60 новобранцев со всей Беларуси поклялись на верность Родине в военной части в Заслоново

img_2875Мінулая субота стала незабыўным днём для соцень маладых воінаў, прызваных на службу ў шэрагі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Мы ж у гэты дзень пабывалі ў 19-й асобнай Гвардзейскай ордэна Суворава II ступені механізаванай брыгадзе, якая дыслакуецца ў вёсцы Заслонава.

…Да пачатку ўрачыстага мерапрыемства засталіся лічаныя хвіліны. На святочным пляцы — стройныя шарэнгі афіцэраў, прапаршчыкаў, салдатаў. Для таго, каб падтрымаць хлопцаў у адказны момант, ваенную часць наведалі іх бацькі, родныя, сябры і каханыя. Мужчыны з гонарам паглядалі на сваіх сыноў, якія за час праходжання школы маладога байца пасталелі, сталі больш самастойнымі і адказнымі. На вачах маці, сясцёр і каханых блішчэлі слёзы… Больш за 60 прызыўнікоў накіравана на службу ў 19-ую асобную Гвардзейскую механізаваную брыгаду з гарадоў Мінскай, Брэсцкай, а таксама Віцебскай абласцей.
Пад бадзёрыя гукі духавога аркестра быў вынесены сцяг брыгады. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.
Немагчыма было стрымаць захаплення, назіраючы за тым, як адзін за другім з шарэнгаў выходзяць учарашнія прызыўнікі са зброяй у руках і з гонарам чытаюць ужо добра вядомыя радкі: “Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся…” Многія госці мерапрыемства імкнуліся зрабіць фота на памяць.
У гэты дзень 19-ую асобную Гвардзейскую механізаваную брыгаду наведаў памочнік Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Леанід Касінскі.
— Служба ў арміі — вельмі нялёгкі, але ў той жа час адказны і высакародны абавязак кожнага мужчыны. Учарашнія юнакі, праходзячы школу маладога байца, набываючы шэраг неабходных вайсковых спецыяльнасцей, становяцца сапраўднымі мужчынамі, якія ўмеюць самастойна прымаць рашэнні, здзяйсняць рашучыя ўчынкі і ў любы момант гатовы прыступіць да святой справы — абароны роднай краіны ад ворагаў, — адзначыў Леанід Віктаравіч. — Няхай жа ваш шлях у авалоданні ваеннай справай будзе паспяховы, будзьце гонарам для сваіх родных, блізкіх, і няхай вашы планы і задумы абавязкова ажыццявяцца!
Не пашкадаваў цёплых слоў у адрас навабранцаў таксама старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй.
— Салдат, патрыёт, абаронца, воін — гэтыя словы заўсёды гучаць урачыста і высакародна, таму што яны прысвечаны абароне Радзімы. Служба ў арміі — вельмі важны этап у жыцці кожнага мужчыны. Няхай жа кожны з вас выканае свой грамадзянскі абавязак на высокім узроўні, стане сапраўдным абаронцам Айчыны і на справе пакажа свае мужчынскія якасці.
Вельмі чулым і пранікнёным было выступленне маці маладога прызыўніка Святланы Дзятлоўскай, якая ад душы пажадала навабранцам быць цвёрдымі і ўпэўненымі на армейскім шляху, добрасумленна выконваць загады афіцэраў, сваіх старэйшых таварышаў і быць на працягу жыцця для сваіх родных, блізкіх людзей надзейнай апорай і падтрымкай.
Цвёрда паабяцаў з трыбуны быць дастойным абаронцам Айчыны, годна прайсці ўсе этапы ваеннай падрыхтоўкі і сёлетні прызыўнік Ігар Дземідовіч.
Камандзір брыгады гвардыі палкоўнік Дзмітрый Бітны дае загад пачаць урачысты марш. Пад бадзёрыя гукі духавога аркестра адна за адной рухаюцца стройныя калоны ваеннаслужачых брыгады, упэўненым, размераным крокам ідуць маладыя воіны. Здавалася б, яшчэ зусім нядаўна яны былі звычайнымі юнакамі. За непрацяглы час армейскай службы хлопцы значна пасталелі і навучыліся адчуваць плячо таварыша. У час святочнага шэсця блаславіў ваеннаслужачых, маладых воінаў на паспяховае нясенне службы святар Міхаіл.
Пасля завяршэння ўрачыстага мітынгу родныя і блізкія воінаў, шматлікія госці мерапрыемства былі запрошаны ў клуб ваеннай часці №71327. Са сцэны бацькам сёлетніх навабранцаў было расказана аб асаблівасцях праходжання службы ў 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгадзе, умовах, створаных для салдатаў. Бацькі ж маладых воінаў маглі звярнуцца да кіраўніцтва брыгады з узніклымі пытаннямі.
Нікога не пакінула раўнадушным выстава ваеннай зброі, падрыхтаваная ў фае клуба. Хлопцы адчувалі сябе сапраўднымі абаронцамі Радзімы, трымаючы ў руках аўтаматы, з цікавасцю слухалі афіцэраў, якія расказвалі аб асаблівасцях кожнага з іх.
Не меншую цікавасць выклікала і знаёмства з вопраткай маладых воінаў. У адпаведным адзенні салдаты выконваюць баявыя заданні, удзельнічаюць у спартыўных гульнях або выступаюць на святочным шэсці. Прадэманстравалі яго гледачам самі хлопцы, апранутыя ў розныя віды адзення.
Побач быў прадстаўлены асартымент прадуктаў, якія штодзень ужываюць салдаты. Яйкі, хлеб, булка, кампот, агуркі, памідоры, суп гарохавы, каша грэцкая з курыцай, дранікі, боршч, каша рысавая з рыбай, салата са свежай капусты, макароны з мясам і іншыя стравы ўваходзяць у рацыён штодзённага харчавання вайскоўцаў.
У гэты дзень у маладых воінаў з’явілася магчымасць пабыць у акружэнні сваіх бацькоў, родных і блізкіх, пабачыць каханых дзяўчат. Немагчыма было стрымаць слёз, назіраючы за тым, як хлопцы пяшчотна абдымаюць сваіх матуль, па-мужчынску цвёрда паціскаюць рукі татам і сябрам.
З захапленнем гляджу на маладых навабранцаў, і ад імя іх родных у думках жадаю: “Служыце на славу, нашы дарагія, а мы вас абавязкова дачакаемся!”
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>