Каменныя крыжы

Некалькі стагоддзяў таму назад нашы продкі ў памяць аб сваіх памерлых сваяках ставілі  на пахаваннях надмагіллі ў выглядзе каменных крыжоў ці пліт. Звычайна на плітах высякалі хрысціянскія сімвалы, пазначалі год пахавання ці рабілі нейкі надпіс. З цягам часу пахаванні такога кшталту сталі не проста памінальнымі помнікамі прашчурам, але і перайшлі ў разрад матэрыяльнай культурнай  спадчыны. У народзе могілкі з каменнымі крыжамі і плітамі называюць “галодныя магілы”. Навукоўцы гэтыя помнікі датуюць 13 — 18 стагоддзямі і называюць жальнікамі.

На Лепельшчыне  падобныя пахаванні можна знайсці амаль у кожнай вёсцы. Адзін з такіх жальнічных могільнікаў знаходзіцца на ўскрайку вёскі Велеўшчына. Старыя, парослыя дрэвамі і хмызам, могілкі мяжуюць з сучаснымі пахаваннямі.

Час ад часу старыя могілкі наведваюць вучні Слабадской і Велеўшчынскай школ, абдзіраюць з крыжоў мох, змятаюць лісце. Аднак на большае ў дзяцей сілы не стае. І вось тут на дапамогу прыйшлі лепельскія краязнаўцы. Яны ўжо маюць вопыт аднаўлення могілак у Таронкавічах, якія з’яўляюцца сапраўднай турыстычнай  “меккай” Лепельшчыны.  Дайшла чарга аднавіць сярэднявечныя могілкі ў Велеўшчыне.

 Першым было вырашана падняць самы вялікі па памерах і вазе крыж. Пра гэты помнік сярэднявечча ад старажылаў Велеўшчыны дайшло некалькі паданняў. Па адной версіі, калі ў крыжы адбіта адно пера­крыжжа і верхняя частка — там было схавана золата. Мясцовы жыхар і вырашыў гэта праверыць, пашко­дзіўшы святыню. Золата ён так і не знайшоў. У другім паданні ідзе гаворка пра тое, што ў 1930-я гады крыж ужо спрабавалі падняць некалькі мужыкоў,  але не здолелі, бо ўсе атрымалі разрыў сэрца…

 Краязнаўцы Васіль Шкіндзер і яго сын  Ілля, Васіль Хацкевіч, Валерый Чарэцкі, Вольга Ганчар і яе дзеці Сяргей і Ганна дружна ўзяліся за справу. Сумненні былі толькі ў тым, ці адужаюць чацвёра дарослых мужчын, жанчына  і  некалькі падлеткаў падняць паўтонную глыбу. Пры дапамозе некалькіх рычагоў і вяроўкі паставілі крыж на ранейшае месца, дзе ён стаяў некалькі стагоддзяў.

 Такім жа чынам краязнаўцы паставілі на месца  яшчэ некалькі крыжоў і каменнае надмагілле пачатку дваццатага стагоддзя. Крыху прыйшлося павазіцца з плоскай каменнай плітой  вышынёй з паўметра. Карані дрэва аблыталі з усіх бакоў камень, не давалі паставіць яго вертыкальна. Аднак і гэты помнік сярэднявечча прыняў свой першасны выгляд. Доўга яшчэ разглядалі шарахаваты камень, на якім некалькі стагоддзяў таму назад нехта выбіў ранне­хрысціянскі сімвал крыжа, які па форме сваёй больш нагадвае якар.

Валерый Тухта.

 На здымку: краязнаўцы паднімаюць крыж.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>