Новае “адзенне” Школьнай

Уздоўж вуліцы Школьнай акрамя жылых масіваў індывідуальнай і шматкватэрнай забудовы размешчаны шэраг устаноў.

Генеральным падрадчыкам у капітальным рамонце выступіла КУВП ЖКГ “Лепель”. Паколькі дарожнае будаўніцтва — спецыфічны від дзейнасці, яго даручылі дарожна-будаўнічаму ўпраўленню №34.

 Дарожнікі ўзяліся выконваць увесь цыкл работ ад праектавання да здачы заказчыку.

Уладкаванне асфальтавага пакрыцця — справа для дарожнікаў прывычная. Для гэтага яны маюць усе належныя механізмы, і абавязкова — свой асфальтабетонны завод, які можа выдаваць да 700 тон асфальтабетонных сумесяў у змену. На праезнай частцы на старым асфальтавым пакрыцці быў пакладзены асфальт з утрыманнем шчэбеню сярэдняй таўшчынёй чатыры сантыметры, а на тратуары — асфальт на чыстым жвіры таўшчынёй пяць сантыметраў. Шмат асфальту закладзена пад паркоўкі. Паколькі для іх было адве­дзена новае месца, пакрыццё там складаецца з двух слаёў па шэсць і чатыры сантыметры — усяго дзесяцісантыметровы слой асфальту.

 Самай працаёмкай аперацыяй было ўсталяванне бетонных бардзюраў. Такі блок важыць  80 кілаграмаў. Кожны трэба было перанесці і ўсталяваць уручную! З задачай выдатна справіліся дарожныя рабочыя Аркадзь Драгун і Анатоль Касцюковіч.

 Галоўны інжынер ДБУ-34 Мікалай Садоўнікаў расказаў пра выпадак, калі ледзьве не пашкодзілі кабель, які забяспечваў тэлефонную сувязь усяго мікрараёна — 200 пар праводкі! Давялося яго заглыбляць яшчэ на паўметра. Таму надалей сувязісты прайшлі з апаратурай, праверылі, дзе ляжаць кабелі, паставілі вешкі. У тых месцах дарожнікі не выкарыстоўвалі экскаватары, а бралі ў рукі рыдлёўкі. Заглыбляць давялося і газавы ковер — спецыяльны кран-заглушку, якім у выпадку аварыі ці экстранай сітуацыі перакрываецца падача газу ў магістралях. Гэтым ужо займаліся газавікі.

 Акрамя вышэйпералічаных работнікаў кіраўніцтва ДБУ-34 адзначыла машыніста аўтагрэйдара Аляксандра Ханяка, машыніста асфальтаўкладчыка Леаніда Яршова і іншых — выдатны падабраўся калектыў.

 Выдатнымі і зручнымі атрымаліся паркоўкі — прасторныя, з некалькімі заездамі і выездамі. Пакуль разметкі на іх няма, але па прыблізных падліках першая можа змясціць да дзесяці легкавікоў, а другая — да дваццаці. Цяпер жыхарам дома №5 не трэба па вечарах таўчыся на сваіх машынах у двары, не трэба болей мясіць гразь, а потым несці яе на абутку ў кватэру — з машыны выходзіш на чысты асфальт. Дарэчы, на верасень засталося хіба што некалькі метраў тратуараў пракласці ад школы да вуліцы Савецкай ды зладкаваць тратуар ад скрыжавання з вуліцай Гагарына да скрыжавання з Калі­ніна. Гэта тым больш патрэбна, бо якраз на тым баку знахо­дзіцца некалькі крамаў.

 Увесь аб’ём работ і матэрыялаў паводле папярэдніх падлікаў каштуе каля 700 мільёнаў рублёў. Як прызналіся дарожнікі, яны б і хутчэй зрабілі капрамонт, калі б не затрымкі з фінансаваннем. А паралельна працаўнікі выконвалі заданні і на іншых важных аб’ектах.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: абноўленая вуліца Школьная.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>