Будни Лепельского сельисполкома

img_1929Упершыню з Лепельскім сельсаветам пазнаёміўся ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі заходзіў туды за даведкамі. Запомнілася атмасфера ва ўстанове. Адчуванне было такое, нібыта пераляцеў у машыне часу і зазірнуў у нейкую савецкую кантору 70-80-х гадоў: людзі няспешна працуюць, але пры гэтым патрабуемая даведка пішацца хутка.
Пакуль дакумент складаўся, жанчыны спыталі, як пажываюць бацькі, бабуля, суседзі, як аказалася, яны ўсіх ведаюць, прасілі перадаваць прывітанні. У далейшым першае атрыманае ўражанне яшчэ больш умацоўвалася. Здавалася, што жыццё бяжыць навокал, паскараецца рытм, а ў сельсавеце яно ідзе няспешным парадкам.
Уражаннямі падзяліўся са старшынёй Васілём Шапкам. Той рассмяяўся і адказаў:
— Вам проста шанцавала патрапіць у сельсавет у тыя рэдкія спакойныя хвіліны. На самой жа справе праца ў нашых работнікаў бывае даволі напружанай. Каб не быць галаслоўным, пагутарыце з кіраўніком справамі Наталляй Уладзіміраўнай Броўкай.
Якраз на момант майго апошняга прыезду ў кабінеце Наталлі Уладзіміраўны была чарговая наведвальніца, маладая жанчына атрымлівала сваю даведку. Як і ў гутарцы са мной калісьці, Наталля Уладзіміраўна паспела распытаць, як пажываюць родныя, як ладзяцца справы на працы.
— Добры дзень. Можна, я буду вас называць па-ранейшаму, сакратар сельсавета?
— Можна, — з усмешкай пагадзілася жанчына, — хаця гэта і будзе не зусім правільна. Мяркуйце самі, у 1990-я гады ў штаце сельсавета працавалі сем чалавек. Акрамя старшыні і сакратара былі яшчэ спецыяліст пашпартнага стала, ваеннага ўліку, землеўпарадкавання, рахункавод-касір, бухгалтар. А зараз засталіся толькі тры: старшыня, я і наш бухгалтар Аліна. Абавязкі астатніх спецыялістаў часткова перададзены іншым службам, а шмат у чым пераразмеркаваны паміж тымі, хто застаўся.
— А як даўно вы працуеце ў сельсавеце?
— Сюды я прыйшла працаваць у 1994-м годзе. Старшынёй на той час была Ларыса Іванаўна Генералава, вопытны работнік, на пасаду яе выбіралі чатыры разы. А ў 1995-м годзе ўжо выбралі Адама Васільевіча Ташліковіча, які толькі летась пайшоў на заслужаны адпачынак. На вялікі жаль, сёлета ён памёр. Пасаду пераняў Васіль Іванавіч Шапка, зараз працуем з ім. Галоўным аргументам таго, каб памяняць месца працы, быў больш зручны графік. Да гэтага я працавала ў меліярацыі, там працоўны дзень пачынаўся з планёркі, якая, у сваю чаргу, прызначалася на палову сёмай раніцы. А ў мяне тады былі маленькія дзеці, якіх трэба было ў сад, у школу сабраць і выправіць. У мужа Ігара таксама свая работа была, ён і дагэтуль працуе электрыкам на кулінарным камбінаце. А ў сельсавеце працоўны дзень пачынаецца, як і належыць па працоўным заканадаўстве, а восьмай гадзіне раніцы, заканчваецца ў 17.00. Праўда, калі выконвала абавязкі рахункавода-касіра, часта ездзіла па вёсках, збірала грошы на падаткі. Гэта цяпер у людзей шмат асабістага транспарту, няма праблем, едучы па сваіх справах у горад, заехаць і ў сельсавет, аплаціць падаткі. А з некаторага часу падатковыя абавязацельствы можна выканаць і не выходзячы з дому, праз інтэрнэт. А гадоў 20 таму асноўным транспартам вяскоўцаў быў грамадскі, усе былі прывязаны да свайго працоўнага графіка і да графіка руху прыгарадных аўтобусаў, не заўсёды мелі час. Вось і даводзілася самім ездзіць па вёсках.
— Што самае цяжкае ў вашай цяперашняй рабоце?
— Праца з людзьмі і з законамі. Патлумачу на прыкладах. Не заўсёды нашы наведвальнікі прыходзяць сюды ў добразычлівым, канструктыўным настроі. Уявіце сабе, чалавек пахадзіў па кабінетах, яго праблему не змаглі вырашыць або яна вырашаецца не так хутка і паспяхова, як хацелася б. Увесь на нервах, ён часам можа і выказацца жорстка, нават груба. Часам бывае, што дакладна не можа сфармуляваць сваю просьбу, не можа даходліва сказаць, чаго хоча. Мне ж трэба праяўляць цярплівасць і тактоўнасць, каб наведвальнік супакоіўся, настроіўся на канструктыўны лад, на супрацоўніцтва. Па-другое, у рэспубліцы пастаянна ідзе законатворчая праца, рэгулярна выходзяць новыя нарматыўныя акты. За іх з’яўленнем трэба сачыць, каб адпавядаць патрабаванням часу і не дапускаць парушэнняў. Гэта ў савецкія гады законы прымаліся і дзейнічалі без змяненняў дзесяцігоддзямі.
Жыццёвая дарога Наталлі Уладзіміраўны неадрыўна звязана з роднай Лепельшчынай. Нарадзілася і вырасла яна ў вёсцы Жарцы ў шматдзетнай сям’і Уладзіміра Дзівіна (амаль усе насельнікі вёскі мелі гэтае прозвішча). Пасля вучобы ў сярэдняй школе №1 паступіла ў наш гідрамеліярацыйны тэхнікум, а потым — у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Пасля выпуску два гады адпрацавала па размеркаванні ў Віцебску, а затым вярнулася на малую радзіму. Выйшла замуж за мясцовага хлопца Ігара Броўку. Іх дзеці таксама звязваюць свой працоўны лёс з Лепельшчынай: сын Саша зараз працуе прарабам у ПМК-75, дачка Кацярына — у Валосавіцкай амбулаторыі, а Оля — бухгалтар у “Лепельводаканале”, праўда, яна зараз у водпуску па доглядзе дзіцяці.
Якраз у гэты момант у кабінет зайшоў старшыня сельсавета Васіль Шапка. І адразу ж пытанне:
— Наталля Уладзіміраўна, як там са зваротамі грамадзян? Ці былі? Наконт чаго?
— А калі ў нас праходзіў дзень без зваротаў? — кампетэнтна адказала жанчына. — Тэлефанавалі, пыталіся наконт вывазу смецця, я звязалася з КУВП “Бароўка”, абяцалі, што бліжэйшым часам кантэйнеры будуць вывезены. І ўжо перад Радаўніцай людзі турбуюцца наконт добраўпарадкавання могілак.
— Вы мне, калі ласка, выпішыце, хто тэлефанаваў, з якіх вёсак. Як буду ў чарговы раз аб’язджаць населеныя пункты, абавязкова заеду, пагутару.
Працягваўся чарговы працоўны дзень…
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: старшыня Васіль Шапка і сакратар Наталля Броўка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>