Победителем 3-го этапа республиканской олимпиады по учебным предметам стала лепельчанка Дарья Марченко

marchenkoЯк ужо вядома, пераможцам трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2019-2020 навучальным годзе стала Дар’я Марчанка, якая атрымала дыплом II ступені па беларускай мове і літаратуры. Па выніках трэцяга этапу юная лепяльчанка прыме ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, дзе будзе прадстаўляць Віцебскую вобласць.

Даша, можна сказаць, ужо на фінішнай прамой, бо вучыцца ў адзінаццатым класе Стайскай сярэдняй школы. Гэта перыяд, калі дакладна трэба вызначыцца з прафесіяй — тым працоўным кірункам, якім будзеш ісці ўсё далейшае жыццё.
Штосьці мне падказвае, што дзяўчына ўжо даўно вызначылася, улічваючы, якія вынікі паказвае на абласным узроўні.
— Нарадзілася я ў вёсцы Ляхавічы, — пачала свой аповед Даша. — Сям’я ў мяне невялікая, жыву з маці… Бабулі ўжо, на вялікі жаль, няма на гэтым свеце, але, мусіць, менавіта яна дала мне штуршок у беларусчыну, бо ў дзяцінстве і майму стрыечнаму брату цытавала на памяць “Новую зямлю”… Ну, а да літаратурнага майго жыцця спрычынілася маці. Яна прыносіла мне ў маленстве стосы кніг з бібліятэкі…
— З малых гадоў мяне гадавалі моваю нашай, лепельскай. І гэта дакладна не была расійская мова, ні ў якім разе… Сам Бог даў мне мажлівасць сілкавацца родным слоўцам ад нараджэння…
А замацавалася прага да ўсяго беларускага прыкладна ў шостым класе, калі родную гісторыю пачала вывучаць, тады пайшла і музыка, і літаратура.
Бубуля заўсёды на тутэйшай гаворцы размаўляла, на дыялекце. Казкі не чытала, затое прыказкі, прымаўкі, усе скарбы мовы выдавала нам у гутарцы.
Матуля заўжды апекавалася маёй адукацыяй. Хоць заробак на ферме невялікі, а праца цяжкая, яна купляла мне ўсё, што я хацела.
Навучалася Даша аж у чатырох школах. Пачатковую скончыла ў Грыгаравічах, 5-6 класы — у Новых Валосавічах, сярэднюю — у Старым Лепелі, ну а цяпер вучыцца ў Стаях.
Для яе найвялікшая асалода — казыраць тым, што вучылася ў чатырох беларускамоўных школах. Натуральна, што гэта акалічнасць не абышла яе і вельмі моцна паўплывала на свядомасць.
Калі пачалі размову пра настаўнікаў, мая суразмоўца не магла стрымаць захаплення адным чалавекам:
— Аленачка Анатольеўна — гэта мая найвялікшая любоў! Без клічнікаў пра яе нельга казаць. Займаемся тады, калі дазваляе час: на канікулах, на яе “фортках”, шукаем іншыя варыянты. Не праходзіць дня, каб мы не ўдзялілі ўвагі дадатковым заняткам. Разбіраем алімпіяды, Алена Анатольеўна нават сама іх стварае. Водгукі пішам, нешта вынаходзім, вышукваем, выведваем, — адным словам, не сядзім без справы, — кажа Даша пра сваю настаўніцу Алену Маціеўскую.
У вольны час Даша спасцігае літаратурныя скарбы — менавіта так яна называе творы, якія чытае:
— Я лічу, што гадоў да дваццаці пяці чалавек мусіць фарміраваць сябе як асобу, характар, таму чытаю ў большасці сваёй беларускую класіку!
— Як бавіш летнія канікулы?
— Сёлетнія канікулы будуць толькі пад эгідай паступлення, таму нічога цікавага не планую… А так вандрую на ровары, чытаю кнігі.
Маці шмат працуе, таму, на жаль, у яе рэдка здараюцца вольныя хвілінкі… Калі ж надараецца мажлівасць, то разам глядзім фільмы, ходзім у лес па грыбы-ягады, проста шпацыруем. Калі часу ўдосталь, то ездзім на малую радзіму, наведваем могілкі.
Размаўляючы з Дашай, зрабіла вывад, што ёй больш даюцца гуманітарныя навукі. А як жа абстаяць справы з дакладнымі?..
— Як гэта ні дзіўна, але я была ўлюбёная ў дакладныя навукі, асабліва ў матэматыку, таму ў пятым-шостым класах пачала ездзіць на алімпіяды па матэматыцы… Заўсёды была ўся ў задачах і ўраўненнях, але ў восьмым мне прапанавалі паўдзельнічаць у алімпіядзе па беларускай мове… І пайшло-паехала… У дзявятым я ўжо дакладна вызначылася з будучай прафесіяй, таму цалкам паглыбілася ў філалогію… У дзясятым алімпіяда перарасла з хобі ў жыццё. Зараз нават не ўяўляю сваё існаванне без алімпіяднай сям’і.
— Якую можаш даць параду сучаснай моладзі, каб палюбіць кнігі?
— Хлопец ці то дзяўчына ў любым выпадку прыйдзе да чытання, калі захоча спасцігнуць сябе і свет. А прымушаць чытаць бессэнсоўна.
— Які твой любімы аўтар і твор? І чаму ён цябе навучыў?
— Любімы твор не назаву, іх шмат, але вось з любімымі творцамі я вызначылася даўно. Багатая на пісьменнікаў Ушаччына дала мне іх. Два сябры, аддадзеныя душою Беларусі людзі, Васіль Быкаў ды Дзядзька Рыгор, — усміхаецца мая суразмоўца. — А вучаць яны ўсяму добраму і найперш — служэнню Радзіме, праўдзе.
Марыць Даша стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Я ўпэўнена, яе імкненні спраўдзяцца, бо такая мэтанакіраванасць і любоў да роднай мовы робяць цуды.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>