Трэці тысячнік

Аб тым, што ў нашым раёне ўжо ёсць трэці камбайнер-тысячнік, я даведалася ад старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргея Марціновіча.

 — У якой гаспадарцы працуе механізатар?

 — У ААТ “Чарэйшчына”.

 — Не сумняваюся, што гэта Сяргей Плігаўка.

 — Так яно і ёсць.

 Сяргей Анатольевіч лідзіруе сярод камбайнераў, намалочвае тысячу тон збожжа адным з першых у раёне ўжо не першы год.

 Для таго, каб павін­шаваць механізатара з тысячным намалотам, гаспадарку наведалі першы намеснік старшыні райвыканкама Барыс Яфрэмаў і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч. На механізаваным двары нас сустрэў дырэктар ААТ “Чарэйшчына” Міхаіл Мільчанін.

 — Гаспадарка забяспечана выдатнай тэхнікай, ды і сярод механізатараў у асноўным вопытныя, адказныя работнікі, якія аддалі рабоце ў гаспадарцы не адзін дзясятак год. Крыху больш як за дваццаць дзён асноўны масіў збожжа быў убраны. Можна з упэўненасцю сказаць, што ўраджай збожжа вырашчаны багаты.

 Камбайнер Сяргей Плігаўка сваю справу ведае. Бездакорнай працай, руплівасцю і самаадданасцю ён паказвае выдатны прыклад маладому пакаленню.

 Сяргей Плігаўка разам са сваім маладым памочнікам Артурам Драздовым завіхаліся ля камбайна на меха­нізаваным двары.

 — Вялікі дзякуй за вашу добрасумленную працу, адказнасць і прафесіяналізм. Выдатна, што ў нашым раёне ёсць такія працаўнікі, — звяртаецца да Сяргея Анатольевіча Барыс Яфрэмаў. Гвар­дзейцу жніва ён уручыў Ганаровую грамату і грашовую прэмію ў памеры аднаго мільёна рублёў. Падарункі ад імя раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК падрыхтаваў працаўнікам Сяргей Марціновіч. Перадавікі атрымалі мабільныя тэлефоны, кепкі і майкі. Акрамя таго, Сяргею Анатольевічу быў уручаны сцяжок перадавіка.

 Ад душы павіншаваў руплівых работнікаў гаспадаркі таксама дырэктар ААТ “Чарэйшчына” Міхаіл Мільчанін. Разам з найлепшымі пажаданнямі камбайнерам ён падарыў электра­дрэлі.

 Сяргей Плігаўка працуе ў сельскай гаспадарцы з 1990 года. У калгас імя Дзімітрава прыйшоў працаваць пасля заканчэння Лепельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №175.

 Трэці сезон камбайнер ру­піцца на КЗС-1218.

 — Ніякіх праблем у рабоце ніколі не ўзнікала, — адзначае Сяргей Анатольевіч. — Камбайн працуе выдатна, кабіна аснашчана кандыцыянерам. За працай час заўсёды прабягае хутка.

 — Колькі звычайна доўжыўся ваш працоўны дзень?

 — Пачынаў працу ў 6.30 — сем гадзін раніцы і завяршаў у 0.00 — адну гадзіну раніцы, у рэдкіх выпадках працаваў да 22 гадзін.

 — Сяргей Анатольевіч, вы ўжо не першы год з’яўляецеся перадавіком. Памятаеце, калі ўпершыню дасягнулі лепшага паказчыка ў раёне?

 — У 1993 годзе, калі працаваў на “Доне-1500”.

 — Магчыма, вашы дзеці па добрым прыкладзе пойдуць працаваць у сельскую гаспадарку?

 — Магчыма. Пакуль яны дапамагаюць нам з жонкай спраўляцца па гаспадарцы. Старэйшы, Віталь, сёлета пойдзе ў сёмы клас, а малодшы, Кірыл, — трэця­класнік.

 Памочнік Сяргея Анатольевіча Артур Драздоў у ААТ “Чарэйшчына” працуе другі месяц, пасля заканчэння Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Тут хлопец набыў тры спецыяльнасці: слесара, трактарыста-машыніста і муляра. Сам жа родам з вёскі Стараселле.

— Збіраецеся і далей працаваць у гэтай гаспадарцы?

— Вырашыў удасканаліць сваю прафесійную падрыхтоўку ў Віцебскім станкабудаўнічым каледжы па спецыяльнасці “тэхнік-тэхнолаг”…

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымку: першы намеснік старшыні райвыканкама Барыс Яфрэмаў уручае заслужаную ўзнагароду камбайнеру-тысячніку Сяргею Плігаўку.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>