Художник — это загадка

l-4У Лепельскім раённым Цэнтры рамёстваў адбылося адкрыццё персанальнай выставы Леаніда Масцінскага “Мастак — гэта загадка”. На мерапрыемстве сабраліся сябры, калегі Леаніда Маркавіча і шматлікія прыхільнікі мастацкай творчасці.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка аўтару выставы і ўсім гасцям выказала шмат цёплых слоў:
— Гэтую выставу мы чакалі доўга. Леанід Маркавіч рыхтаваў яе скрупулёзна, з вялікай адказнасцю і ўвагай, што ўласціва гэтаму майстру. Мне хочацца падзякаваць яму за тое, што ўсё ж такі ў яго знайшліся сілы, натхненне і цярплівасць, каб гэтая выстава ажыццявілася, — сказала Алена Іванаўна. — Людзям уласціва параўноўваць работы мастакоў. Аднак творы Леаніда Маркавіча не хочацца параўноўваць з іншымі. У яго ёсць свае бачанне і цвёрдае перакананне, як павінна выглядаць карціна. Яго творчасць разнапланавая, разнастайная і, напэўна, кожны зможа знайсці сярод гэтых работ асабліва цікавыя для сябе.
Леанід Масцінскі супрацоўнічае з рознымі людзьмі і ўстановамі, акрамя таго, ён чалавек вельмі духоўны. Не выпадкова на адкрыццё выставы быў запрошаны настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподня г. Лепеля, протаіерэй Сергій Ляшкевіч.
— Кажуць, калі Бог дае талент, трэба не згубіць яго, а, наадварот, памножыць. Леанід Маркавіч знайшоў свой талент. Напэўна, гэтаму чалавеку менавіта за яго добрае і адкрытае сэрца падораны сілы ствараць прыгожыя работы і радаваць усіх нас, — сказаў Сергій Ляшкевіч.
dsc_1022На адкрыцці выставы таксама выступілі старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Майзус і сябры мастака. Васіль Канстанцінавіч падкрэсліў, што Леанід Масцінскі не мае адукацыі мастака — яго майстэрства бярэ пачатак у душы. Леанід Маркавіч вельмі працавіты, укладае ў сваю творчасць шмат сіл і эмоцый. Таму, калі глядзіш на яго карціны, адпачываеш душой і быццам набіраешся сіл.
Сябар Леаніда Масцінскага Мікалай Булай выказаў гонар за тое, што Лепельшчына ў свой 580-гадовы юбілей багатая на такіх таленавітых і адораных людзей. Ён падарыў мастаку травы для гарбаты і растлумачыў гэта тым, што Леанід Маркавіч п’е толькі гарбату ўласнага збору і прыгатавання, нават адмовіўся калісьці піць іншую гарбату ў яго ў гасцях.
— Калі мы толькі пазнаёміліся, ён прыходзіў за парадай да нас, мастакоў, і радаваўся, калі знаходзіў водгук. Цяпер ён стаў сапраўдным мэтрам, і я вельмі ганаруся нашым сяброўствам, — падзяліўся эмоцыямі сябар Леаніда Масцінскага, выкладчык Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Іван Будзіч. — Леанід дастойна выступаў з уласнымі выставамі ў Віцебску, яго творы знайшлі станоўчыя водгукі ў шматлікіх прыхільнікаў творчасці. Сярод лепельскіх мастакоў ён самы ўнікальны, яго тэхніка не падобная ні да чыёй. Мы прасілі Леаніда Маркавіча раскрыць сакрэт, паказаць майстар-клас, але ён не пагаджаецца. Мастак вельмі скрупулёзна ставіцца не толькі да кожнай работы, а і да афармлення карцін, выставы.
Мастак і выкладчык Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Саўчанка таксама падкрэсліў, што тэхніка, у якой працуе Леанід Масцінскі, вельмі складаная: “Бярэцца адзін слой, накладваецца другі, трэці — і такім чынам творца дабіваецца празрыстасці ў жывапісе”.
— Безумоўна, мастак самабытны, мае цвёрды ўнутраны стрыжань, непадкупны ў сваім бачанні — і гэта вельмі правільна. Таму што асабістае бачанне — гэта самае галоўнае, тое, што дапамагае мастаку раскрыць свой унутраны свет, — адзначыў Аляксандр Саўчанка. — Яго работы вельмі добрыя, адказныя, зразумелыя і прафесіяналу, і аматару.
Сам Леанід Масцінскі трымаўся на сваёй выставе вельмі сціпла, і было бачна, што ад такой колькасці ўзнёслых слоў ён адчувае сябе крыху няёмка. Ад імя раённага Цэнтра рамёстваў мастаку былі ўручаны падарунак і дыплом “За значны ўклад у адраджэнне і развіццё мастацкай творчасці Лепельшчыны”.
На выставе прадстаўлены творы розных жанраў: і пейзажы, і партрэты. Леанід Масцінскі адлюстроўвае на сваіх карцінах родных, сяброў і знаёмых. Таксама нярэдка сустракаюцца работы па літаратурных творах і сюжэты на біблейскія тэмы. На пытанне пра кнігі Леанід Маркавіч адказвае, што чытае розных аўтараў: і Джэка Лондана, і беларускіх празаікаў. Слухае аўдыякнігу “Людзі на балоце”, а таксама песні Віктара Цоя, калі займаецца спортам.
Леанід Масцінскі сапраўды вельмі адказна падыходзіць да сваёй творчасці. Напрыклад, карціна “Пунсовыя ветразі”, якая раней выстаўлялася ў Віцебску, была перароблена да сёлетняй выставы. Леанід Маркавіч прысвячае свае выставы людзям, якія займаюць значнае месца ў яго жыцці. Напрыклад, у 2006 годзе ў раённым краязнаўчым музеі праходзіла выстава мастака, прысвечаная маці.
— У Віцебску выстава прысвячалася паэту Генадзю Бураўкіну, майму сваяку, — расказвае мастак. — Сёлетняя ж выстава прысвечана майму бацьку. Наступная, думаю, будзе прысвечана Васілю Быкаву.
Алена МАРЦІНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>