Приём граждан провёл помощник Президента Республики Беларусь

dsc_0198 Значнай падзеяй для нашага раёна стаў прыезд памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Віцебскай вобласці Віталя Вовка, які праводзіў прыём грамадзян па асабістых пытаннях у райвыканкаме. Аб прыездзе высокапастаўленай асобы ў нашай газеце паведамлялася загадзя, таму жыхары Лепельшчыны мелі магчымасць запісацца на прыём і падрыхтаваць хвалюючыя пытанні.

Наталля Скавародка з вёскі Ассё і яе брат Пётр прыйшлі на прыём за дапамогай. 21 студзеня згарэў бацькоўскі дом, дзе пражываў Пётр, інвалід II групы. Па стане здароўя тры месяцы знаходзіўся ў медыцынскай установе, цяпер жыве ў суседзяў. Жанчына не ведае, што рабіць?
На сацыяльнае жыллё Пётр Скавародка права не мае, бо не стаяў на чарзе. Аднак, улічваючы ўсе абставіны, у райвыканкаме прапанавалі камерцыйнае жыллё, якое мае мінімальныя выдаткі па аплаце.
Віталь Вовк у гэтай сітуацыі параіў скарыстацца такім жыллём:
— У раёне на дадзены момант вам могуць прапанаваць шмат варыянтаў. Калі жадаеце, каб аплата была мінімальнай, засяліцеся ў аднапакаёвую кватэру ў вёсцы Межыца. Адначасова можаце стаць на чаргу, і з часам будзе магчымасць жыць у Лепелі. Я ўпэўнены, што сістэма, наладжаная ў нашай краіне, не пакіне нікога на вуліцы.
Жанчына згадзілася на такую прапанову.
Інфармацыю пра здачу грамадзянам у наём жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання жадаючыя могуць знайсці на сайце Лепельскага райвыканкама.
Людміла Бірукова прыехала на прыём да Віталя Міхайлавіча з Віцебска. Жанчына ў роспачы расказвала пра сваю праблему — дрэнную работу вентыляцыі ў кватэры:
— Як толькі засяліліся, усё было добра. Потым з кватэры, якая знаходзіцца вышэй, у наша памяшканне пачало ісці атрутнае паветра. Летам адкрывалі форткі, а вось зімой стала складаней з гэтым, бо на вуліцы холадна. Не ведалі, што рабіць. Калі прыйшла са скаргай да суседа, ён адказаў з грубасцю. Звярталася да ўлады горада. Да мяне прыйшлі правяраць вентыляцыю і зрабілі заключэнне, што ўсё працуе спраўна. Аднак я ж адчуваю, што вентыляцыя не працуе…
Віталь Міхайлавіч узяў пытанне на свой кантроль і паабяцаў жанчыне, што да яе прыйдуць спецыялісты, каб праверыць працу вентыляцыі.
Да высокапастаўленай асобы звярнулася лепяльчанка Лілія Нікульнікава:
— Дому, у якім жыву, — больш за 100 гадоў. Выхавала там сваіх дзяцей. Будынак прызналі лядашчым. У свой час я яго прыватызавала, а цяпер не магу пабудаваць сабе жыллё.
Жанчыне ў райвыканкаме прапанавалі напісаць заяву на абследаванне на непрыгоднасць для пражывання жылля. Пасля адміністрацыйнай працэдуры ёй будзе выдзелена камерцыйнае жыллё.
Аляксандра Ляйко з вёскі Юркоўшчына прывяла на прыём набалелая праблема. Чалавек 42 гады адпрацаваў механізатарам у сельгаспрадпрыемстве, але яго ў гаспадарцы аформілі як кіроўцу. Цяпер адмаўляюць у прызначэнні льготнай пенсіі, бо мала стажу. Запіс у працоўнай кніжцы прызналі несапраўдным. Звяртаўся ў суд, дзе таксама атрымаў адмову ў прызначэнні пенсіі. Мае шмат узнагарод як лепшы працаўнік, неаднаразова быў удзельнікам абласнога фестывалю-ярмаркі работнікаў сельскай гаспадаркі “Дажынкі”.
Адказала Марына Іназемцава, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
— Мы залічваем толькі стаж, які аформлены дакументальна. У Аляксандра Уладзіміравіча пацверджана 13 гадоў з патрэбных 20-ці. З 2003 года да 2010–га ў Лепельскі раённы аддзел Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ідуць адлічэнні як трактарыста-машыніста, а таксама да 2003 года — пяць гадоў.
Віталь Міхайлавіч параіў вяскоўцу сабраць усе дакументы, граматы і аднесці іх у райвыканкам:
— Мы ўсё гэта разгледзім, параімся з абласной пракуратурай, напішам ліст у Міністэрства. Гэта, магчыма, адзінае выйсце, каб разабрацца ў сітуацыі.
Быў і калектыўны зварот жыхароў вёскі Селішча, якія прасілі дэпартаваць адну сям’ю з Рэспублікі Беларусь. Па іх словах, тры чалавекі робяць немагчымым пражыванне для іншых вяскоўцаў.
Як паведаміў начальнік Лепельскага РАУС Дзмітрый Барадаўка, названыя грамадзяне з’яўляюцца ўраджэнцамі Лепельскага раёна.
Віталь Міхайлавіч узяў пытанне на кантроль, а таксама прапанаваў супрацоўнікам РАУС і старшыні Стайскага сельвыканкама Анатолю Залатуху больш праводзіць прафілактычнай работы з грамадзянамі.
Лепяльчанін Эдуард Рачыцкі, 1939 года нараджэння, звярнуўся з пытаннямі пра прадастаўленне льгот “дзецям вайны”, а таксама сем’ям удзельнікаў вайны. Мужчыну хвалюе і праблема бадзяжных сабак.
Нядаўна гэтая тэма ўзнімалася на старонках нашай газеты. І самае прыкрае, што вінаватыя самі людзі, якія з лёгкасцю выкідваюць жывёліну, як непатрэбную рэч.
Напэўна, кожны з нас павінен задумацца над гэтай праблемай і мець адказнасць у першую чаргу перад самім сабой за тых, каго прыручылі.
Жанна Івашкевіч мае спецыяльнасць бухгалтара. У свой час трапіла пад скарачэнне, працавала па розных спецыяльнасцях. Так здарылася, што жанчына мае абмежаванні па медыцынскіх паказчыках у выбары працоўнай дзейнасці. 18 месяцаў стаяла на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Тры месяцы таму знялася з яго.
Жанчыне было прапанавана стаць зноў на ўлік, а таксама наведаць пастаянна дзеючую камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Лепельскага раёна, якая актыўна працуе і шукае магчымыя спосабы для працаўладкавання грамадзян. Пасля гэтага прапануюць варыянты працы альбо будзе магчымасць прайсці перанавучанне.
Людміла Быхавец і Юрый Лістападаў, жыхары вёскі Заслонава, як прадстаўнікі дадзенага населенага пункта, узнялі шэраг пытанняў. Ці ёсць магчымасць перанесці сельскі Савет з Горак у Заслонава, а таксама амбулаторыю з будынка за тры з паловай кіламетра ад вёскі ў сам населены пункт? Акрамя гэтага, іх хвалююць недахопы па завяршэнні рамонту ў дзіцячым садзе і адсутнасць агароджы каля дарогі. Таксама хацелі б пабудовы стаянкі для машын і рамонту дарогі.
Дамовіліся, што будзе арганізаваны сход, на якім старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч сустрэнецца з жыхарамі населенага пункта і разам абмяркуюць многія пытанні.
На прыём запісалася шаснаццаць грамадзян. Некаторыя праблемы немагчыма было вырашыць адразу, бо па прычыне пэўных абставін патрабуюць дэталёвага разгляду. Аднак усе яны ўзяты на асабісты кантроль.
Увогуле Віталь Міхайлавіч зрабіў выснову, што ў нашым раёне работа з людзьмі вядзецца на добрым узроўні:
— Прыемна, што ў Лепельскім раёне не чуў пытанняў па землеўпарадкаванні, якія цягнуцца яшчэ з савецкіх часоў. Гэта значыць, што яны тут вырашаюцца, своечасова даюцца тлумачэнні грамадзянам. Часам здараецца, што людзі не жадаюць ісці да мясцовай улады, а шукаюць спосабы, каб вырашыць праблемы на больш высокім узроўні. Тут жа бачым, што работнікі райвыканкама сустракаюцца з людзьмі, імкнуцца ім дапамагчы. А гэта самае галоўнае.
Аднак, на жаль, часцяком грамадзяне неабгрунтавана вераць чуткам, а не афіцыйнай інфармацыі. Таму ўсім нам — уладзе, сродкам масавай інфармацыі — трэба папрацаваць, каб законы, нарматыўна-прававыя акты, у тым ліку тыя, якія абараняюць насельніцтва, былі даведзены да людзей.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>