“Ажурныя мары”

Творы, выкананыя Галінай Жураўлёвай, цудоўным майстрам выцінанкі, насычаны вялікім зместам. Углядаючыся ў кожны з іх, паступова раскрываеш перад сабой багаты ўнутраны свет майстрыхі, асаблівасці яе светапогляду, тонкія душэўныя перажыванні. Кожны твор — пэўны жыццёвы сімвал, які дазваляе задумацца над галоўнымі жыццёвымі каштоўнасцямі, раскрывае шчырасць і чысціню пачуццяў.

У свой час Галіна скончыла Кобрынскае вучылішча народных і мастацкіх промыслаў, Магілёўскі педагагічны каледж. Больш за два дзясяткі год Галіна працуе на Лепельшчыне, зараз — у раённым Доме рамёстваў і завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гісторыка-культурных каштоўнасцей”.

На вялікі жаль, жыццё чалавека не пазбаўлена гора і расчараванняў. Чатыры гады таму Галіне прыйшлося перажыць вялікую трагедыю, зведаць горыч страты дарагога і блізкага чалавека. Пайшла з жыцця яе шасцігадовая дачушка Анечка. Свае глыбокія перажыванні, бязмежную мацярынскую любоў Галіна ўвасабляе ў сваіх творах, і мастацтва прыносіць ёй душэўнае суцяшэнне.

Майстрыха праславіла Лепельшчыну на абласным свяце-конкурсе выцінанкі “Ажурныя мары” ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”. На падвор’і “Горада майстроў” выставілі свае работы 23 майстры з Мінска, Брэста, Гомеля, Віцебскай вобласці, Полацкага раёна, Пастаў, Гарадка і г.д. Наведвальнікаў і кампетэнтнае журы творы Галіны захапілі высокай тэхнікай выканання і глыбокім сэнсам. Немагчыма было абысці ўвагай работы “Райскі сад”, “Радасць і смутак”, “Душэўны храм”.

У намінацыі “Хатняя калекцыя” творы Галіны Жураўлёвай занялі другое месца.

— Паездка на міжнародны фестываль мастацтваў, вядома, пакінула ў мяне шмат яркіх уражанняў, — расказвае Галіна. —

Асаблівай радасцю для мяне стала тое, што мае работы высока ацаніла журы ў складзе доктара мастацтвазнаўства, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Яўгена Сахуты, майстра выцінанкі, загадчыка інфармацыйна-аналітычнага і рэпертуарна-выдавецкага аддзела Віцебскага гарадскога Цэнтра творчасці Алесі Талерчык, майстра выцінанкі, кіраўніка студыі “Таццянка” Віцебскага ГЦТ Таццяны Лабуновай і іншых творцаў, якія сталі родапачынальнікамі выцінанкі на Віцебшчыне.

Дыплом за другое месца ў абласным свяце-конкурсе выцінанкі “Ажурныя мары” ўручыў мне старшыня журы Яўген Сахута. Калі ж ён знаёміўся з творамі, прадстаўленымі на выставе, вельмі ўразілі яго словы: “Выцінанка можа не толькі вабіць вока, а і крануць душу. Кожная работа мае глыбокі сэнс”.

З замілаванасцю гляджу на работы Галіны Жураўлёвай — і не магу стрымаць свайго захаплення перад яе багатым унутраным светапоглядам, тонкім светаадчуваннем. Змест гэтых карцін узвышае чалавека над шэрымі буднямі і раскрывае веліч жыццёвых святынь.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымку: Галіне Жураўлёвай уручае Дыплом доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>