Второй экипаж — тысячник

img_3641Тысяча тон намалоту з’яўляецца арыенцірам для працы экіпажаў камбайнаў. Гэта і добры заробак, і неблагія прэміі. Тысяча тон — гэта той рубеж, які дае адзнаку прафесіяналізму работніка хлебнай нівы.

img_3617Яго пераадоленне дае ўпэўненасць у тым, што вышыні скараюцца рупным. Гэтага рубяжу не так даўно дасягнулі камбайнеры філіяла “Баброва-Агра” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” Анатоль Петухоўскі і Яўген Карага. Інвестыцыі, якія ў свой час былі ўкладзены ў прадпрыемства, далі магчымасць набыць сучасную тэхніку, што ў значнай ступені садзейнічае дасягненню высокіх паказчыкаў на жніве.
Тысячную тону хлопцы атрымалі, калі жалі азімую пшаніцу ў полі за вёскай Несіна. Туды і скіравалася дэлегацыя для прывітання. Анатоль і Яўген якраз адбівалі чарговую “загонку”, дазволілі праехаць на мосціку іх камбайна.
Поле тыповае для Лепельшчыны, пагорыстае. Камбайн то падымаўся, то апускаўся, нахіляўся ў розныя бакі, аб’язджаючы вымачкі і астравы кустоў на ўзмежку. На шчасце, глеба падсохла, таму магутная, цяжкая тэхніка праязджала, нідзе не буксуючы, а побач з полем выцягнулася возера Несіна, аднайменнае з вёскай. Над збажыной кружыла некалькі каршуноў, выглядаючы мышэй і іншую здабычу.
Камбайн рушыў няспешна. Масіў пшаніцы на выбраным участку аказаўся багатым, за густым калоссем часта можна было не ўбачыць глебу. Збажына чыстая, пустазелле траплялася толькі дзе-нідзе. Калоссе ракой зацякае ў жняярку, малацільныя механізмы камбайна напружана гудуць, перамалочваючы збожжа. Праз вакенца бачна, як зерне сыплецца са шнэка, напаўняючы бункер.
— Калі збажына чыстая, калі зерне сыплецца густа, а тэхніка не ламаецца, працуе рытмічна, то і нам праца ў радасць, — заўважае Анатоль.
Хлопцы — патомныя працаўнікі зямлі. Іх бацькі, Іван Петухоўскі і Аляксандр Карага, працавалі механізатарамі, толькі ў розных гаспадарках і раёнах. Як толькі даведаўся пра гэта, мне стала зразумела, адкуль у Анатоля і Яўгена здольнасці да земляробскай працы. Маці ж хлебаробаў, Наталля Петухоўская і Алена Карага, шмат гадоў адпрацавалі на жывёлагадоўчых фермах.
Зумерны сігнал камп’ютара прагучаў пранізліва і нечакана.
— Што гэта было? — устрывожана пытаюся ў хлопцаў.
— Нічога страшнага, — спакойна адказвае Яўген, — камп’ютар падаў сігнал, што бункер напоўнены на 70 працэнтаў, таму нам варта трымацца бліжэй да ўскрайку поля, дзе стаіць машына пад выгрузку.
У той дзень пад выгрузку пад’ехала не машына, а трактар МТЗ-1523 з прычэпам. Кіраваў ім Рыгор Вашук, адзін са старэйшых механізатараў сельгаспрадпрыемства. У прычэпе — нарошчаныя барты, стыкі іх спецыяльным чынам ушчыльненыя, каб ні зярнятка не высыпалася пры перавозцы.
— Куды потым павязеце?
— Да нас на варахі. Выгружу там, а далей будзе прымацца рашэнне: або сушыць на месцы, або везці адразу ў філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, дзе магутны сушыльны комплекс.
Між тым работнікі раённага Дома культуры падрыхтавалі імправізаваную сцэну. Павіншаваць перадавікоў прыехалі старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Мароз, дырэктар філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскагарпрадукт” Ігар Таран. Адкрыла ўрачыстасць песняй “Мая Беларусь” артыстка РДК Анна Шаркоўская.
— Філіял “Баброва-Агра” — гэта той арыенцір, той прыклад, па якім трэба развівацца сельгасарганізацыям у нашым раёне, а, магчыма, і далей, у рэспубліцы, — адзначыў Міхаіл Кісялевіч. — У 2016 годзе, калі праводзілася працэдура банкруцтва КУВСГП “Баброва”, мы ўсе стаялі на раздарожжы: куды пайсці, як зрабіць, каб не страціць землі, не згубіць вытворчы патэнцыял. Быў створаны дадзены філіял, і гэта, як паказала далейшая праца, стала самым правільным рашэннем. Былі аптымізаваныя вытворчыя працэсы, павысілася культура працы, а зараз ідзе абнаўленне тэхнікі, закуплены і ўдала выкарыстоўваецца камбайн “New Holland”, на якім і дасягнуты выдатны вытворчы вынік. Ведаеце, рыхтуючыся да прыезду сюды, я пазнаёміўся з некаторымі гістарычнымі звесткамі. Згодна з імі, каля дваццаці гадоў у КУВСГП “Баброва” не магло ісці размовы ні пра якія рэкордныя намалоты. У гаспадарцы не было ніводнага тысячніка, хаця кожны год засяваліся тысячы гектараў. Жадаю вам, працаўнікам палёў, не спыняцца на дасягнутым, каб вы ўпэўнена вялі сваю гаспадарку далей да новых і новых поспехаў.
Павіншаваў хлебаробаў і Ігар Таран:
— Хлопцы, мне надзвычай прыемна прыехаць сюды і павіншаваць вас з вашай вялікай працоўнай перамогай. Мы тут падрыхтавалі вам невялікія, але вельмі каштоўныя падарункі. Спадзяюся, ацэніце іх не толькі вы, а і вашы жонкі, бо мір і лад у сям’і — адна з асноў поспехаў у працы.
Вядома ж, галоўны стымул да ўдарнай працы — добры заробак. Таму камбайнеры хутчэй спяшаліся да працы.
— Давайце хутчэй сфатаграфуемся ды паедзем далей жаць, — казаў Яўген. — Пакуль надвор’е добрае, дождж не распачаўся, трэба абмалаціць як мага больш.
Працоўная змена камбайнераў доўжыцца да позняй ночы, пакуль на збажыну не выпадзе раса. Кожны дзень яны на асабісты рахунак прыбаўляюць па 150-180 тон збожжа. Балазе, новая высокапрадукцыйная тэхніка “New Holland” дазваляе.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>