Музыка украшает жизнь

pavrozЧасам жывём са сваімі суседзямі ў адным доме і не ведаем пра іх амаль нічога. Прывітаемся раніцай, ідучы на працу, нават не
задумваючыся, што ў кожнага за плячыма, асабліва ў тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, свая вялікая жыццёвая гісторыя…

І толькі ў прыватнай размове чалавек раскрывае перад суразмоўцам душу, і ты пачынаеш на яго глядзець зусім іншымі вачыма.
Ведаю, што мой сусед Уладзімір Паўроз доўгі час працаваў дырэктарам Бароўскай дзіцячай школы мастацтваў. У сям’і выраслі дзеці-музыканты. У пад’ездзе часта можна было пачуць прыемную мелодыю. Нават хацелася спыніцца і паслухаць кампазіцыі, якія выконваліся.
Аднойчы вырашыла завітаць да суседзяў, якія жывуць на паверх вышэй ад мяне, і пагутарыць з Уладзімірам Канстанцінавічам. Гэта чалавек, які заўсёды падтрымае любую гутарку. Напэўна, у якойсьці ступені дае адбітак прафесія. Усё сваё працоўнае жыццё ён вучыў дзяцей граць на музычных інструментах, ды і ў дадатак 25 гадоў кіраваў творчым калектывам.
Лічу, што загадваць установай, дзе працуюць творчыя асобы, — не вельмі лёгка. Яны ж заўсёды павінны быць у добрым настроі, каб потым дзяліцца ім са сваімі выхаванцамі. У школе мастацтваў дзеці атрымліваюць не асноўную адукацыю, таму іх трэба зацікавіць, каб яны туды спяшаліся пасля заняткаў у агульнаадукацыйнай школе.
Хочацца забегчы наперад, у Бароўскую школу мастацтваў дзеці заўсёды ішлі ахвотна, жадаючы асвойваць розныя дысцыпліны. Спявалі, танцавалі, гралі на музычных інструментах. Колькасць навучэнцаў у невялікім населеным пункце дасягала 150 чалавек.
Сам Уладзімір Паўроз з дзяцінства моцна жадаў навучыцца граць на музычным інструменце. За дзевяць месяцаў скончыў пяцігадовы курс па класе баяна ў Новалукомльскай музычнай школе. Гэта ж якой павінна быць прагнасць да творчай навукі… Магчыма, вялікую ролю тут сыграў і педагог установы Станіслаў Адольфавіч Скіпскі з Рэутполля, які выкладаў па класе баяна. Менавіта ён і прапанаваў Уладзіміру паступаць у Наваполацкае музычнае вучылішча.
Нарадзіўся Уладзімір Канстанцінавіч у Чашніцкім раёне. Так склаўся лёс, што ў дзесяцігадовым узросце, у пачатку 60-х гадоў, хлопчык апынуўся ў Весялоўскім дзіцячым доме. І гэта не дзіўна: у Лепелі можна сустрэць шмат пасляваенных выхаванцаў гэтай установы. Быў такі час. Так, і ў сям’і Паўрозаў было шасцёра дзяцей. Бацька майго суразмоўцы з вайны вярнуўся інвалідам, пракарміць столькі чалавек у галодны час сям’я папросту не мела магчымасці. Шмат хлопчыку давялося перажыць, пакуль знаходзіўся ў дзіцячым доме.
Аднак засталіся і добрыя ўспаміны, якія вызначылі далейшы шлях Уладзіміра Канстанцінавіча. Лёс звёў з чалавекам, які і даў пачатак кар’еры музыканта. Генадзь Астроўскі выкладаў матэматыку, але добра граў на музычных інструментах. І тут хочацца ўдакладніць, што быў самавучкам. Стварыў у дзіцячым доме народны аркестр, які не проста існаваў у межах навучальнай установы, а нават наведваў Мінск, дзе запісваліся яго выступленні на радыё.
Сям’я Астроўскіх, можна сказаць, уся грала ў аркестры. Генадзь, а таксама яго сыны Алег і Аляксандр выконвалі творы на баянах — было сапраўднае трыа баяністаў.
Пасля васьмі класаў Уладзімір Канстанцінавіч вярнуўся на Чашніччыну, дзе і закончыў дзесяць класаў сярэдняй школы.
Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, паступіў на курсы баяністаў. Два разы на тыдзень даводзілася пераадольваць 30 кіламетраў, каб трапіць на любімыя заняткі ў Новалукомльскую музычную школу. Часам хтосьці шкадаваў маладога хлопца ды падвозіў.
Уладзімір Канстанцінавіч успамінае той перыяд, калі з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі імкнуўся набыць веды, за якімі так далёка хадзіў, і цяперашні час, калі дзіцячая школа мастацтваў знаходзіцца ў крокавай даступнасці.
У 1970 годзе паступіў у Наваполацкае музычнае вучылішча па класе духавых інструментаў. Скончыў установу адукацыі ў 1974 годзе і быў накіраваны выкладчыкам у Чашніцкую музычную школу. У тым жа годзе і сустрэў сваё шчасце, ажаніўся з дзяўчынай Любоўю.
Восем гадоў Уладзімір адпрацаваў на Чашніччыне, але лёс завёў яго на Лепельшчыну. З 1983 года ён працуе выкладчыкам па класе трубы ў Лепельскай музычнай школе. Праца ў асноўным была з хлопцамі, таму патрабавалася трымаць дысцыпліну.
— У 1985 годзе я па сумяшчальніцтве працаваў кіраўніком духавога аркестра ў СПТВ-175. У той час дырэктарам быў Леанід Закрэўскі, які вельмі любіў духавую музыку. Аркестр установы за сваю дзейнасць быў узнагароджаны шматлікімі граматамі і дыпломамі. Удзельнічаў у марш-парадзе ў рэспубліканскім фестывалі духавой музыкі. Акрамя гэтага, у СПТВ кіраваў вакальнай групай “Казакі”, — кажа мой суразмоўца.
У 1986 годзе разам са сваімі навучэнцамі ўдзельнічаў у конкурсе ігры на духавых інструментах. Узорны духавы аркестр атрымаў перамогу, за што і быў накіраваны на адпачынак у піянерскі лагер “Зубронак”.
І зараз у памяці майго суразмоўцы ўсплываюць яркія моманты адпачынку. У гэты час там праходзіў дзявяты рэспубліканскі злёт піянераў. Давялося сустракаць розныя замежныя дэлегацыі.
У 1989 годзе Уладзіміра Паўроза прызначаюць дырэктарам Бароўскай музычнай школы. Трэба адзначыць, што ён стаяў ля вытокаў заснавання ўстановы.
Спачатку ў агульнаадукацыйнай школе атрымалі некалькі кабінетаў, якія былі пераабсталяваны і рэканструяваны для навучання дзяцей музыцы. Там праходзіла вучоба каля пятнаццаці гадоў.
Пазней пад музычную школу прапанавалі пераабсталяваць будынак былой афіцэрскай сталовай. Так і зрабілі. Ва ўстанове дзейнічала шмат аркестраў рознай накіраванасці, карыстаўся папулярнасцю і хор.
З 2016 года Уладзімір Канстанцінавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. 25 гадоў кіраўніцкай пасады… За час працы назбіралася шмат рознага кшталту ўзнагарод. Шмат таленавітых артыстаў выйшла за гэты перыяд са школы мастацтваў, якой кіраваў Уладзімір Паўроз. Раз’ехаліся па свеце лепяльчане і радуюць слухачоў сваімі выступленнямі. Многія сталі паважанымі людзьмі ў нашым раёне. Сярод іх Аляксандр Волчак, вядучы майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Сяргей Андрончык, артыст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь, Барыс Яфрэмаў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, Валерый Кляшторны, старшыня Бароўскага сельвыканкама і многія іншыя.
Як пазней даведалася, Уладзімір Канстанцінавіч абіраўся і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.
У творчай сям’і дзеці часцей за ўсё таксама выбіраюць творчыя прафесіі. Сын Уладзіміра Канстанцінавіча Вадзім скончыў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж па класе фартэпіяна, а пазней — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Тэрміновую службу праходзіў у 19-й асобнай гвардзейскай Мікалаеўска-Будапешцкай Чырванасцяжнай ордэна Суворава II ступені механізаванай брыгадзе, якая дыслакуецца ў вёсцы Заслонава, дзе граў у ваенным духавым аркестры.
Давялося папрацаваць у Акадэмічным ансамблі песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Выступаў не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі. Зараз Вадзім Уладзіміравіч працуе педагогам па класе фартэпіяна ў дзіцячай школе мастацтваў у сталіцы, мае вышэйшую катэгорыю. А ў вольны час радуе гледачоў не толькі ігрой на музычным інструменце сольна і ў складзе калектыву, а і добрымі спевамі. Выступаў у беларускім дзяржаўным ансамблі народнай музыкi «Свята», “Гуляй, казак” і іншых калектывах.
gulyaj-kazak1Дачка Вольга скончыла Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж па класе фартэпіяна, пазней — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва”. Спачатку працавала пад кіраўніцтвам бацькі ў Бароўскай дзіцячай школе мастацтваў. Пазней выйшла замуж і разам з мужам пераехала жыць у Чашнікі, дзе таксама ўладкавалася ў мясцовую школу мастацтваў па той жа спецыяльнасці. Цяпер Вольга Уладзіміраўна кіруе педагагічным калектывам, як і бацька, а таксама грае ў аркестры народных інструментаў педагогаў дзіцячай школы мастацтваў.
Трое ўнукаў маюць Любоў і Уладзімір Паўрозы. Старэйшы Арцём кожнае лета прыязджае да бабулі і дзядулі.
Дынастыя таленавітых музыкаў працягваецца, бо Арцём таксама наведвае дзіцячую школу мастацтваў у сталіцы.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>