Деревянная сказка для мам

dsc_0057Добрыя людзі здольныя сагрэць словам у халоднае надвор’е. У вялікім калектыве адразу яны быццам непрыкметныя. Аднак у сяброўскай кампаніі раскрываюцца цалкам, узнімаюць настрой суразмоўцам. У іх ёсць адна асаблівасць — не могуць быць
абыякавыя да праблем іншых. А яшчэ паэты кажуць, што ў добрых людзей сумны погляд, але светлая душа.

Чамусьці гэтымі словамі хочацца апісаць вядомага ў Лепелі і далёка за межамі нашага раёна разьбяра па дрэве Івана Будзіча. Гэты чалавек дзеліцца сваім душэўным цяплом з кожным. Менавіта з кожным, бо гэта цяпло адчуваецца ў яго творах.

Даведалася, што ў дзяржаўнай установе культуры “Лепельскі Цэнтр рамёстваў” адбудзецца адкрыццё выставы дзіцячых работ аддзялення народнага дэкаратыўна-прыкладнога напрамку дзіцячай школы мастацтваў “Драўляная казка матулям”, кіраўніком якога з’яўляецца Іван Мікалаевіч. З задавальненнем наведала гэта мерапрыемства. Калі ўбачыла работы, зноў пачытала аб’яву. Чамусьці здалося, што там памылка, бо работы не дзіцячыя, а выкананыя высокім прафесіяналам, настолькі ўразілі цудоўныя творы.
dsc_0043Пакуль быў час, прайшла па выставачнай зале і паспрабавала зазірнуць больш глыбока ў кожную работу. Гэтыя творы — першыя крокі на вялікім шляху станаўлення творчых людзей. Усе яны выкананы ў адпаведным стылі. Аднак ёсць у іх і агульнае — у кожны ўкладзена душа. У гэтым жа вялікая заслуга сапраўднага майстра, які навучыў сваіх выхаванцаў не проста выразаць па дрэве, а рабіць гэта з вялікай любоўю, каб потым глядач убачыў унутраны свет творцы. “Дзяўчына са скрыпкай” Аляксандра Максімава дорыць душэўны спакой. Здаецца, вось-вось паліецца прыгожая музыка па наваколлі. А вось Яфім Бельскі прымусіў задумацца. Сава трымае дзве маскі — сумную і вясёлую. У работу ўкладзены глыбокі сэнс, магчыма, звязаны з міфалогіяй. Аднак гэта на маю думку. Звярнула ўвагу яшчэ на адну работу Яфіма, ад якой стала весела на душы. Тры савы стварылі музычны ансамбль. У адной адкрыта дзюба, бо яна спявае. Ягор Ткачоў адлюстраваў вобраз лепельскага Цмока, які ўсім усміхаецца. А вось у Яўгена Прыстаўкі атрымалася галава лася с сапраўднымі рагамі — зручная вешалка для шапак. А вось сюжэтная работа Яўгена Азаронка: у густым лесе дзве птушкі аб чымсьці размаўляюць. Здаецца, старэйшая павучае маладую. На адным драўняным палатне — глыбокае філасофскае разважанне. У Максіма Салаўёва тры мужчыны граюць на музычных інструментах, і адчуваецца, што мелодыя гучыць вясёлая. А Максім Іонаў, напэўна, любіць жывёл, бо ў яго творы кот сядзіць ля самавара. На першы погляд здалося, што збіраецца піць чай. Аднак не. Уверсе заўважаю рыбу, якая сушыцца. Аўтар нават паказаў эмоцыі ката, які марыць дабрацца да прысмакаў. Герман Кірэеў адлюстраваў летні перыяд у вёсцы. Бабуля з дзядулем ідуць з граблямі. Побач — рагуля, лашчыцца кот. Сапраўднае вясковае лета! Здаецца, па зале разыходзіцца пах сена. У рабоце Івана Шандалесава ўжо адчуваецца сур’ёзнасць: хлопец імкнецца ўкласці сэнс у кожны твор. Артур Дзямко паказаў, як кот ловіць з запалам рыбу. А яшчэ заўважыла прыгожага сабачку, якога хочацца прытуліць да сябе. Тэму рыбацтва раскрылі Станіслаў Цеплякоў і Віктар Атрашкевіч. Напэўна, гэта любімы занятак хлопцаў. Кім Кобрынец адлюстраваў рэлігійнае свята: з акна бачны храм, гарыць свечка…
dsc_0022Станіслаў Сухачэўскі наведвае заняткі ў аддзяленні народнага дэкаратыўна-прыкладнога напрамку першы год, але ад яго работы адразу ўзняўся настрой, бо там адлюстраваны воўк з мультыплікацыйнага фільма. Здаецца, кажа словы: “Ну, ты, калі што, заходзь!”. Як пазней адзначыла маці маладога разьбяра Вікторыя, яны з мужам вельмі ўдзячныя педагогу, што зацікавіў іх сына такой творчай працай. Вынікі плёну бацькі ўжо бачаць дома, бо Станіслаў радуе іх падарункамі, створанымі сваімі рукамі.
Прыйшлося спыніцца і задумацца ля работы Ільі Ляха. Вельмі эмацыянальны твор. Я спачатку падумала, што гэтыя эмоцыі выказвае дарослы чалавек. А вось у творы Ільі Драздовіча ўбачыла апошнія лісты на дрэве, што крыху навеяла суму. Падобная тэма адлюстравана і ў рабоце Ягора Жалейкі.
У зале сабралася шмат нераўнадушных да мастацтва людзей. Прыйшлі сябры кіраўніка і выхаванцаў, іх бацькі, вядомыя людзі нашага раёна, якія захапляюцца творчасцю Івана Будзіча, а цяпер і яго вучняў. У добрым настроі прысутныя чакалі адкрыцця выставы, каб выказаць добрыя словы ў адрас маленькіх разьбяроў і іх педагога.
Прывітала ўдзельнікаў мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка.
Алена Іванаўна павіншавала творцаў з адкрыццём выставы, пажадала ім натхнення, каб іх майстэрства з часам удасканальвалася, а ў будучым яны сталі прафесійнымі разьбярамі па дрэве. Кожны творчы чалавек мае мэту, да якой імкнецца. Дасягнуўшы адной, ідзе да другой. Вось так і ў нашых маленькіх майстроў з кожнай работай адкрываюцца новыя магчымасці і жаданні. Яны ўжо вучацца рэалізоўваць сябе, раскрываючы багаты ўнутраны свет у яркіх работах.
Іван Будзіч прадставіў гасцям выставы кожнага з вучняў. Адны займаецца першы год, а другія ўжо выязджаюць за межы нашага горада на розныя конкурсы. Так склалася, што ёсць чаму павучыцца малодшым не толькі ў педагога, а і старэйшых таварышаў. Стварыўся сапраўдны дружны калектыў, дзе спалучаюцца дапамога, узаемавыручка і сяброўства.
Як аказалася, сёлета аддзяленню народнага дэкаратыўна-прыкладнога напрамку дзіцячай школы мастацтваў споўнілася 30 гадоў, і ля вытокаў яго стварэння стаяў менавіта Іван Мікалаевіч. Да гэтага часу працавала музычная школа. Былы дырэктар Барыс Кавалеўскі запрасіў мастака выкладаць ва ўстанову. За трыццаць год шмат выхаванцаў прайшлі навучанне ў выдатнага майстра. Некаторыя жывуць за мяжой і там займаюцца любімай справай.
Як адзначыў Іван Мікалаевіч, вельмі важна, калі дзіця ў вольны час займаецца творчасцю. У юных творцаў атрымліваюцца прыгожыя работы, якія затым яны могуць падарыць сваім родным, блізкім і сябрам.
Падумалася, што гэта не зусім бяспечная справа, бо дзеці працуюць з вострым інструментам. Як быццам пачуў мой роздум выкладчык і супакоіў усіх, што тэхніка бяспекі — на першым месцы. Акрамя таго, вельмі важна, каб выхаванцы ўмелі маляваць, бо без гэтых навыкаў не атрымаецца добрая работа на дрэве. Яно і зразумела.
Вялікую ролю адыгрывае і парода дрэва. Разьбяр адразу адчувае, з чым ён працуе. Раней больш выразалі на цвёрдых пародах, а цяпер ёсць магчымасць працаваць на ліпе — вельмі мяккім, падатлівым дрэве. Спачатку работы атрымліваюцца больш простыя, хаця я б іх простымі не назвала. Пачынаюць вучні разьбу па таніраваным фоне. Дошка спачатку фарбуецца ў чорны колер, а потым маленькія творцы працуюць па ёй разцамі.
Павіншавалі юных мастакоў лепельскія творцы Алена Бязега, Аляксандр Саўчанка, а таксама наведвальнікі выставы, захопленыя мастацтвам. Усе жадалі творцам, каб у іх работах была крыніца жыццёвых сіл і пачуцця прыгожага.
Як расказаў сам мастак, у асноўным навучаюцца гэтай справе хлопцы, бо патрабуецца моц у руках. Я б сказала, што і інструмент больш мужчынскі.
Прафесійны разьбяр па дрэве і мастак Іван Будзіч нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Калі зазірнуць у дзяцінства Івана Мікалаевіча, ён з маленства марыў стаць мастаком. Было жаданне паступіць менавіта на такую спецыяльнасць.
— Са стрыечным братам прыехалі ў Віцебск з глухой вёскі. Падышоўшы да ўстановы, чытаю шыльду: “Віцебскі педагагічны інстытут”. Разгубіўся, спыніўся і не разумею, што рабіць. Які педагагічны інстытут? Я хачу стаць мастаком. Брат пачаў тлумачыць, што я пасля заканчэння ўстановы буду настаўнікам чарчэння і малявання. Спачатку збіраўся нават збегчы адтуль. Аднак калі паступіў, зразумеў, што вельмі цікава вучыцца на гэтым факультэце. Першым месцам працы стала вёска Камень, дзе выкладаў чарчэнне, маляванне і працоўнае навучанне ў школе.
З часам зацікавіла графіка. Працаваў у Мінску ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, займаўся ілюстраваннем кніжак. На першых выставах дэманстраваліся ў асноўным графічныя творы.
З 1989 года ён працуе выкладчыкам мастацкага аддзялення Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў.
Пазней з інтэрнэту даведалася, што Іван Будзіч вядомы далёка за межамі нашай краіны. У 1992 годзе былі першая паездка ў Германію і выстава работ у Інстытуце Штрайзермана. У 1995 годзе адбылася паездка ў Данію, была праца ў школе, а затым — выстава работ. У 1998 годзе чарговая выстава работ у Даніі. У 1999 — 2000 гадах працаваў і выстаўляўся ў Германіі.
У якасці майстра разьбы па дрэве Іван Будзіч удзельнічаў у праграме TACIS — выкладаў разьбу ў Германіі і Даніі. Ён таксама прымаў удзел у афармленні храма ў польскім горадзе Ломжа, касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску, касцёла святога Казіміра ў Лепелі і рэстарана «Ракаўскі бровар» у Мінску. Вялікая колькасць яго работ знаходзіцца ў прыватных калекцыях у Расіі, Беларусі, Італіі і Польшчы. Яго працы адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Один комментарий для “Деревянная сказка для мам

  • 23.10.2019 в 12:02 пп
    Permalink

    Молодцы успехов Вам!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>