Старалепельскія гарызонты

Вось ужо на працягу дванаццаці год вядзецца плённае супрацоўніцтва паміж дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля” (ФРГ), міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаДом” Рэспублікі Беларусь і Лепельскім райвыканкамам.

Першым этапам сумеснай работы стала будаў­ніцтва дамоў для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны ў вёсцы Стары Лепель. Валанцёры — жыхары Германіі, студэнты навучальных устаноў Беларусі. Выклікае цікавасць арыгінальная тэхналогія будаўніцтва — пры ўзвя­дзенні сцен выкарыстоўваюцца доўгія драўляныя стружкі, а пры абсталяванні даху — трыснёг — экалагічна чысты матэрыял. У такім доме заўсёды захоў­ваецца аптымальная тэмпература: зімой — цёпла, а летам — прахалодна.
У 2005 годзе ў Старым Лепелі было пабудавана восем новых дамоў. Кожны год Стары Лепель пашыраўся на некалькі новых пабудоў, паступова сюды пераязджалі новыя сем’і з чарнобыльскай зоны. Вёска расквітнела літаральна на вачах. Зараз тут налічваецца 26 новых дамоў для перасяленцаў. Маладым сем’ям з Гомельскай вобласці даспадобы прыйшоўся наш блакіт­навокі край. Бацькі працуюць у сельскай гаспадарцы, дзеці развіваюць свае творчыя здольнасці ў разнастайных гуртках.

 Каб вольны час вяскоўцаў праходзіў цікава і пазнавальна, па ініцыятыве прадстаўнікоў дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля” быў пабудаваны культурна-адукацыйны цэнтр. Кіраўнік цэнтра Людміла Супеева, і яе аднадумцы Вольга Дзямко і Святлана Тухта сталі аўтарамі цікавага праекта “Жыццё пажылых людзей у Германіі і Беларусі”. Праект выйграў міжнародны грант.

 У праграме праекта — сустрэчы пажылых людзей Лепельшчыны з нямецкімі спецыялістамі. Нашы землякі наведаюць Германію, дзе пазнаёмяцца з умовамі жыцця пажылых немцаў.

 Пастаянныя госці на Лепельшчыне — Эдэльтраўт Шыл, Ульрыке Егер, Ульрых фон Ведэльштэдт і Хінрых Русмаер. Яны маюць вялікі жыццёвы вопыт, актыўна падтрымліваюць новыя ідэі, карысныя прапановы мясцовых жыхароў. 76-гадовы Хінрых Русмаер у час чарговага візіту на Лепельшчыну ў культурна-адукацыйным цэнтры прачытаў лекцыю аб жыцці пажылых людзей у Германіі, якая суправаджалася паказам слайдаў, дыяграм і графікаў. Ульрыке Егер не першы год узначальвае валанцёрскую групу з нямецкага горада Бюндэ. Валанцёры з Германіі, у тым ліку лепельская моладзь, у асноўным  студэнты, у летні час праводзяць рамонт жылля адзінокіх састарэлых людзей, пазнаюць іх жыццё. Сёлета ўпершыню ўзначаліў групу нямецкіх і лепельскіх валанцёраў Ульрых фон Ведэльштэдт. Моладзь выдатна папрацавала на добраўпарадкаванні жылля састарэлых людзей у вёсках нашага раёна.

* * *

 У Старым Лепелі будуюцца фельчарска-акушэрскі пункт і дом для медыцынскіх работнікаў. На рыштаваннях актыўна працуюць валанцёры з Германіі, а таксама з Мінска, Віцебска, Гродна і г.д. Завершыцца ўзвядзенне ФАПа і дома для медработнікаў у 2013 годзе.

 Будаўніцтва вядзецца па ранейшай тэхналогіі, у аснове даху будзе выкарыстана посцілка з трыснягу, а пры ўзвядзенні сцен — доўгія драўляныя стружкі. На працягу дваццаці дзён былі пабудаваны сцены, франтонная частка будынка. Не так даўно да будаўніцтва прыступі­ла другая змена валанцёраў.

 На ўрачыстым адкрыцці пачатку работы другой змены прысутнічалі кіраўнік прыватнай будаўнічай фірмы, ураджэнец Германіі Гера Мюлер, намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” Людміла Ханяк, кіраўнік будаўнічай брыгады прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “ЭкаДомБуд” Уладзімір Саскевіч, прадстаўнік міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’­яднання “ЭкаДом” Валянцін Шакура і нашы нямецкія сябры — прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля“ Увэ і Моніка Граф.

  — Самае галоўнае тое, што сумесная работа валанцёраў Германіі і Беларусі, наша агульная высакародная справа вельмі патрэбная людзям, — адзначыў  Увэ. — Вёска Стары Лепель расце і квітнее. Перасяленцы з чарнобыльскай зоны могуць жыць у чыстым асяроддзі, дамах, пабудаваных з экалагічна чыстага матэрыялу. Лепельскі край стаў для іх дарагім і блізкім, таму што маладыя бацькі змаглі цалкам рэалізаваць сябе ў сваёй прафесіі, знайшлі для сябе добрых сяброў і аднадумцаў.

 Пасля ўрачыстага адкрыцця другой змены валанцёраў усе былі запрошаны ў сталовую на вячэру. І беларусы, і жыхары Германіі з задавальненнем частаваліся свежай бульбачкай, яечняй, салатам са свежай агародніны.

 — На Лепельшчыну мы разам з валанцёрамі прыязджалі неаднаразова, — адзначыў Увэ ў час нашай размовы. — Мяне і ўсіх астатніх прадстаўнікоў нашай арганізацыі ўражваюць не толькі прыгожыя краявіды прыроды, а і гасціннасць, душэўная адкрытасць лепяльчан. Жыхары Старога Лепеля ад душы запрашаюць нас да сябе ў госці, частуюць апетытнымі беларускімі стравамі. Мы даўно палюбілі беларускія клёцкі, дранікі. Вельмі хочацца, каб на Беларусі з’яўлялася ўсё больш маладых сем’яў, каб краіна квітнела з кожным годам!

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>