Когда и живность молчала

581193293cd6787c6e30bb3c4857af91 Роўна тры гады, з чэрвеня 1941 года па чэрвень 1944-га, Лепельшчына была пад фашысцкай акупацыяй. Як жылі ў гэты цяжкі час простыя людзі, якія ў іх былі клопаты, турботы, якія радасці? Як вырошчвалі хлеб, расцілі дзяцей? На гэтыя і шмат іншых пытанняў маглі б даць адказы расповеды людзей, што перажылі ваеннае ліхалецце. На вялікі жаль, амаль усе яны пайшлі ў лепшы свет, таму нам, нашчадкам, варта занатоўваць іх успаміны, каб у далейшым перадаць наступным пакаленням. Каб і яны пранікліся такой простай і разам з тым такой вялікай ідэяй — ніколі больш!
Прывяду ўспаміны маёй бабулі Яўгеніі Прахораўны Скамарошчанкі, якая пад час акупацыі жыла ў вёсцы Слабодка Лепельскага сельсавета. Яна нарадзілася ў 1912 годзе, да вайны паспела выйсці замуж і нарадзіць траіх дзяцей. Адзін, старэйшы, памер у маленстве, што на той час лічылася нармальнай з’явай. Сям’і з аднаго боку, было прасцей, бо пад час мабілізацыі 1941 года не быў прызваны галава сям’і Сцяпан Скамарошчанка, мужчына мог працаваць і карміць сям’ю.
Аднак я б хацеў паспрабаваць асвяціць яшчэ дзін немалаважны, на мой погляд, бок тагачаснага вясковага жыцця — норавы і паводзіны жывёлы. Гэта, на першы погляд, можа падацца нават і смешным, і недарэчным, але…
— Галоўнае, што мне запомнілася, — жывёла замоўкла! — успамінала Яўгенія Прахораўна. — Каровы перасталі рыкаць, свінні рохкаць, куры кудахтаць. Рэдка-рэдка якая жывёла падавала голас, і то цішком, нібыта баючыся. У той час усю жывёлу: кароў, коней, авечак, свіней, пасвілі. Не было такога, каб свінні круглы год утрымліваліся ў хлявах, у памяшканні іх заганялі толькі на зіму. Паколькі палі і лугі былі адведзены пад пасевы і сенакосы, жывёла пасвілася на няўдобіцах, як правіла, у кустоўі, па лясах. У вайну ж іх адганялі яшчэ далей, стараліся зберагчы ад немцаў, паліцаяў, ды і ад партызанаў, якія ў пошуках харчавання рэгулярна прыходзілі ў Слабодку.
— Што, зусім-зусім маўчала? — пытаўся я, малы, у бабулі.
— А паспрабавала б якое парася завішчэць ці цяля замыкаць, яго б зараз жа ліхія людзі прыйшлі і зарэзалі. Памятаю, быў такі выпадак. Праязджалі немцы па вёсцы, забіралі жывёлу, якая траплялася ім на вочы. Я толькі-толькі паспела сабраць курэй у кошык ды накрыць яго нейкай дзяругай, а пеўня злавіць не паспела. Прыходзяць немцы, трое ці чацвёра. Двое палезлі ў хлявок і пацягнулі адтуль свінню. Сцяпан паспрабаваў прасіць: “Пан, куды вы яе бераце? Гэта ж свінаматка, парасятак чакаем!”. А ў адказ як пачуў грозны вокрык “ВОйна!”— тут жа змоўк. А адзін немец, здаровы, у кіцелі з закасанымі рукавамі стаў ганяцца за пеўнем. Ды як ганяўся… Кінуў кіем па пеўню, той і пакаціўся. Схапіў яго хутка, скруціў галаву і ў мех. А я стаю, сэрца абмярцвела, каля ног кошык і толькі адна думка ў галаве: “Толькі б ніякая курыца не квохнула, а то будзе і мне, як таму пеўню”. Але пашчасціла, усе куры сядзелі і маўчалі ціхенька. Так мы ў той раз засталіся жывымі.
Чаму жывёла ў час акупацыі змоўкла, пакрыху прыйшоў да разумення ў сталыя гады, калі сам паразумнеў і набраўся жыццёвага вопыту. Прычынай нематы стаў страх. Страх штодзённы, глыбінны, ад якога немагчыма пазбавіцца ні за дзень, ні за тыдзень, які жыве ў душах гадамі. Страх, памножаны на поўнае бяспраўе, калі кожны, у каго ёсць зброя, можа застрэліць селяніна, і ніякай адказнасці за гэта не панясе. І гэты страх нябачнымі флюідамі перадаваўся жывёле. Толькі калі Лепельшчыну вызваліла Чырвоная армія, на нашы землі прыйшоў закон і парадак, толькі тады вяскоўцы, калгаснікі сталі адчуваць сябе абароненымі.
Напрыканцы ж хочацца ўспомніць яшчэ адзін выпадак. Сваю жывёлу мелі і акупанты — знакамітых нямецкіх аўчарак. Зноў даю слова бабулі:
— Неяк у нашым наваколлі стала зусім неспакойна. Немцы ў гарнізоне, што стаяў у Старым Лядне, мітусіліся, часта абстрэльвалі Слабодку з кулямётаў, таму многія вяскоўцы, і мы ў тым ліку, падаліся ў лес. Хаваліся непадалёк, нарабілі буданоў за Хамяной Нівай, у Ракавіцах (лясныя ўрочышчы непадалёк ад Слабодкі), час ад часу людзі хадзілі ў вёску паглядзець, ці не спаленыя хаты, ці не знішчаная маёмасць. У адзін з такіх паходаў я ледзьве не прапала. Ужо блізка падыходзіла да Слабодкі, перабягала крайняе жытнёвае поле, як раптам заўважыла — немцы ідуць! Рухаліся яны групай чалавек з дзесяць, усе пры аўтаматах і вінтоўках. Ну, думаю, як заўважаць мяне, адразу застрэляць, разбірацца не будуць. Я ўпала на зямлю і ляжу, не дыхаю. Схавалася ў жыце, а ў галаве адна думка: “Толькі б не было пры іх сабак! Толькі б не было пры іх сабак!”. На маё шчасце, аўчарак пры тых немцах не было, таму прайшлі яны міма мяне, гергечучы нешта па-свойму. А я ад страху яшчэ больш за гадзіну ляжала ў жыце, баялася галаву падняць, а потым цішком-цішком — назад у лес, у вёску так і не адважылася ў той дзень ісці.
Яўгенія Прахораўна Скамарошчанка перажыла акупацыю. У 1944 годзе яе мужа Сцяпана мабілізавалі, служыў ён на І Прыбалтыйскім фронце, вярнуўся дахаты праз год, у 1955 годзе захварэў і памёр. У іх нарадзіліся дзесяць дзяцей, з якіх выжылі восем. Бабуля памерла ў 2008 годзе, пражыўшы 96 гадоў. Аднак да самай смерці ў яе душы жылі стоеныя адгалоскі таго закаранелага страху. Неяк, ужо ў 1980-я гады, па тэлевізары паказвалі чарговы мастацкі фільм пра вайну. Фашысты гучна закрычалі, а мы пачулі, як на кухні забразгатала па падлозе міска. Праз некалькі імгненняў у пакой зайшла бабуля, твар у яе быў збялелы. Злосна яна падышла да тэлевізара, рашуча выключыла яго і выгнала нас, унукаў, гуляць на вуліцу.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>