Рабочая делегация района

img_1067Хто будзе прадстаўляць Лепельскі раён на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019” у Браславе? Імёны перадавых камбайнераў Лепельшчыны не аднойчы гучалі ў зводках з палёў, партрэты размяшчаліся на Дошках гонару. У першую чаргу гэта экіпажы, якія працавалі на камбайнах маркі “New Holland”. Безумоўнымі лідарамі жніва сёлета сталі Леанід Аляксеенка і Аляксандр Глазковіч, камбайнеры сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазер’е” інтэграванай структуры адкрытага акцыянернага таварыства “Віцебскі мясакамбінат”. Сёлетняе жніво Леанід пачынаў з іншым памочнікам, Паўлам Ханяком, але пасля намалоту ў паўтары тысячы тон Паўла адклікалі. Яго прызначылі камбайнерам на новую машыну, а памочнікам стаў Аляксандр. Сёлета экіпаж, які з’яўляецца яшчэ і маладзёжным, намалаціў 3687 тон збожжа.
Камбайн “New Holland СХ 8.80” быў набыты і для сельгасфіліяла “Баброва-агра” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”. На ім працавалі Анатоль Петухоўскі і Яўген Карага. У гаспадарцы сёлета пад уборку былі даволі вялікія плошчы: 900 гектараў азімай пшаніцы, 1013 гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур: гарох, яравая пшаніца і ячмень, а на завяршэнне — 1007 гектараў яравога рапсу. Парк уборачнай тэхнікі ў “Баброва-агра” складаўся з трох выпрацаваных КЗС-1218, таму новая тэхніка аказалася вельмі патрэбнай. “New Holland” закрыў амаль палову ўборачных плошчаў. Акрамя гэтага, хлопцы папрацавалі ў камандзіроўцы на палетках іншага сельгасфіліяла “Віцебскаграпрадукта” ў суседнім раёне. Усяго Анатоль Петухоўскі і Яўген Карага намалацілі 2511 тон зерня.
Ад калег на камбайнах замежнай вытворчасці імкнуліся не адставаць камбайнеры, якія працавалі на айчыннай тэхніцы. Так, лепшых вынікаў на камбайне КЗС-1218 атрымаў сёлета экіпаж у складзе Пятра Духовіча і Аляксандра Чыіна, які намалаціў 1575 тон зерня. Мужчыны працуюць у СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Увогуле, гэтую гаспадарку можна лічыць кузняй рэкардсменаў. Сёлета, акрамя раней названых, тысячай тон адзначыліся экіпажы ў складзе Алега Пазняка і Аляксандра Махоня (1190 тон), Паўла Калесніковіча (1088 тон), а таксама братоў Сяргея і Юрыя Касцюковічаў (1077 тон). Яно і не дзіўна: гаспадарка самая вялікая ў раёне, засявае і ўбірае тысячы гектараў палёў.
Аднак і іншыя сёлета імкнуліся не адставаць. Так, дайшлі да тысячы тон сямейны экіпаж бацькі і сына Уладзіміра і Алега Буракоўскіх з КУВСГП “Лепельскае”, а таксама маладзёжны экіпаж Віктара Гарыслаўкі і Эдуарда Дразда з адкрытага акцыянернага таварыства “Чарэйшчына”. Хаця палеткі ў гэтых гаспадарках не такія вялікія, як у “Заазер’і”, іх работнікам таксама ёсць чым ганарыцца.
У актыўнай суполцы на ўборцы дзейнічаюць вадзіцелі. Вядома, што калі адбываецца замінка з адвозам намалочанага збожжа, справа можа спыніцца. Таму ў гаспадарках была наладжана сістэма аператыўнай дастаўкі збожжа з палёў на такі.
Сярод лепшых адвозчыкаў — зноў жа вадзіцелі СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Сяргей Чуес, які перавёз ад камбайнаў 2267 тон зерня, і Уладзімір Парфяновіч — 2026 тон. Вадзіцелем-тысячнікам сёлета стаў і Аляксандр Цыганоў з унітарнага прадпрыемства “Пражэктар-агра”, які запісаў на свой рахунак 1293 тоны.
Сёлетняя ўборачная кампанія праходзіла ў надзвычай складаных умовах надвор’я. Другая палова ліпеня і першая дэкада жніўня адзначыліся працяглымі дажджамі. На некаторых палетках зямля стала вільготнай да такой ступені, што тэхніка, праязджаючы па ёй, пакідала каляіны глыбінёй па калена. На палях дзяжурылі магутныя трактары, якія раз-пораз выцягвалі на трасах камбайны і машыны, якія буксавалі. Аднак лепельскія працаўнікі не апускалі рукі, імкнуліся па максімуме выкарыстаць кожную пагодлівую гадзіну.
Увогуле, аналізуючы працоўныя поспехі землякоў, яшчэ раз прыходжу да высновы, што ў іх аснове ляжаць у першую чаргу працавітасць, стараннасць і імкненне зрабіць сваю справу на самым высокім узроўні.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>