Увлечения счастливой семьи

u-29Жыве ў вёсцы Юркоўшчына звычайная сям’я — бацькі, дзеці, а разам з імі — і старэнькая бабуля, якую даглядае дачка. Хіба мала такіх сем’яў? Аднак мы зірнём на гэтую сям’ю ў іншым ракурсе —і заўважым яе адметнасць.

Напрыканцы дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя ў Старалепельскай базавай школе з’явілася новая вучаніца. Наташа прыйшла вучыцца сюды ў восьмы клас. Дагэтуль сям’я жыла ў вёсцы Двор Бабча, а затым маці выйшла замуж у Юркоўшчыну.
Прыйшла Наташа ў восьмы, а ў дзявятым на той час вучыўся Раман. І вось раптам…завязаўся ў Рамана раман — школьны раман з новенькай. Зразумела, у той час гэта было толькі першае каханне, светлае, як вясновае сонейка, што праз акно зазірала ў іх выпускны клас. Рома рос хлопчыкам моцным, фізічна загартаваным. З дзяцінства займаўся спортам, умеў працаваць. У бацькоў было пяцёра дзяцей — і ўсе хлопцы-малайцы. Са спортам сябруюць і зараз не толькі Раман, а і яго брат Арцём, які ўвайшоў у склад зборнай Лепеля па футболе.
Адным словам, прыйшло да Рамана першае каханне. І хто мог тады падумаць, што гэта шчырае і светлае пачуццё дасць пачатак шчаслівай сям’і, а затым і Раман, і Наталля стануць навучэнцамі СПТВ-175 у Лепелі? Ён вучыўся на слесара, а яна — на швачку. Раман пасля вучылішча стаў працаваць у родным калгасе… даяром. Выконваў гэту справу чатыры гады, пакуль не пачаў даваць падмену слесару. І ў той час яны з Наталляй сустракаліся на працы, дапамагаючы матулям, якія працавалі даяркамі. Пасля Раман на кароткі час паехаў на заробкі ў Маскву, а адтуль вярнуўся ў калгас ужо слесарам.
Пажаніліся Наталля і Раман у 2000 годзе. Ад калгаса атрымалі невялікую хату. А сям’я тым часам расла. Нарадзіліся Дзіяна, Вераніка, Даша і Давід. Таму, пакінуўшы калгасную, перайшлі жыць у больш прасторную хату да маці Наталлі. Тут сям’я жыве і зараз.
Чым жа адметная сям’я Пыхціных? Тым, што ў ёй чацвёра дзяцей? Так, не ў кожнай сям’і расце чацвёра дзяцей. Аднак дзеці Пыхціных — сапраўдная знаходка і вялікі падарунак — для школы. Вераніка, напрыклад, выдатна малюе. Простым алоўкам стварае цудоўныя пейзажы, партрэты, для сябе і ў вольны час. А па-другое, прозвішча гэтай дзевяцікласніцы не сыходзіць са старонак раённай і іншых газет. Вераніка — ва ўсіх спартыўных навінах, удзельнічае амаль ва ўсіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і шматбор’і. Мінулай зімою дзяўчынка заваявала першынство на рэспубліканскіх спаборніцтвах па зімовым шматбор’і. Тады каманда Віцебскай вобласці, у якой выступала Вераніка, заняла толькі трэцяе месца ў агульнакамандным заліку. А праз паўгода і каманда ўзышла на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару, і сама Вераніка па добрай традыцыі заваявала “пальму першынства” на тых спаборніцтвах у Пінску.
Медалёў, бліскучых, прыгожых, сабралася ў дзяўчынкі ўжо цэлая калекцыя. А як жа прыемна-меладычна яны пазвоньваюць!
Малодшая сястра Даша з зайздрасцю пазірае на ўзнагароды Веранікі і сама імкнецца не адставаць. Дашы пакуль толькі адзінаццаць гадоў, але яна ўжо заняла трэцяе месца на раённых спаборніцтвах “Шкаліяда”. Добрая заяўка на поспех! І сямігадовы Давід ужо пацешна дэманструе свае “біцэпсы” і заяўляе, што будзе спартсменам — як тата, як дзядзька Арцём і сёстры. З каго ж яшчэ хлопчыку браць прыклад?
Болей хатняй і меней спартыўнай вырасла хіба што старэйшая Дзіяна. Дзяўчына вучыцца ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы на повара-прадаўца. Аднак і тут яна ўдзельнічала ў спаборніцтвах.
Зрэшты, кулінарнае майстэрства таксама ў пашане ў сям’і Пыхціных. У вольны час Даша дапамагае маці на кухні пячы піражкі. А славуты яблычны пірог, альбо шарлотка, аб’ядноўвае ўсю дружную сям’ю за сталом на выхадныя.
А ў будні — звычайная праца. У гаспадарцы — свінні, куры. Усё лета Пыхціны шчыруюць у лесе — збіраюць грыбы, ягады, працуюць на агародзе. А затым дружная сям’я адпачывае на возеры.
Здаровы лад жыцця — гэта для сям’і Пыхціных не лозунг, а добрая традыцыя. Гэта і ёсць захапленне вялікай і зладжанай сям’і.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>