымі драўлянымі налічнікамі, прыцягваў увагу яркай афарбоўкай. Нават цяжка было паверыць, што такую незвычайную прыгажосць магчыма зрабіць пры дапамозе звычайнай пілы і гэбелю. Ва ўсіх хатніх пакоях папрацавалі рукі майстра. Вешалка для адзення, прыгожыя шафы, лаўкі — усе гэтыя рэчы, умела змайстраваныя дзядулем, захоўваюцца ў доме і цяпер, з’яўляюцца дарагой сямейнай рэліквіяй. Сапраўдным скарбам для дзяцей і ўнукаў сталі чатырнаццаць прыгожых драўляных стулаў. Чаму менавіта чатырнаццаць? Таму што столькі чалавек налічвалася ў нашай вялікай сям’і: дзядуля і бабуля выгадавалі чацвярых дзяцей і мелі васьмёра ўнукаў, якімі вельмі ганарыліся. Прыезд дзяцей, унукаў заўсёды быў радаснай падзеяй для бабулі і дзядулі, і для кожнага ў доме быў уласны стул. Аднак дзядуля быў не толькі выдатны майстар, а і пчалавод. Больш за сорак вулляў налічвалася на пасецы, і кожны з іх быў змайстраваны яго ўмелымі рукамі. Памятаю, як у дзяцінстве ў час летніх канікулаў разам з дзядулем праводзіла там цэлыя дні. Пчальнік жа нагадваў райскі куток. Паветра было напоўнена прыемным пахам мёду, паўсюдна — яркія кветкі… Немагчыма было адвесці вачэй і ад яркіх вулляў. Яны былі ўпрыгожаны драўлянымі кветкамі, выявамі лясных звяроў. На адным з іх можна было ўбачыць ікону Божай Маці, якая засцерагае ад усіх немачаў і хвароб. Для мяне ж было асаблівым гонарам тое, што адзін з вулеяў дзядуля змайстраваў для дарагой унучкі. Менавіта дзядуля падарыў мне любоў да кніг — у доме была вялікая хатняя бібліятэка, куды ўваходзіла шмат класічных твораў рускай і беларускай літаратуры.
Летам практычна кожны дзень да бабулі і дзядулі прыходзілі шматлікія госці — аднавяскоўцы, жыхары раёна, адпачывальнікі санаторыя, каб набыць свежы духмяны мёд. Усіх іх гаспадары шчодра частавалі мёдам з пірагамі і свежым малаком. І што дзіўна: незнаёмыя людзі, якія ўпершыню пераступалі парог хаты пчалавода, з цягам часу станавіліся для яго сябрамі па жыцці, паколькі цанілі шчырасць і душэўную адкрытасць.
Сумленнасць, адданасць любімай справе і працавітасць бабуля і дзядуля перадалі сваім дзецям і ўнукам, дачакаліся праўнукаў. Кожны з іх знайшоў сваю дарогу ў жыцці, атрымаў жаданую прафесію.
Свята Вялікай Перамогі дзядуля заўсёды чакаў з асаблівым хваляваннем. Дарагіх ветэранаў напярэдадні свята заўсёды гасцінна сустракалі ў Старалядненскім сельскім Доме культуры, дзе выконваліся пранікнёныя песні, рыхтаваліся святочныя падарункі. На працягу жыцця дзядуля марыў сустрэць 60-годдзе Вялікай Перамогі — і яго мара ажыццявілася. Дзявятага мая 2005 года ён адзначыў гэта вялікае свята, а на наступны дзень у шэсць гадзін раніцы яго сэрца перастала біцца…
Прайшло пятнаццаць год, як дзядулі няма побач з намі. Кожны раз, уваходзячы ў дом, дзе калісьці ён жыў, я ўзгадваю яго шчырую ўсмешку, цёплыя словы: “Заходзьце, мае дарагія!” І зноў быццам чую той жа родны і блізкі голас. Свайго сыночка я назвала ў гонар дзядулі — Максімам.
Падыходжу да магілы дзядулі, кладу букет кветак. З фотаздымка на помніку глядзяць тыя ж добрыя вочы…. Вялікі дзякуй, дарагі дзядуля, за твой слаўны жыццёвы шлях, за нялёгкія франтавыя дарогі, за твае залатыя рукі і за тое, што ты саграваў людзей сваёй шчырасцю і душэўнай цеплынёй. Нізка схіляюся перад магілай дарагога дзядулі і разам з гэтым — перад усімі савецкімі салдатамі, адважнымі франтавікамі, якія падарылі нам магчымасць жыць пад мірным небам і будаваць шчаслівае жыццё! Мы памятаем пра вас! Мы ганарымся вамі!
foto-vojny-1Святлана ВАЗНЯК.

 

 

Один комментарий для “Спасибо за счастливую жизнь!

  • 08.05.2020 в 1:25 пп
    Permalink

    Трогательно. Душевно. Очень. Спасибо.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>