Главное условие успеха на Лепельщине — настроение людей

img_6867Дзяржаўная сельскагаспадарчая ўстанова “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” — прадпрыемства з адметнай менавіта для яго спецыфікай. Акрамя сельскагаспадарчай вытворчасці, тут займаюцца і навуковай дзейнасцю, што вынікае з самой назвы —
сортавыпрабавальная. Таму па вызначэнні ва ўстанове павінны з асаблівай адказнасцю ставіцца да пачатку земляробчага сезона.
Для таго, каб даведацца, як вядзецца работа на самой справе, мы завіталі ў вёску Адамаўка — на мехдвор і непасрэдна ва ўстанову.
— Да пачатку пасяўной кампаніі мы гатовы на 95-98 працэнтаў, — кажа дырэктар сартастанцыі Андрэй Тарасевіч.
Гаспадарка па зямельных плошчах, а таксама па колькасці тэхнікі і работнікаў невялікая, таму аналізаваць, планаваць і рэалізоўваць кіраванне там можна, па перакананні аўтара, з большай аператыўнасцю і эфектыўнасцю, чым у вялікіх сельгасарганізацыях.
Сёлета яравыя культуры працаўнікі сартастанцыі плануюць вырошчваць на 630 гектарах. Структура пасеваў ужо вызначана: 260 гектараў займуць збожжавыя, гэта 100 гектараў яравой пшаніцы, 110 — ячменю і 50 га бабовых. Абавязкова будзе высеяна 30 гектараў аднагадовых траў, 50 гектараў яравога рапсу, столькі ж — кукурузы. Вялікая доля адводзіцца пад шматгадовыя травы. Пад бульбу станцыя сёлета выдзяляе дзесяць гектараў.
— Летась мы ўпершыню за доўгі час атрымалі годны ўраджай другога хлеба, — дзеліцца Андрэй Тарасевіч, — 250 цэнтнераў клубняў з гектара даў сорт “Брыз”, 260 ц/га — сорт “Маніфест”. Гэтыя сарты адносна новыя, высокапрадукцыйныя.
Яшчэ адна навінка, якой займаюцца на сартастанцыі, — алейны лён. У апошнія гады назіраецца раздзяленне ў яго культываванні. Выводзяцца сарты спецыялізаваныя для валакна і для вытворчасці льнянога алею, з павышаным утрыманнем яго ў насенні. Адпаведна, у першых сартах паказчыкі алейнасці ў насенні слабыя, а ў другіх валакно вартае хіба што на паклю. Летась ён быў пасеяны на васьмі гектарах. Пасля ўборкі ўдалося даволі выгадна рэалізаваць насенне. Таму, заўважыўшы перспектыву, кіраўніцтва сартастанцыі прыняло рашэнне выдзеліць пад гэтую перспектыўную культуру 35 га.
— Адзін з важнейшых паказчыкаў будучага ўраджаю — забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі і сродкамі абароны раслін, — адзначаю ў размове з кіраўніком сортавыпрабавальнай станцыі.
— Некаторыя запасы маем з мінулага года, — дзеліцца Андрэй Тарасевіч. — Летась таксама ўнеслі ў глебу калійныя тукі. Самая галоўная праблема будзе з забеспячэннем азотнымі і фосфарнымі ўгнаеннямі. Яны павінны даць раслінам імпульс на самым раннім этапе. Абмяркоўваем, шукаем варыянты.
Тэхнікі ў сартастанцыі няшмат, якраз пад патрэбу апрацоўкі палеткаў, хаця, прызнаюцца работнікі ўстановы, варта было б некаторыя трактары і камбайны абнавіць, вельмі ўжо яны старыя, выпрацоўваюць свой рэсурс. Аднак на сярэдзіну сакавіка амаль уся пасяўная і глебаапрацоўчая тэхніка — на лінейцы гатоўнасці.
Падчас прыходу карэспандэнта на пляцоўцы размясціўся МТЗ-3022 Яўгена Шамшура, побач сабраліся механізатары, слесары, разам з галоўным інжынерам Уладзімірам Мамантавым абмяркоўвалі, як разабраць карданны вал.
— На пасяўным агрэгаце была паломка, выйшлі са строю два падшыпнікі на рэдуктары. Мы іх замянілі, сабралі вузел, паставілі, а падключыць да яго карданны вал не можам. Трэба цяпер і яго перабіраць, — тлумачыць Яўген.
— А ці высокі кошт падшыпнікаў? — пытаюся ў галоўнага інжынера. — Неаднаразова чуў, што некаторыя камплектуючыя да сельгастэхнікі вельмі дарагія.
— Замененыя на рэдуктары падшыпнікі яшчэ адносна недарагія. А вось іншае… Напрыклад, на агрэгаце для фрэзеравання глебы механізм аснашчаны 24 падшыпнікамі. Кожны каштуе, калі не памыляюся, каля 200 рублёў. Самі фрэзы таксама аналагічныя. А землі ў нас, як і ўсюды ў раёне, перанасычаны камянямі — высновы рабіце самі.
Аднак самая галоўная ўмова поспеху — настрой людзей, іх гатоўнасць шчыраваць ад рання да змяркання. І яна павінна быць падмацавана неблагім і рэгулярным заробкам, каб уласнай кішэняй чалавек адчуваў вынік сваёй працы. І вось з гэтым якраз у ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” даволі няблага. Установа — адна з нямногіх сельгасарганізацый у раёне, дзе рэгулярна, без затрымак выплачваецца заработная плата. Працаўнікі сартастанцыі адчуваюць устойлівасць і гаспадарскі падыход.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>