Рэаліі мясцовага маштабу

Наступ на вясковую балацявінку пачаўся сёлета. І першым крокам была ініцыятыва старшыні сельсавета Васіля Бадзяя акультурыць тэрыторыю ля пажарнай копанкі і альтанкі. Вада ля альтанкі як бы падказвала, што менавіта тут самае месца скверыку, дзе можна будзе культурна адпачыць у цяньку дрэў. Вырашылі пасадзіць бярозы.

Мы пісалі ўжо, як звярнуліся ў лясгас, як атрымалі магчымасць выкапаць дрэўцы-самасейкі ля лесу, на Цаліне. Накапалі дзвесце дваццаць дрэўцаў з разлікам, што запас бяды не чыніць. Капалі школьнікі-падлеткі, саджалі-палівалі таксама яны, а з імі поруч — і загадчык школьнай гаспадаркі, і старшыня сельвыканкама.

Гэта было вясною. А ўлетку, наведаўшыся ў Горкі, я запытаў Васіля Аляксандравіча, ці прыжыліся дрэўцы.

— А, ведаеце, добра, што мы з запасам бралі. Некаторыя не прыжыліся.

— Можа, паламалі?

— Ды не, здаецца, пакуль не ламаюць, — неабыякавасць старшыні выдавалі вочы. Яны свяціліся цеплынёю, калі распавядаў пра дрэўцы.

 — А што будзеце рабіць тут? — паказаў я на парослую хмызняком, забалочаную лагчыну справа ад дарогі, што вядзе праз вёску.

 Васіль Аляксандравіч заклапочана нахмурыўся:

 — Тут патрэбна меліярацыя, а, значыць, немалыя ўкладанні. Абы асушыць, а пасадзіць нешта зной­дзем. Там — бярозкі, тут каштаны пасадзім.

 Вярталіся мы ад немцаў, якія дружнай талакою ў суполцы з нашымі падлеткамі акультурвалі падворак і хату адзінокай пенсіянеркі Марыі Семянько. У самым цэнтры вёскі хата псавала агульны выгляд аграгарадка. За справу ўзяліся валанцёры, падворак абуладкоўваецца.

 Ішлі не спяшаючыся. Я разглядваў іншыя падворкі. Раптам убачыў цікавую карціну. Хата як хата, дворык звычайны, а на сценах паразвешаны ў вазонах хатнія кветкі. Кажуць, такая ініцыятыва – выстаўляць улетку хатнія кветкі на падворку — шырока распаўсюджаная на Захадзе. Што ж, добрая ідэя. Такую і пераняць не шкодзіць — і прыгожа, і амаль беззатратна.

*  *  *

 Зразумела, жыць трэба па сродках. Той, хто не прытрымліваецца такога прыкладу, урэшце, аказваецца несур’ёзным, няздольным гаспадарнікам, бо ўменне правільна размяркоўваць сродкі — своеасаблівы гаспадарніцкі талент. Грошы сельсавецкія — каля дзесяці мільёнаў рублёў — склалі з тымі сродкамі, што выдаткавала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а гэта яшчэ амаль сорак пяць мільёнаў — і атрымалася шэсцьсот метраў агароджы па вёсцы Бораўна. Праўда, гэта толькі палова вясковай агароджы, бо даўжыня яе па плане складзе амаль 1,4 кіламетра. Але гэта ўжо не лапленне дзірак — і вынік бачны. Асвоена 44622 тысячы рублёў. Матэрыялы закуплены, а сёлета — толькі праца.

Калі штосьці ўвесь час рабіць, хай сабе і пакрысе, то вынік абавязкова будзе бачны. Возьмем цэнтральную сядзібу. Частку вуліц і дарог заасфальтавалі тут, калі аграгарадок будавалі. Асфальт на 1-ай Садовай, на пад’ездзе да аграгарадка, часткова — на вуліцы Школьнай, Сонечнай і Камунальнай, пакладзены асфальт і да фермы, што ў Глініцы. На чарзе — укладка цвёрдага пакрыцця па 2-ой і 3-яй Садовых. Увогуле ж па сельсавеце не так і мала заасфальтаваных вёсак — Залессе і Баравенскія Хутары, Бораўна і Зорніца, Гарадчэвічы і Слабада, не кажучы пра Заслонава, Межыцу. Гравійка часцей на падыходах да вёсак — у Палянах, Залессі, Будзішчы, Гарадзінцы, Караевічах. Але ж не ўсё прыходзіць адразу.

 Ёсць пэўныя праблемы з могілкамі, якіх на тэрыторыі сельсавета сем — і з пад’­ездамі да іх, і на саміх кладах яшчэ шмат работы. Калі з пад’ездамі праблему спадзяюцца вырашыць, перадаўшы іх на баланс дарожнікам, то парадак на могілках давядзецца наводзіць самім. Абгарадзілі зорніцкія могілкі, ёсць агаро­джа на гарадчэвіцкіх і караевіцкіх. Сёлета вы­дзеленыя на добраўпарадкаванне могілак пяць мільёнаў рублёў пайшлі на ўстаноўку кантэйнераў у Зорніцы, Гарадчэвічах і Заслонаве, на чарзе – могілкі ў Горках, дзе, можа, найбольш працы па навядзенні парадку.

 Патрэбна ініцыятыва мясцовых жыхароў, як вунь у Зорніцы, дзе яны самі разам з камунальнікамі выразалі аварыйныя дрэвы. Каб справіцца са смеццем і хлудам, альпіні­сты не патрэбны. У сельсавеце смецце з могілак вывозяць як на сваім трактарку, так і на тэхніцы КУП “Горкісельгаспаслугі”, на кладах праводзяць суботнікі з удзелам школьнікаў, як тое было ў Зорніцы. Працавалі таксама ў Гарадчэвічах і Караевічах.

 Для камфортнага жыцця шмат чаго трэба. Напрыклад, вада. У самім аграгарадку водаправод ёсць даўно. Апошнім жа часам памянялі трубы на пластыкавыя, больш трывалыя, на ўсіх Садовых вуліцах, тое ж зрабілі летась і ў Бораўне: праклалі 1,2 кіламетра пластыкавай трубы, устанавілі пяць калонак. Не забываюць і пра студні. Колькі вазіліся са студняю ў Бораўне! Выцягнулі бузы на паўтара кальца. Студню вычысцілі, праўда, людзі па-ранейшаму бяруць у ёй ваду хіба на тэхнічныя патрэбы. Усяго ж у сельсавеце — сямнаццаць грамадскіх студняў, для кожнай з якіх імкнуцца нешта зрабіць — хаця б крышку памяняць, пафарбаваць зруб, як гэта зрабілі ў Міхалове, Бораўне, Зорніцы, Баравенскіх Хутарах. Ужо добраўпарадкавана сем студняў.

 Улетку варта дбаць аб зімовым цяпле, аб дровах. Тут прасцей, бо падключаецца і выручае мясцовы сельскагаспадарчы кааператыў, расцэнкі ў якім на перавозку прымальныя, не адмаўляе і сельсавет — дае свой трактарок. Зразумела, дровы трэба выпісаць і з лесу вытраляваць. Частку вёсак абслугоўвае Валосавіцкае, частку — Заазерскае лясніцтвы. Некаторыя людзі выбіраюць саманарыхтоўку. Ну, а ў каго няма сіл і мажлівасцяў самому дровы нарыхтоўваць, звяртаюцца ў гарпаліва­збыт і да прыватнікаў. Такія дровы далёка не танныя, затое дастаўленыя без клопату і да парога.

*   *   *  

 Агароды маюць многія, вось толькі не ўсім лёгка з імі справіцца. І тут, зноў жа, на дапамогу прыходзіць КУП “Горкісельгасэрвіс”. У іх трактар “МТЗ-82”, плуг, культыватар. Узорванне – дзесяць тысяч за сотку, культывацыя ў два сляды — восем з паловай тысяч. Скасіць сотку абыдзецца ў сем тысяч трыста рублёў. Дорага? Тады рабіце ўсё самі — і ў вас будуць грошы вылечыць грыжу і радыкуліт.

 У сельсавеце знята праблема чаргі ў дзіцячы сад, пасля таго як адкрыліся дзве дадатковыя садаўскія групы. Новы “ПАЗік” курсіруе па навакольных вёсках, збіраючы вучняў у Горскую школу. Шмат дзе па вёсках ёсць магазіны — і ў Бораўне, і ў Караевічах, і ў самім аграгарадку, дзе магазін пераехаў у іншае, адрамантаванае,  памяшканне. А ў Заслонаве толькі дзяржаўных магазінаў чатыры, сярод іх — новы ўніверсам,  два магазіны ў Межыцы. З аўталаўкамі праблем ня­ма.

 Дарэчы, сёе-тое з неабходнага, скажам, у Горках, можна набыць не толькі ў краме, але і на пошце, і на комплексным прыёмным пункце: будматэрыялы, посуд, пральныя парашкі, сродкі для чысткі, растваральнікі, фарбу і г.д. І не толькі купіць, але і ўзяць напракат шмат чаго, нават бетонамяшалку. Тут жа — паслугі пральнага камбі­ната, лазні, цырульні.

 Маштабнае сельскагаспадарчае будаўніцтва разгорнута ў полі за аграгарадком. Тут вырасце неўзабаве жывёлагадоўчы комплекс амаль на тысячу галоў з даільнай залаю, станцыяй абезжалезвання, вагавым памяшканнем, сянажнымі траншэямі, адстойнікам для арганікі і г.д.

 Горскі сельсавет невялікі, і мясцовыя ўлады пільна сочаць за выглядам вёсак, якія, прынамсі, не ўпрыгожваюць старыя асеўшыя пабудовы. Толькі сёлета знесена тры такія хаты ў Караевічах і выяўлены яшчэ дзве, летась два закінутыя дамы зліквідаваны ў аграгарадку. Усяго знесена сорак шэсць падобных хат. Праўда, і тут праблема часткова застаецца нявырашанай. Шмат неўпарадкаваных пабудоў зусім не без гаспадароў. Паспрабуй крануць такія, як гаспадары тут жа і засведчаць пра сябе правамі і прэтэнзіямі. Вунь і ў аграгарадку, амаль у цэнтры, псуе панараму нечы дапатопны хлеў. Хто яго гаспадар? Дый ля хат, нават ля новых катэджаў, дзе жывуць яўна не пенсіянеры, вырас бур’ян. Напэўна, свядомасць гаспадароў варта абуджаць капейкаю.

 Ніхто не кажа, што ўжо ўсё зроблена і блішчыць узорнай чысцінёй. То там то сям убачыш і няскошаны быльнёг, з якім, зрэшты, не так проста сёлётнім надзвычай ураджайным на травастой годам зваявацца. Таксама патрэбны сродкі і затраты. Убачыш і нямала жылфонду, які просіць альбо зносу, каб вочы не мазоліў, альбо рамонту. Галоўнае — працаваць. Бо горскія рэаліі — зусім не горкія рэаліі.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымках: на комп­лексна-прыёмным пункце ў аграгарадку што не купіце, тое возьмеце напракат.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>