Современный автозаправочный комплекс

azsКожнаму з нас перыядычна даводзіцца наведваць аўтазаправачную станцыю №33, якая знаходзіцца па вуліцы Чуйкова. Калі ўзгадаць выгляд станцыі каля дзесяці гадоў таму, ён змяніўся кардынальна.

Аўтамабілісты, якія прыязджаюць у нашу краіну з-за мяжы, прыемна здзіўляюцца сучасным аўтазаправачным комплексам еўрапейскага ўзроўню. Пра тое, як працуе сетка «Беларуснафты», лёгка можна прасачыць і ў нашым горадзе.
ШАЗС-33 уведзена ў эксплуатацыю ў 2013 годзе пасля рэканструкцыі і знаходзіцца за дзвесце метраў ад аўтатрасы М3.
Зацікавілася, чым АЗС прываблівае наведвальнікаў. Калі агледзела памяшканні, прыйшла да высновы: сваім архітэктурным рашэннем. У будынку зручна размешчаны аператарская і магазін для гандлю спадарожнымі таварамі, санітарна-тэхнічныя і гігіенічныя памяшканні.
За кавай сюды заязджаюць не толькі аўтааматары і пасажыры, а і жыхары Лепеля. Калі крыху закрануць тэму гэтага напою, можна з упэўненасцю сказаць, што тут ёсць добры выбар: эспрэса, амерыкана, капучына, латэ, макачына, гарачы шакалад, а таксама флэт уайт, пра які я ўпершыню даведалася менавіта тут. Гэта кававы напітак з Аўстраліі. Гатуецца ён шляхам дадання нагрэтага парай малака з невялікай колькасцю пены.
Аўтазаправачная станцыя функцыянуе кругласутачна, таму праца аператараў пазменная. Акрамя спадарожных профілю станцыі тавараў тут можна набыць і прадукты харчавання. Таксама заўважыла на паліцах цацкі, сувеніры і розныя рэчы, неабходныя ў доме.
Па чым вызначаецца асартымент? Аказваецца, на кожнай станцыі ён свой, у залежнасці ад таго, што карыстаецца попытам у наведвальнікаў. Акрамя гэтага, ёсць абавязковыя тавары, якія павінны быць у краме. Больш за ўсё аўтааматары цікавяцца тэхнічнымі масламі, тасоламі, амывальнай вадкасцю і іншымі таварамі.
Кожныя аўторак і пятніцу прыходзіць транспарт з таварамі для аўтамабіля, таму калі чагосьці няма ў наяўнасці, вельмі хутка яно з’яўляецца. А яшчэ кліент можа заказаць неабходны тавар у аператара.
Пакуль знаходзілася каля аператараў, адзначыла, што заправачную станцыю наведваюць не толькі мужчыны. Цікавіцца таварамі для сваіх аўтамабіляў і слабая палова насельніцтва. Многія жанчыны разумеюць, якую лепш амывальную вадкасць ці тасол купіць альбо нават якія шыны заказаць.
Асаблівую цікавасць я праявіла да гамбургераў, бургераў, чызкейкаў і іншай папулярнай сярод моладзі прадукцыі. Некаторыя мае знаёмыя дзеля таго, каб пасядзець у кафэ і з’есці смачную булачку з катлетай, гатовыя ехаць у Полацк, Віцебск і нават Мінск.
Аказваецца, гэта прадукцыя ёсць ужо і на аўтазаправачнай станцыі. Пірожныя “Рамба” з абрыкосам ці чорнымі парэчкамі, чызкейк шакаладны, з малінай, розныя пончыкі, твістэры з курынай, свіной каўбаскай, чабурэкі, шаурма, суп “Харчо”, боршч “Беларускі” з мясам — усю прадукцыю не пералічыць.
Год таму ў гандлёвай зале з’явіліся камфортныя канапы і столікі белага колеру, за якімі можна паснедаць і пасядзець у гаджэтах.
У зале заўважыла і тэрмапот, у якім заўсёды ёсць гарачая вада. Спачатку здалося, што гэта для работнікаў. Аднак — не. Як паведамілі аператары, кожны кліент можа ім скарыстацца бясплатна. Некаторыя заварваюць “Ралтон”, гарбату, каву, хтосьці налівае ў тэрмас.
Для зручнасці кліентаў працуе Wi-Fi. А яшчэ пакуль сам падсілкоўваешся за сталом, можна таксама падзарадзіць і мабільны тэлефон. Для гэтага тут ёсць падзарадныя ўстройствы з рознымі раз’ёмамі.
Заўважыла і размалёўку з алоўкамі.
— А гэта для чаго? Хтосьці забыў? — пытаюся ў майстра станцыі Аляксандра Новікава.
— Не, — смяецца суразмоўца, — гэта для маленькіх кліентаў, каб яны таксама ў нас не сумавалі.
Акрамя таго, ёсць стацыянарны пункт падпампоўкі шын для аўтамабіляў усіх марак, на якім заўсёды прысутнічаюць кліенты. Яно і зразумела: паслуга бясплатная, чаму ж не скарыстацца… Каб навесці чысціню ў аўтамабілі, ёсць і пыласос.
Аднак мяне больш зацікавіла іншая ўстаноўка, якая з’явілася адносна нядаўна. Чаму да яе не пад’язджаюць аўтамабілі? Як патлумачылі работнікі, гэта станцыя для зарадкі электрамабіляў.
— Ці бываюць тут наведвальнікі?
— Зрэдку, але бываюць. Пакуль электразарадная станцыя не распаўсюджаная, асабліва сярод лепяльчан, — кажуць работнікі станцыі.
Улічана і безбар’ернае асяроддзе. На калонцы пад нумарам адзін ёсць кнопка для людзей з інваліднасцю. Дастаткова толькі на яе націснуць — і аператар адразу выйдзе да кліента, каб дапамагчы ў абслугоўванні і разлічыць на месцы. Абуладкаваны і пандусы на ганку.
Для ўсіх кліентаў каля кожнай калонкі размешчаны аднаразовыя пальчаткі і папяровыя сурвэткі, каб не запэцкацца.
Прадугледжаны і розныя віды разлікаў: наяўны, безнаяўны, па электроннай банкаўскай картцы і іншыя.
— Імкнёмся працаваць на апярэджанне. Часам чалавек можа прыехаць не ў добрым настроі. Даводзіцца быць і псіхолагам, — кажуць работніцы касы.
— Аднак у наш час грамадзян цікавяць розныя акцыі і зніжкі. Што можа прапанаваць у гэтым напрамку станцыя?
Як аказалася, аператары заўсёды нагадваюць пра розныя прыемныя сюрпрызы, але больш падрабязна пра іх можна прачытаць на сайце “Беларуснафта”. “Час падарункаў”, “З Новым прызам”, “Асенні сюрпрыз”, “Ураджай прызоў”… — якіх толькі там няма розыгрышаў і акцый.
Акрамя гэтага, на ШАЗС-33 функцыянуе мініналіўны тэрмінал, які абслугоўвае сельгаспрадпрыемствы, буйныя прамысловыя комплексы і арганізацыі не толькі Лепельскага, а і Ушацкага, Расонскага раёнаў, а таксама Наваполацка. За суткі ў “гарачую” пару вялікагрузныя машыны запраўляюцца палівам па 50-60 тон. Легкавыя транспартныя сродкі за такі ж перыяд змяншаюць наяўнасць паліва на запраўцы на 20-25 тысяч літраў.
Калі лічыць па чэках, то за суткі праз АЗС праязджае каля 1000 — 1200 машын. Лічбы, трэба сказаць, унушальныя. Сярод наведвальнікаў сустракаюцца і знакамітыя людзі ў Беларусі.
Прыемна адзначыць, што на станцыі ніколі не бачыла чаргі. Дзяўчаты-аператары хуценька і з усмешкай абслугоўваюць кліентаў, заўсёды дзякуюць за пакупку, штосьці прапаноўваюць і рэкамендуюць.
Ніколі не даводзілася на АЗС ехаць адной. А што рабіць чалавеку, калі ён упершыню вырашыў заправіць палівам свой транспартны сродак?
— Ці ёсць у вас запраўшчыкі, якія дапамогуць нявопытнаму кіроўцу?
— Запраўшчыкаў у нас няма, але нашы работнікі нікому не адмовяць у дапамозе. Калі трэба, выбегуць на вуліцу і ўсё растлумачаць. Мы імкнёмся, каб нашы кліенты пакідалі АЗС у добрым настроі.
У цяперашні час у калектыве працуюць сямнаццаць чалавек, з іх адзінаццаць аператараў. Як яны самі адзначаюць, праца тут калектыўная. Кожны падтрымлівае адзін аднаго, дапамагае. Сярод работнікаў склаліся прыязныя адносіны, магчыма, і таму, што калектыў удзельнічае ў розных спаборніцтвах і конкурсах. Так, напрыклад, убачыла рознага кшталту дыпломы ад галаўнога прадпрыемства за ўдзел у турзлёце, творчым конкурсе “Шанс” і іншыя. Тут хочацца асабліва адзначыць аператара Алену Шайтар, якая з’яўляецца прадстаўніком прафсаюзнай арганізацыі. Жанчына імкнецца зрабіць утульнасць у зале, і ў яе гэта з дапамогай калектыву атрымліваецца “на выдатна”. Прыгожыя карціны, розныя сувеніры, вялікі снегавік, калядныя вянкі і шмат чаго іншага — усё гэта зроблена ў рознай тэхніцы. Жанчына выдатна вяжа, вышывае.
Шматдзетным матулям, а іх у калектыве трое, да пачатку навучальнага года аказваецца дапамога. Арганізуюцца розныя экскурсіі, падарожжы, у тым ліку і за межы рэспублікі.
klundukНаталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>